Набліжаюцца навагоднія святы. Каб яны не былі азмрочаны надзвычайнымі здарэннямі, нагадаем асноўныя правілы пажарнай бяспекі.
Устанаўліваем ёлку
Яе трэба абавязкова замацаваць на ўстойлівай падстаўцы, пры гэтым галінкі і верхавіна не павінны дакранацца сцен і мэблі. Стаўце далей ад ацяпляльных прыбораў, тэлевізара, батарэй. Дываны з-пад ёлкі лепш прыбраць. Нельга ўпрыгожваць ватай і іншымі лёгкаўзгаральнымі матэрыяламі, а таксама свечкамі, вешаць папяровыя цацкі і запальваць каля яе бенгальскія агні. Гірлянда павінна быць якаснай, сертыфікаванай, яе ізаляцыя – шчыльнай, гнуткай і без знешніх пашкоджанняў, лямпачкі – закрытымі. Перад тым, як вешаць яе на дрэўца, звярніце ўвагу на ўсе злучэнні. Не пакідайце ўключанай на ноч ці ў той час, калі нікога няма дома.
Што рабіць, калі на ёлцы загарэлася электрагірлянда? Адразу ж адключыце яе ад разеткі. Калі ўзгаранне невялікае, паспрабуйце справіцца з ім самастойна. Паваліце ёлку на падлогу, каб полымя не падымалася ўверх, і накрыйце шчыльнай тканінай. Калі дрэўца натуральнае, можна для тушэння выкарыстоўваць ваду. Але ні ў якім разе не ліце яе, калі ёлка штучная – у працэсе гарэння сінтэтычныя матэрыялы плавяцца і расцякаюцца, а трапленне вады прывядзе да распырсквання падпаленых кропель і такім чынам – да павелічэння плошчы гарэння. Засыпце полымя пяском, зямлёй ці нават пральным парашком.
Асцярожнымі трэба быць пры выкарыстанні петард, феерверкаў, хлапушак
Па статыстыцы штогод у перыяд зімовых святаў з-за іх атрымліваюць траўмы каля сотні беларусаў. Ёсць свежы прыклад: 9 снежня ў Бабруйску петарда ўзарвалася ў руцэ 16-гадовага школьніка, з траўмамі ён быў шпіталізаваны ў бальніцу. Нярэдка запуск навагодніх атрыбутаў прыводзіць і да пажараў. Каб пазбегнуць непрыемнасцей, выратавальнікі раяць купляць такі тавар толькі ў спецыялізаваных магазінах, дзе ёсць сертыфікат адпаведнасці правілам бяспекі. Звярніце ўвагу на тэрмін прыдатнасці вырабу. Праверце цэласнасць заводскай упакоўкі, не купляйце вырабы, якія маюць дэфекты: мятыя, вільготныя, з расколінамі і іншымі пашкоджаннямі корпуса. Захоўвайце піратэхнічныя вырабы як мага далей ад крыніц агню: паступова награваючыся, петарды могуць спрацаваць самаадвольна. Не варта трымаць іх і ў вільготных памяшканнях: калі гэтыя прылады спачатку адсырэюць, а потым падсохнуць, то ў лепшым выпадку феерверк не спрацуе, у горшым — стрэліць з затрымкай, прычым у самы нечаканы момант. Увогуле, піратэхніку лепш выкарыстоўваць на працягу некалькіх дзён пасля пакупкі. Забараняецца запускаць яе на дахах, лоджыях, тэрыторыях пажаранебяспечных аб’ектаў, каля высакавольтных ліній. Пры гэтым памятайце, што зарады падымаюцца на вышыню 10-павярховага дома і маюць разлёт да 20 метраў. Пры ветраным надвор’і ён павялічваецца і ракеты могуць трапіць на балконы, у вокны. Да адпрацаванага піратэхнічнага вырабу не набліжайцеся на працягу мінімум 5 хвілін пасля згасання.
Шчаслівага і бяспечнага ўсім Новага года і Каляд!
Гэтыя і іншыя навагоднія правілы бяспекі зараз нагадваюць ушацкія выратавальнікі ў рамках акцыі “Бяспечны Новы год!” у месцах масавага прабывання людзей, не абмінаюць увагай і дзіцячую аўдыторыю.