Торжественное мероприятие по случаю Дня спасателя и 25-летия органов и подразделений по чрезвычайным ситуациям Республики Беларусь прошло в Ушачском районном центре культуры

Общество

19 студзеня супрацоўнікі МНС адзначалі не толькі прафесійнае свята, а і 25-годдзе органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. З нагоды юбілейнай даты святочныя мерапрыемствы прайшлі па ўсёй краіне. У раённым цэнтры культуры сабраліся ўшацкія выратавальнікі, ветэраны службы, прадстаўнікі іншых арганізацый.

Летась у раёне адбылося 16 пажараў, не дапушчана гібелі людзей. Нельга не адзначыць той факт, што іх колькасць зніжаецца дзякуючы вялікай прафілактычнай рабоце на Ушаччыне. Да прыкладу, годам раней зарэгістравана 28 пажараў, на якіх загінула тры чалавекі. А ў 2011-м іх было аж 39, абарвалася жыццё 11 чалавек. А ўсяго ў мінулым годзе выратавальнікі ажыццявілі больш за 1400 выездаў. З якіх, напрыклад, 39 – на тушэнне смецця і пакінутай на пліце ежы, больш сотні выклікаў было звязана з аказаннем дапамогі насельніцтву на вадаёмах, у дарожна-транспартных здарэннях, падчас буксіроўкі аўто, больш дзевяцісот – з правядзеннем вучэнняў і заняткаў. За мінулы год на пажарах выратавана 2 чалавекі, 13 пабудоў. На супрацоўнікаў РАНС ускладзены задачы па аказанні дапамогі насельніцтву і ў некаторых бытавых сітуацыях кшталту ліквідацыі гнёздаў небяспечных насякомых.

Як ушацкія выратавальнікі змагаюцца з агнём, як праходзяць іх баявыя будні – можна было ўбачыць на спецыяльным відэарадзе. Ад кадраў з эпіцэнтра вогненнай стыхіі, дарожна-транспартных здарэнняў сціскалася сэрца. Нават вядучыя Дзіна Пенкальская і Канстанцін Тарасеня нечакана адышлі ад сцэнарыя і прыгадалі выпадак, як накіроўваючыся летам з выязным канцэртам на раён іх аўтобус трапіў у аварыю: “Вельмі хутка на месцы былі нашы выратавальнікі. Яны імгненна і лоўка дэблакіравалі вадзіцеля легкавушкі, які ўрэзаўся ў аўтобус, хоць мы і не атрымалі траўм, падыходзілі да кожнага і пыталіся, ці ўсё ў парадку, ці трэба дапамога. У чарговы раз для сябе зазначылі, якая патрэбная гэта служба і якія прафесіяналы ў ёй працуюць”.

– Для вас не існуе чужой бяды. Шчырая ўдзячнасць усім за работу, няхай менш будзе надзвычайных сітуацый і каб з іх вы заўсёды выходзілі дастойна, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Д.П.Цімафееў, уручаючы супрацоўнікам МНС узнагароды раённага ўзроўню. Яшчэ больш было абласных і рэспубліканскіх. Так, больш стала выдатнікаў – адпаведныя нагрудныя знакі Міністэрства за ўзорнае выкананне абавязкаў атрымалі дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Аляксандр Васілеўскі і старшы інструктар-выратавальнік Дзмітрый Прашкевіч. Юбілейныя медалі ўручаны начальніку пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Арцёму Жарнасеку, інспектару сектара нагляду і прафілактыкі Віталю Карэйшу, старшым інструктарам-выратавальнікам Дзмітрыю Цюкала, Віталю Баркоўскаму, а таксама ветэрану службы Уладзіміру Лісічонку. Ганаровымі граматамі абласнога ўпраўлення МНС адзначаны дыспетчар Дзмітрый Кучаронак і старшы інструктар па ваджэнні Сяргей Бугай, Падзякамі начальніка ўпраўлення – старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Сяргей Пацэйка і начальнік дзяжурнай змены Андрэй Раманоўскі. Яшчэ шэраг работнікаў атрымалі Падзякі ад начальніка аддзела Д.В.Дахіна.

Асобныя словы ўдзячнасці гучалі ў адрас ветэранаў за вопыт, перададзены моладзі. Яны і пасля канцэрта не спяшаліся разыходзіцца, успаміналі баявыя будні і дзяліліся справамі сённяшнімі.

Добры настрой віноўнікам урачыстасці падарылі работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *