Свой профессиональный праздник отметили строители

К профессиональному празднику

Мы прызвычаіліся да таго, што з кожным годам прыгажэе наш райцэнтр, вёскі ператвараюцца ў аграгарадкі, растуць шматпавярхоўкі, прымаюць сучасны выгляд старыя будынкі і дарогі. Прывучылі нас да гэтага будаўнікі, якія ў нядзелю будуць адзначаць прафесійнае свята. Аднак не сакрэт, што сённяшнія рэаліі не маглі не адбіцца на дзейнасці гэтай галіны. Як вынік – зніжэнне аб’ёмаў будаўнічых работ, якія за апошнія паўгода склалі 82 працэнты адносна адпаведнага перыяду мінулага года. Аб тым, чым жывуць сёння раённыя будаўнікі і якія шляхі шукаюць, каб павялічыць аб’ём работ, расказвае намеснік старшыні райвыканкама, начальнік аддзела па будаўніцтве, архітэктуры і ЖКГ Мікалай Іванавіч БУХАЛКА.

Работа на нашых будаўнічых пляцоўках не спыняецца. Працягваецца забудова мікрараёна па вуліцы Віцебскай у гарпасёлку. Здадзены 58- і 40-кватэрныя дамы. Пачата будаўніцтва ЖБК-13. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на ЖБК-14, у верасні плануецца пачаць яго камплектацыю. Будуецца і вясковае жыллё. Хутка з’явяцца тры новыя дамы ў Кублічах і восем – у вёсцы Ліпавец. У вёсцы Дубраўка пачынаецца ўзвядзенне трох дамоў.
Ажыццяўляюць гэтыя праекты ў асноўным работнікі ПМК-66, аднак задзейнічаны і іншыя будаўнічыя прадпрыемствы – “Ніксілбуд” (у Ліпаўцы), “Ляснеўшчына” (у Кублічах). Нельга не адзначыць дзейнасць УП “Прагрэс” – толькі яно мае рост вытворчасці (109 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам). На жаль, з прычыны адсутнасці буйных будаўнічых пляцовак (не трапілі ў праграму будаўніцтва малочнатаварная ферма ў Кублічах і свінагадоўчая ферма ў Арэхаўне) і з-за нестабільнасці фінансавання мы не можам цалкам забяспечыць фронтам работ усіх нашых будаўнікоў. Прадпрыемствы вымушаны шукаць аб’екты за межамі раёна або ў індывідуальным сектары будаўніцтва.
Дарэчы, зараз намячаецца тэндэнцыя пераарыентацыі на індывідуальнае будаўніцтва. Пажадана, каб людзі ўкладвалі ва ўзвядзенне жылля ўласныя сродкі. У нашым раёне, дарэчы, гэты працэс ідзе шпарка: каля 80 участкаў узяты пад індывідуальнае будаўніцтва, з’яўляюцца новыя жадаючыя набыць зямлю і пабудаваць дамы на Ушаччыне. А гэта дае магчымасць атрымаць работу мясцовым будаўнікам. Зараз, напрыклад, некаторыя майстры з “Ніксілбуда” працуюць на індывідуальных аб’ектах і не маюць нараканняў па аплаце і ўмовах працы.
Віншую ўсіх, хто прысвяціў сваё жыццё няпростай, але вельмі патрэбнай людзям прафесіі будаўніка. Новых вам працоўных здзяйсненняў!

****

Заўсёды запатрабаваны

Хоць у раёне ажыццяўляюць сваю дзейнасць многія будаўнічыя арганізацыі, аднак па-ранейшаму менавіта ПМК-66 выконвае асноўны аб’ём работ. На сёння гэта яшчэ і адзін з самых вялікіх калектываў – тут працуе 180 чалавек. 
За апошнія гады нашы будаўнікі прывыклі працаваць у напружаным рэжыме, амаль за год “вырасталі” жыллёва-будаўнічыя кааператывы, за кароткі тэрмін быў узведзены малочнатаварны комплекс у Завячэллі, новыя домікі ўпрыгожвалі нашы вёскі. Таму цяперашнія маштабы нязвыклыя для ўшацкіх будаўнікоў. На сённяшні дзень разгорнута будаўніцтва на двух асноўных аб’ектах: 40-кватэрнага дома на Віцебскай і памяшкання суда. На Віцебскай пакуль шчыруе толькі брыгада муляраў на чале з Ігарам Кляпцом. Частка работнікаў брыгады Сяргея Курбакі занята ў месцы будучага суда. Гэтыя работнікі справяцца з любой задачай і заўсёды вылучаюцца прафесіяналізмам. Кожны год у калектыў прыходзіць моладзь, менавіта малады спецыяліст – прараб Дзмітрый Радыгін — займаецца будаўніцтвам суда. Хоць і невялікі практычны вопыт, але адразу зарэкамендаваў сябе з лепшага боку і вылучыўся стараннасцю да справы.
У часы складанай эканамічнай сітуацыі будаўнікі не сядзяць без справы і знаходзяць работу за межамі нашага раёна. Так, брыгада тынкоўшчыкаў зараз працуе на будаўніцтве шматкватэрнага дома ў Расонах, брыгада маляроў — на будаўніцтве дамоў у вёсцы Лядна Лепельскага раёна. Свой уклад ушацкія майстры ўносяць і на будаўніцтве малочнатаварных ферм у Полацкім, Міёрскім, Лепельскім раёнах.  
Па традыцыі да прафесійнага свята на прадпрыемстве адзначаюць лепшых работнікаў. Сёлетні год не стаў выключэннем, узнагароджаных нават больш, чым летась. Ганаровым знакам “За заслугі” ўзнагароджаны прараб Васіль Яфімавіч Мацюшэнка, званне “Ветэран працы КУП “Полацксельбуд” прысвоена работнікам, якія адпрацавалі ў арганізацыі больш 20 гадоў, – вадзіцелю аўтамабіля Мікалаю Пятровічу Міхалю і рамшчыку Андрэю Фёдаравічу Шчукіну. Ганаровай граматай “Полацксельбуда” ўзнагароджаны цесляры Дзяніс Сяргеевіч Шэўчанка і Васіль Пятровіч Полазаў, тынкоўшчык Ганна Пятроўна Красоўская. Падзякі “Полацксельбуда” аб’яўлены муляру Віктару Міхайлавічу Коршуну, вядучаму эканамісту Святлане Адамаўне Кастагрызавай, цесляру Васілю Пятровічу Пугачу, маляру Ліліі Міхайлаўне Мураўскай, вадзіцелю пагрузчыка Аляксандру Яўгенавічу Глінскаму. Ганаровай граматай Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за шматгадовую і добрасумленную працу ўзнагароджаны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Лукіч Фамёнак, маляр Ніна Дзмітрыеўна Емельянава. Граматы Ушацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі намеснік начальніка планава-вытворчага аддзела Вольга Антонаўна Парашкіна і муляр Ігар Леанідавіч Кляпец. Акрамя гэтага ўсе працаўнікі атрымалі да свята грашовыя прэміі, памер якіх залежыў ад стажу работы.
Напярэдадні шматколькасны калектыў ПМК-66 сабраўся на ўрачыстае мерапрыемства, дзе і былі падведзены вынікі работы, уручаны ўзнагароды. У гонар будаўнікоў адбыўся святочны канцэрт.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *