Работа зубного фельдшера Ушачской СШ Натальи Сискович — нужная и непростая

Здравоохранение

Памятаю: калі вучылася ў школе, да нас прыйшла працаваць Н.Ю.Сісковіч. Пазнаёміцца з ёй хацелі многія: кагосьці “падкупіла” прыветная ўсмешка дзяўчыны, нехта мусіў абмеркаваць з маладым спецыялістам азы медыцынскай прафесіі. Як вынік – у крэсле зубнога фельчара за даволі кароткі прамежак часу пабывалі нават самыя баязлівыя. Зрэшты, з ліку такіх пасля знаёмства з Наталляй Юр’еўнай іх можна было выкрэсліць.

Прайшло ўжо 20 гадоў, а ў кабінеце нашай гераіні, што на першым паверсе Ушацкай СШ, мала што змянілася. Так, у 2017-м была ўстаноўлена новая лячэбная машына – не такая шумная, з камфортным крэслам, на сцяне з’явіўся гадзіннік – сімвалічна ў выглядзе карэннага зуба, усё ж астатняе – ідэальны парадак, асаблівая прыветнасць Наталлі Юр’еўны – часу аказаліся непадуладнымі.

Пра медыцыну марыла з дзяцінства: натхніў прыклад маці Тамары Дзмітрыеўны Барадзёнак, якая была медсястрой у райбальніцы і дзіцячым садку, – расказвае Н.Сісковіч. – Выбраць жа менавіта стаматалогію дапамог… уласны страх. Каб пабароць яго, калі сама хадзіла лячыць зубы, уяўляла сябе на месцы доктара. Вось з часам і захацела рэальна паспрабаваць сябе ў гэтай ролі.

Спецыяльнасць зубнога фельчара Наталля Юр’еўна набыла ў Аршанскім медвучылішчы (цяпер каледжы). Практыку ж праходзіла ва Ушачах пад старшынствам будучых калег і, у прыватнасці, вопытнага ўрача-стаматолага Аляксандра Міхайлавіча Званкова. Ад яго, як прызнаецца, навучылася галоўнаму – уменню заваяваць давер пацыентаў.

Нават зубы рваць напрактыкавалася, хаця ў школе гэтага не патрабуецца, – усміхаецца Н.Сісковіч. – Такая ў мяне натура: хочацца ўсё ведаць, усё ўмець. Дарэчы, дапамагае ў гэтым рэгулярнае праходжанне курсаў павышэння кваліфікацыі – не без іх у 2020-м атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Да сваіх юных пацыентаў наша суразмоўца ўмее знайсці падыход. Для гэтага ў яе арсенале нямала цікавых “прымочак”: на імправізаванай сківіцы, напрыклад, вучыць школьнікаў правільна чысціць зубы, з дапамогай спецыяльнага пясочнага гадзінніка – адлічваць патрэбныя для гэтага тры хвіліны. Цесна кантактуе і з бацькамі: раіць дэманстраваць нашчадкам годны прыклад догляду за ротам, прапануе разам выбіраць шчоткі, пасты. А яшчэ Наталля Юр’еўна ўпэўнена: чым раней малы трапіць на прафагляд, тым менш будзе баяцца: доктар не проста праверыць зубкі, але і раскажа пра сваю работу, пакажа інструменты. Пры рэальнай жа патрэбе лячэння спецыяліст не рэкамендуе гаварыць дзецям, маўляў, “мы толькі паглядзім” – сама папярэджвае: калі будзе бальней, то трэба крыху пацярпець. І рэдка калі ад яе выходзяць са слязамі на вачах.

Увогуле свабодных ад прыёму будняў за два дзесяцігоддзі ў мяне практычна не было, а вось насычаных, нават з чаргой – хоць адбаўляй, – прызнаецца наша гераіня. – Як мінімум раз за год да мяне на “прафілактыку” абавязкова прыходзяць усе школьнікі. Невялікі карыес – адразу выпраўляем, няправільны прыкус – раю артадонта, патрабуюцца выдаленне ці здымак – накіроўваю ў райбальніцу. У канікулярны час нярэдка звяртаюцца настаўнікі, улетку даю адпачынак сваім калегам у паліклініцы.

Справа Н.Сісковіч – патрэбная і няпростая. Сапраўдным жа бальзамам на душу называе яна выпадкі, калі бачыць пацыентаў са здаровымі ці своечасова вылечанымі зубамі. А для гэтага, удакладняе спецыяліст, трэба рэгулярна іх правяраць: раз за год, а пры наяўнасці шматлікіх пломбаў, каронак – яшчэ часцей.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *