Калі самыя блізкія людзі становяцца жорсткімі і абыякавымі, а паскардзіцца страшна, сорамна ці няма каму, калі дарослыя прагнуць жыць па прынцыпе “свята кожны дзень” – гэта “свята” абарочваецца для дзяцей пакутлівымі сумнымі буднямі. Каб абараніць тых, хто трапіў у падобнае становішча, у 2006 годзе быў прыняты Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.
Аб тым, як ідзе яго рэалізацыя ў нашым раёне, ішла гаворка на чарговым пасяджэнні Ушацкага раённага выканаўчага камітэта. Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх В.І.Карчэўская грунтоўна прааналізавала сітуацыю.
На 1 ліпеня бягучага года ў раёне знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы 112 дзяцей з 68 сем’яў. Вядзецца пастаянны кантроль за умовамі іх жыцця. З гэтай мэтай створаны рабочыя групы, у склад якіх уваходзяць супрацоўнікі розных устаноў. Яны згодна графіка наведваюць сем’і, сочаць за санітарным станам жылля, за наяўнасцю прадуктаў харчавання і адзення. У бягучым годзе праведзена 26 рэйдаў, па іх выніках выяўлена 43 дзіця, якія знаходзяцца ў небяспечным становішчы, а 29 зняты з уліку ў сувязі з паляпшэннем умоў жыцця. Зацікаўленыя службы не толькі кантралююць, але і аказваюць рэальную дапамогу “праблемным” сем’ям. У гэтым годзе, напрыклад, 13 сем’яў, што стаяць на ўліку, атрымалі адрасную сацыяльную дапамогу на суму больш за 12 мільёнаў рублёў, аказвалася і іншая фінансавая падтрымка.
На жаль, бываюць выпадкі, калі ўсе прынятыя меры не даюць вынікаў – тады прымаецца рашэнне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Такія дзеці (а з моманту прыняцця Дэкрэта гэты статус атрымала 101 дзіця) часова змяшчаюцца ў сацыяльны прытулак, а іх бацькі трапляюць у разрад так званых абавязаных асоб.
Асноўная прычына, з-за якой дзеці аказваюцца ў прытулку – п’янства дарослых. І калі для некаторых бацькоў пазбаўленне магчымасці жыць побач з дзецьмі становіцца сур’ёзнай маральнай траўмай і стымулам для перавыхоўвання, то ёсць і такія, хто нават рады, што скінулі са сваіх плячэй гэткую “абузу”. Так, напрыклад, грамадзянка Р., дзеці якой (2-х і 3-х год) былі змешчаны ў сацыяльны прытулак, ніводнага разу за паўгода іх не наведала, бо, як сама кажа, баіцца, што дзяцей могуць ёй аддаць. Вярнуўшыся з месцаў пазбаўлення волі, не жадае мяняць лад свайго жыцця грамадзянка Ц., трое дзяцей якой выхоўваюцца ў прыёмнай сям’і. Не спяшаюцца зноў прыступіць да сваіх бацькоўскіх абавязкаў муж і жонка Б. Іх сын быў часова змешчаны ў прытулак з-за таго, што хата, у якой яны жывуць, патрабуе рамонту. Прайшло пяць месяцаў, аднак жыллё па-ранейшаму не адпавядае ніякім нормам.
Але ёсць і станоўчыя прыклады. За мінулы год і першую палову бягучага 21 дзіця вярнулася ў свае сем’і. 11 жніўня прынята рашэнне аб звароце дачкі ў сям’ю Т.Курдзюковай (в.Двор Пліна).
Адной з асноўных умоў выканання Дэкрэту з’яўляецца працаўладкаванне абавязаных асоб. Зараз у раёне такіх 86, з іх 68 працаўладкаваны, астатнія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, вышуку або месцах пазбаўлення волі. Створаны ўсе ўмовы для таго, каб гора-бацькі маглі вярнуць доўг дзяржаве. Арганізавана работа транспарту для дастаўкі іх на працоўныя месцы, наладжана бясплатнае пазачарговае праходжанне медыцынскай камісіі, не бывае выпадкаў адмовы наймальнікаў ад працаўладкавання абавязаных асоб. Аднак прагулы здараюцца вельмі часта, і лідзіруюць у гэтым непрывабным спісе І. і Л.Маркевічы, А.Лунёнак, В.Лявонцьеў, Л.Цар, якія за бягучы месяц ніводнага разу не былі заўважаны на працоўных месцах. Не дзіўна, што працэнт пакрыцця абавязанымі асобамі сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей, застаецца невысокім – 39,9. Акрамя таго, здараецца, што сродкі ў дзяржаўны фонд пералічваюцца прадпрыемствамі, дзе працуюць бацькі, несвоечасова (такія факты мелі месца ў КУСГП “Вялікадолецкае”, “Дубраўка”, ААТ “Ільюшынскі” на агароднінасушыльным і льнозаводзе, Ушацкім ПМС).
Украдзенае дзяцінства, скалечаныя лёсы, парушаная псіхіка – супраць гэтага мы змагаемся, выконваючы Дэкрэт № 18. Пэўныя пазітыўныя зрухі ёсць, аднак, каб яны былі больш адчувальнымі, неабходна аб’яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых службаў.
Н.БАГДАНОВІЧ.