Узнали у медиков райбольницы, как обстоят дела с заболеваемостью гриппом и ОРВИ на Ушаччине

Здравоохранение

Штогод на грып, ВРІ хварэе кожны трэці беларус. Прычым, амаль у 90 працэнтах выпадкаў адбываецца гэта ў зімні перыяд. З нагоды нядаўняга Адзінага дня здароўя, прысвечанага прафілактыцы вострых рэспіраторных інфекцый, мы пацікавіліся ва ўшацкіх медыкаў, як ідуць справы з захваральнасцю ў нашым раёне.

– Абстаноўка пакуль адносна спакойная, – кажа намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Н.В.Дрозд. – З сімптомамі ВРІ да нас штодзень прыходзіць каля 10 чалавек, пасля выхадных – традыцыйна больш. У адзінкавых выпадках “клініка” падказвае на наяўнасць у арганізме пацыентаў грыпу, аднак стацыянарная дапамога практычна нікому не патрабуецца.
Тым не менш, падкрэслівае Наталія Васільеўна, расслабляцца не варта: усплёск захваральнасці чакаецца ўжо ў канцы студзеня – лютым. Самы ж надзейны спосаб засцерагчы сябе – вакцынацыю – большасць ушачан праігнаравала: ад грыпу прышчапілася толькі 16,1 працэнта насельніцтва раёна.

Яшчэ ёсць час выправіць гэтую памылку, а таксама прадпрыняць іншыя прафілактычныя мерапрыемствы. Спецыялісты Ушацкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі раяць фізічную актыўнасць не менш 30 хвілін за дзень, рацыянальнае харчаванне з дастатковай колькасцю свежай садавіны і агародніны, прыём вітамінаў. Пазбягайце блізкага кантакту з людзьмі, якія здаюцца нездаровымі, менш бывайце ў шматлюдных месцах, старайцеся не датыкацца рукамі да роту і носу, праветрывайце памяшканні, захоўвайце гігіену рук, пазбягайце працяглых стрэсаў, ператамленняў, пераахалоджанняў.

Калі ўсё гэта не дапамагло, як мага раней пачынайце лячэнне. Пры любым ВРІ рэкамендуецца частае піццё: яно прадухіляе высыханне слізістай носу і горла, спрыяе разрэджванню макроты, потаадвядзенню, зніжэнню ўзроўню таксінаў у арганізме. Аднак звярніце ўвагу, што напоі з кафеінам (кава, моцны чай, кола) выклікаюць адваротны эфект. Адмоўцеся ад алкаголю, цыгарэт: яны неспрыяльна ўздзейнічаюць на органы дыхання, пагаршаюць цячэнне хваробы. Памятайце: пры ВРІ ўжыванне антыбіётыкаў часцей за ўсё не абгрунтавана, толькі ўрач можа западозрыць наяўнасць бактэрыяльнага ўскладнення і прызначыць супрацьмікробны прэпарат.

Пры з’яўленні сімптомаў рэспіраторнай інфекцыі (найбольш частыя – насмарк, чханне, закладзенасць носу, кашаль, павышэнне тэмпературы цела, хваравітасць горла) не адкладвайце візіт у бальніцу. Ва Ушачах прыём такіх пацыентаў ажыццяўляецца не толькі ўрачамі агульнай практыкі, але і спецыялістам інфекцыйнага кабінета, які цяпер працуе ў першай палове дня.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *