Добры падарунак да Новага года атрымалі работнікі, пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, што ў Вяркудах. За бюджэтныя сродкі, а гэта 70 тысяч рублёў, у лістападзе-снежні 2023-га тут праведзена чаканая мадэрнізацыя: заменены вокны – цяпер гэта шклопакеты, устаноўлены новыя камплекты дзвярэй і агароджа.
“Зараз па ўсім перыметры сацустановы – сучасная еўрасетка, – не хавае станоўчых эмоцый дырэктар ТЦСАН Марыя Пятроўна Антуновіч. – Па-першае, гэта трывалы да капрызаў надвор’я матэрыял – праз год-другі не разваліцца, не згніе. Радуе і яго “празрыстасць”: пры даволі вялікай вышыні адчування закрытасці не стварае. З уваходнага ж боку для большай утульнасці плануем у перспектыве прадугледзець яшчэ і жывую агароджу”.
Паглядзець, як жывуць пастаяльцы, што іх турбуе, на мінулым тыдні прыехаў старшыня Ушацкага райвыканкама С.С.Садоўскі. У прасторнай зале сацустановы ў гэты дзень, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці – у сяброўскай атмасферы прысутныя расказвалі Сяргею Сяргеевічу пра свой быт, захапленні. “Персанал тут проста выдатны! А ў нас заўсёды сытна, цёпла, працуюць розныя гурткі,” – адзначыла тутэйшая актывістка Іна Лявонцьеўна Кандратовіч.
Пацвердзіла гэтыя словы і невялікая экскурсія. Кіраўнік раёна прайшоўся па кабінетах і пакоях, ацаніў якасць нядаўніх рамонтных работ, звярнуў увагу кіраўніцтва ТЦСАН на неабходнасць правядзення яшчэ і “касметыкі”.
Карыстаючыся выпадкам, члены калектыву паскардзіліся на якасць гандлёвага абслугоўвання ў Вяркудах. Спачатку закрыўся магазін Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, з дня на дзень не стане аднаго камерцыйнага – не тое, што шыфер ці цэмент купіць недзе, бывае, і малака, якое завозяць раз на тыдзень, не хапае. Сяргей Сяргеевіч паабяцаў разабрацца ў пытанні, адшукаць шляхі вырашэння.
Ад спраў надзённых перайшлі да святочных. У рамках акцыі “Ад усёй душы” кіраўнік раёна павіншаваў работнікаў, пастаяльцаў аддзялення з прайшоўшымі Новым годам, Калядамі. З салодкімі і вітамінізаванымі падарункамі завітаў на сустрэчу настаяцель прыхода храма вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы протаіерэй Вячаслаў Лобец. “Срэбраныя” ж валанцёры – вакальная група “Веркужаначка” – падрыхтавалі для пажылых грамадзян вясёлыя песні і смачны яблычны каравай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Святочны тыдзень для наведвальнікаў нядзельнай школы прыхода храма Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры выдаўся вельмі насычаным. І раней яны выступалі са спецыяльна падрыхтаваным прадстаўленнем аб нараджэнні Хрыста, а сёлета перавыканалі нават уласную праграму максімум. Кожны дзень яны ўваходзілі ў вобраз і з’яўляліся “на сцэне” перад выхаванцамі трох дзіцячых садоў гарпасёлка, наведвальнікамі аддзялення для інвалідаў ТЦСАН, пацыентамі Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду. З 7 па 13 студзеня далі 7 канцэртаў – самы вялікі адбыўся ў школе мастацтваў з удзелам і яе вучняў, а заключны – на Стары Новы год – перад прыхаджанамі храма.
І як самі дзеці дзяліліся радасцю светлага свята з землякамі, так і да іх вярталіся ўвага і цеплыня бліжніх. Благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак уручыў падарункі ўсім удзельнікам канцэрта “Собираемся семьёй под Рождественской звездой”, а наведвальнікі нядзельнай школы атрымалі нават не па адным. Асабіста ад сябе перадаў як індывідуальныя салодкія падарункі, так і вялікія наборы цукерак галоўны ўрач Ушацкай бальніцы Юрый Валянцінавіч Пацёмкін. Пастаянна рыхтуе спецыяльна для юных наведвальнікаў храма падарункі намеснік старшыні райвыканкама Анжаліка Анатольеўна Міранкова – сёлета акрамя салодкіх пачастункаў гэта яшчэ і два спальныя мяшкі – такія патрэбныя для маладзёжнай суполкі благачыння, якая ўдзельнічае ў паломніцкіх падарожжах і палатачных лагерах. Для самых актыўных наведвальнікаў прыхода перадаў асаблівыя прэзенты Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. І ажно 15 чалавек былі запрошаны на Калядны баль, які адбыўся ў нядзелю ў Глыбокім (на здымку). У іх ліку і неаднаразовы ўдзельнік маладзёжнага форуму Акім Дзямешка, і навічкі: пяцікласніцы Аліса Пінчук, Дар’я Клачок, Любава Ціханенка і нават чатыры школьніцы з Ільюшына. Праваслаўная суполка папаўняецца ў тым ліку і пасля агульных цікавых падарожжаў, як летась у Докшыцы на маладзёжны праваслаўны фестываль.
Узнёслыя ўражанні засталіся і ад свята ў Глыбокім, дзе акрамя малітвы, канцэрта і непасрэдна балю на аграсядзібе падчас трапезы для іх нават уключылі фантан. У гэтым і сутнасць Раства – дзяліцца з іншымі цеплынёй сваіх сэрцаў, каб навокал стала святлей.
Вольга КАРАЛЕНКА.