Точка на карте. Рассказываем про деревню Лозы

Общество

Кожны населены пункт – унікальны па-свойму. Аднак чым бы ён ні вылучаўся – добраўпарадкаваннем, асаблівасцямі размяшчэння ці неардынарнымі лёсамі людзей – усё роўна адлюстроўвае развіццё Ушаччыны. Вёска Лозы Вяркудскага сельсавета сумяшчае адразу ўсе прыгаданыя адметнасці. На слыху яна і як “паўвостраўная дзяржава”, з якой пачыналася правядзенне раённага Свята возера, як мясціны з асаблівым каларытам, асаблівым настроем.

Вёска-партызанка

Хоць вёска вядома яшчэ з дзевятнаццатага стагоддзя, пашырылася яна ў трыццатыя гады мінулага веку. Тады, у перыяд калектывізацыі, каб правесці радыё, а пазней электрычнасць, усе бліжэйшыя хутары канцэнтравалі ў адным месцы. Падчас Вялікай Айчыннай тутэйшыя жыхары актыўна дапамагалі партызанам: пяклі хлеб, вязалі шкарпэткі, шылі рукавіцы ды шапкі, а ў адным з дамоў размясціўся штаб партызанскай брыгады імя ВЛКСМ. Перамогу набліжалі хто як мог. Многім, на жаль, гэта каштавала жыцця, пра што сведчыць помнік на ўездзе ў вёску – на ім увекавечаны прозвішчы дзясяткаў загінуўшых.

Пасля вайны Лозы адбудавалі, вёска ўваходзіла ў састаў калгаса “Савецкая Беларусь”, узначаліў які ўдзельнік Вялікай Айчыннай, карэнны жыхар Павел Кандрацьевіч Мамяка. Па словах старажылаў, быў ён кіраўніком ад Бога – усе палеткі апрацоўваліся, давалі вялікі ўраджай. З’явіўся ў вёсцы і свой клуб, на танцы ў які збіралася моладзь з усёй акругі, з канцэртамі, спектаклямі прыязджалі артысты з райцэнтра і не толькі.

Мясцовая ў трэцім пакаленні

то засталося, – уздыхае старэйшына Лозаў Н.І.Бандарэнка. – У бліжэйшым аграгарадку не стала школы, комплексна-прыёмнага пункта, у якім я працавала – адказвала за пранне, пашыў і рамонт адзення. Вяскоўцы 50-60-х гадоў нараджэння раз’ехаліся па Беларусі, замежжы. Зараз не на замку ў нас толькі чатыры хаты, зусім іншая справа – летам: жадаючых адпачыць у Лозах, у “абдымках” возера Вяркудскае заўсёды шмат”.

У Наталлі Іванаўны – асаблівая любоў да населенага пункта: тут жылі яе дзед, маці з татам, у бацькоўскі дом з сям’ёй пераехала і яна. Тут, як прызнаецца, радавала ўсё: азёрны бераг, глінішча, сасоннік, дзе праходзілі вясёлыя маёўкі, іншыя святы. З мужам, механізатарам “Савецкай Беларусі” выхавалі двух сыноў, заўсёды трымалі вялікую падсобную гаспадарку. “Толькі тры гады таму, паколькі без гаспадара цяжкавата, збыла кароўку, – расказвае Н.І.Бандарэнка. – Але козачка, куры яшчэ ёсць, з апрацоўкай агароду дапамагае сын Аляксандр – за занятасцю жыць цікавей!”. Дарэчы, дбае жанчына і пра лёс вяскоўцаў: на працягу апошніх 15 гадоў выконвае функцыі старэйшыны ў Лозах і Горах-1.

У брыгадзе і на гандлёвай пасадзе

Ужо сталага ўзросту, але вёсачку сваю не пакідае Н.К.Каваленка. За 80 гадоў, што тут жыве, душой прырасла да гэтых мясцін. З мужам Анатолем збудавалі дом, які ва ўсе часы быў адным з самых прыгожых, дагледжаных, выхавалі траіх дзяцей. Заўсёды была вялікая падсобная гаспадарка: кароўка, бык, парсючкі ды авечкі. Паспявала спраўляцца Ніна Кандрацьеўна і па асноўным месцы працы: спачатку ў брыгадзе на мясцовай ферме, пасля – на працягу ажно 23 гадоў – прадаўцом у вяркудскім
магазіне.

Гледзячы на гэтую абаяльную, рухавую жанчыну, цяжка паверыць лічбе 84, якая значыцца ў яе пашпарце. Дагэтуль садзіць агарод з цяпліцай, па вечарах і ўзімку шмат чытае. “За “Патрыётам” да паштовай скрыні ў любую сцюжу мяне выправіць – так хоча раённыя навіны даведацца”, – усміхаецца дачка Ніны Кандрацьеўны Эмілія. Зараз яна таксама жыве тут, ва ўсім дапамагае маці. Улетку ж у доме Н.К.Каваленкі надзвычай ажыўлена: у госці прыязджаюць дзеці, 6 унукаў і 8 праўнукаў.

І гармонік для душы, і акунь для юшкі

Не сядзіць без справы, хоць і жыве адна, Яўгенія Іванаўна Кірпічонак. Па словах старэйшыны, працавітасці гэтай жанчыны можна толькі пазайздросціць: заўсёды чысціня і парадак – дома, багаты ўраджай – на агародзе. Калі ж патрэбны мужчынскія рукі – штосьці абкасіць ці дровы пасекчы – на выручку прыходзіць сусед В.А.Ліленка.
Васіль Аляксандравіч – ганаровы донар Рэспублікі Беларусь, доўгі час жыў і працаваў у Полацку. Пасля ж выхаду на заслужаны адпачынак вырашыў вярнуцца ў бацькоўскі дом, дзе зараз наладжвае быт са старэйшай сястрой Аленай Аляксандраўнай. Гэтага мужчыну ўсе называюць “душой” вёскі: выдатна грае на гармоніку, весяліць байкамі пра свае ўловы ды знаходкі.

“За грыбамі далёка не хаджу – ля самага дома баравікі ды падасінавікі збіраю,” – мы гэтак жа слухалі В.А.Ліленку развесіўшы вушы. Праўда тое ці не, не вядома, у любым выпадку справу ён робіць добрую: высушаныя дары часта раздае землякам. У паспяховасці ж яго рыбалоўства – сумненняў ніякіх: на момант нашай сустрэчы на Вяркудскім ужо паспеў выцягнуць з лункі знатнага акунька. “Ні дня – без любімага занятку! – агучыў сваё жыццёвае крэда мужчына. – У любое надвор’е з 8-мі раніцы і да вечара праводжу на возеры. А якую юшку вару, калі затрымаецеся – пачастую!”.

Як у Лозах ды не плесці?..

“Зіма – на экватары, а вёска ўжо чакае лета, каб напоўніцца галасамі людзей, дзіцячым смехам, – кажа наша праважатая Н.І.Бандарэнка. – У кожны з гэтых дамоў абавязкова нехта прыедзе – з Ушач, Мінска, Віцебска, Полацка… Усе нашы дачнікі, што радуе, годна глядзяць сядзібы: садзяць дрэвы і кветкі, вырошчваюць агародніну”.

Спыняемся ля самага неардынарнага дома: на сценах, агароджы – малюнкі тутэйшых краявідаў, вялізнай рыбіны – як сімвалу прыродных багаццяў. Наталля Іванаўна тлумачыць: гаспадар гэтай маёмасці – адзін з заснавальнікаў, арганізатараў выстаў сучаснага беларускага мастацтва ў Беларусі і Германіі, мастак берлінскага маладзёжнага цэнтра Ігар Іванавіч Ермакоў. Многія работы ўраджэнца Случчыны знаходзяцца ў прыватных калекцыях розных краін свету.

Творчы запал гаспадароў адчуваецца і ля сядзібы сям’і Рубанікаў. Самаробны домік на пні ля дарогі, па-майстэрску сплеценая агароджа веранды – справа рук Генадзя Васільевіча. Улетку ж наводзіць кветкавы лоск вакол бацькоўскага дома яго другая палавіна Дзіна Віктараўна.

Прыгожую альтанку па суседстве збудаваў мінулым летам сын Таццяны Сцяпанаўны Парашкінай, якая вырасла ў Лозах, дзе жылі яе маці, бабуля Настасся. Цяпер прыязджае Андрэй са сваёй сям’ёй. Дарэчы, чакаюць яго тут многія дзеці: для іх хлопец становіцца і галоўным суддзёй, і кампаньёнам спартыўных гульняў. Футбольную ж пляцоўку для гэтых мэт уладкавалі перад домам Леаніда Васільевіча Новікава – гаспадар залатога ўзросту любіць паназіраць, як весела бавіць час тутэйшая моладзь.

Прыедуць летам унукі Наталлі Іванаўны, Раісы Адамаўны Пугач і іншых. На жаль, у кастрычніку вяскоўцы развіталіся з мужам апошняй Віталем Барысавічам – як успамінаюць, добрым быў чалавекам, за дапамогай да яго з гаспадарчымі пытаннямі звярталіся многія – нікому не адмаўляў, да таго ж быў адзіным, хто па-майстэрску біў у Лозах косы.

“Як заўсёды, дружна возьмемся за ўборку на пляжы, любімым месцы адпачынку ўсіх! – не хавае планаў старэйшына Лозаў. – Выкасіць бераг дапаможа дачнік з Наваполацка Аляксандр Цурын, дэкаратыўны млын пасля праведзенай “рэканструкцыі” ўстановіць Генадзь Рубанік, мы ж пашчыруем з граблямі, абновім кветнікі”. У сяброўскай атмасферы наводзіць парадак сапраўды прасцей, цікавей. Так і жывуць у Лозах – без аглядкі на ўзрост і розныя лёсы – мясцовыя, дачнікі. Усе яны ўпэўнены: іх прыгожая, дарагая сэрцу вёсачка ніколі не знікне з карты Ушацкага раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *