За першыя два тыдні новага года ў краіне склалася напружаная абстаноўка з пажарамі.
Лічбы палохаюць: за 14 дзён адбылося 358 ўзгаранняў, на якіх загінула 60 чалавек. За аналагічны перыяд мінулага года іх было менш на сотню, а ў агні абарвалася жыццё 32-х беларусаў. На Віцебшчыне колькасць пажараў павялічылася на 40%.
У сувязі з гэтым прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні гібелі людзей прайшлі ў выхадныя ў кожным рэгіёне краіны. Задача – у чарговы раз нагадаць пра важнасць захавання простых мер пажарнай бяспекі. Работнікі МНС наведвалі грамадзян па месцы жыхарства, правяралі стан пячнога ацяплення, спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. У першую чаргу ўдзялялі ўвагу адзінокім і адзінока пражываючым пажылым грамадзянам, інвалідам, ветэранам і шматдзетным сем’ям. На асаблівым кантролі асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі.
За суботу і нядзелю ва Ушацкім раёне абследавана 196 домаўладанняў, правілам бяспекі праінструктавана 430 чалавек.
– Ва Ушацкім раёне, на шчасце, два тыдні прайшлі адносна спакойна, зарэгістраваны толькі адзін пажар, не дапушчана гібелі, але гэта не нагода для супакаення. Працуем ва ўзмоцненым рэжыме і выхадныя адпрацавалі як індывідуальна, так і ў складзе аглядавых камісій сумесна з астатнімі суб’ектамі прафілактыкі, – адзначыў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Дахін.
Памяняйце батарэйку ў апавяшчальніку, не пакідайце зарадку ад тэлефона ў разетцы больш чым на 2 гадзіны, не перагружайце электрасетку, не перакальвайце печ – гэтыя і іншыя простыя дзеянні могуць выратаваць вам жыццё.
Вольга КАМАРКОВА.