С бульвара Сен-Мишель — на берег Городенца. Рассказываем о семье, которая переехала из Москвы на Ушаччину

Общество

“У вёску, у глуш, у Саратаў!..” – менавіта такой “ссылкай” герой камедыі “Гора ад розуму” пагражаў сваёй непаслухмянай дачцэ. Як бачна, і 200 год таму перасяленне з Масквы ў правінцыю было справай экстрэмальнай. І калі нават буйны волжскі горад меў статус глухамані, дык як тады назваць маленькае Івахнава, што схавалася паміж бясконцых ушацкіх азёр?.. І патлумачыць рашэнне маскоўскай сям’і Гой, якая дабравольна змяніла гучны рытм шматмільённага мегаполіса на аглушальную цішыню аддаленай беларускай вёсачкі…

“Проста мы не мыслім стэрэатыпамі, а пры прыняцці рашэнняў прыслухоўваемся да ўласнага сэрца і, канечне, адзін да аднаго”, – агучвае сямейнае крэда мілавідная гаспадыня камфортнага дома на ўскрайку Івахнава. Дабраліся мы сюды па прыцярушанай сняжком гравійцы, і хоць паварот на вёску ўказальнікам не пазначаны, дакладны маршрут да сядзібы падказалі сляды шын – Сяргей у гэты дзень адбыў па справах у суседні раён, а Антаніна ўжо паспела адвезці дзяцей на вучобу ва Ушачы, пазаймацца на спарткомплексе і вярнуцца дамоў. Да таго, як трэба будзе зноў ехаць у райцэнтр, ёсць колькі часу, і мы няспешна гутарым ва ўтульнай гасцёўні за кубачкам травяной гарбаты з круасанамі.

Гэту выпечку французскага паходжання ў сям’і любяць невыпадкова: знаёмства карэннай масквічкі і ўраджэнца полацкіх Варонічаў адбылося 21 год таму… у Парыжы! “Мы адначасова зазірнулі ў інтэрнэт-кафэ на бульвары Сэн-Мішэль, што паблізу ад знакамітага фантана, дзе традыцыйна прызначаюць спатканні закаханыя. Больш рамантычнага месца для першай сустрэчы, бадай, і не прыдумаеш!” – усміхаецца мая субяседніца. У той час яна займалася на лінгвістычным факультэце і вырашыла працягнуць навучанне ў Парыжы, каб удасканаліць веды па французскай мове. Ну а яе будучы муж прыехаў у Еўропу па працоўных справах: ужо з маладосці ў хлопца выявіўся прадпрымальніцкі талент, які ён спрабаваў развіваць у энергетыцы і іншых сферах.

“Што мне падабаецца ў Беларусі, дык гэта пачуццё бяспекі. Памятаю, як у маладосці не любіла адна начаваць на нашай дачы ў Падмаскоўі, – нават у ажыўленым пасёлку было трывожна. Тут жа падобнага няма. І за дзяцей не хвалююся – ведаю, што ўсё пад кантролем”, – разважае Антаніна.

Жыць маладая пара вырашыла ў Маскве. Антаніна выкладала замежную мову ў Брытанскай міжнароднай школе – прэстыжнай установе, дзе вучыліся такія знакамітасці, як Алсу, Дэцл, Улад Тапалаў. Ужо праз год пасля нараджэння дачушкі Валерыі яна паспяшалася вярнуцца на любімую работу, а калі на свет з’явіўся Ваня, давялося наймаць няньку: ездзіць жа на службу трэба было на іншы бок Масквы. Вось і вырашылі на сямейным савеце, што лепш Антаніне “папрацаваць мамай”… Тым часам Сяргей, хоць і абжыўся ў Белакаменнай, сумаваў па Беларусі, часта прывозіў сям’ю ў госці да бацькоў. А яшчэ ён вельмі захапляўся паляваннем – менавіта гэтае хобі пазнаёміла іх з Ушаччынай. Сябры падказалі, што ў Івахнаве на беразе возера Гарадзенец з аўкцыёну прадаецца ўчастак. “Як зараз памятаю дзень, калі прыбыла сюды з мужам “на агледзіны”, – усміхаецца Антаніна. – Лютаўская завея, рэшткі нейкага папялішча, старыя дрэвы, даўгія сцяблы сухога баршчэўніку, а “маляўнічага возера” пад снегам і не бачна. Я ў шоку, а Сяргей радасна ўсміхаецца: “Мы пабудуем тут дом мары!” Каб хто сказаў тады, што праз некалькі год я сюды пераеду, – не паверыла б!”

Паспрыяла ж гэтаму эпідэмія. Уварвалася яна ў іх жыццё ашаламляльнай трагедыяй: у сакавіку 20-га адной з першых ахвяр “кароны” ў сталіцы стаў бацька Антаніны. Маладая сям’я, у якой было ўжо трое дзетак, схавалася ад вірусу ва ўшацкай глыбінцы, ледзь паспеўшы пераехаць мяжу да закрыцця. Тут сапраўды было куды спакайней і нават не верылася, што сябры-масквічы тым часам выходзяць на вуліцу па графіку. Прабылі ў Івахнаве да восені і так прыжыліся, што, прыехаўшы ў Маскву, засумавалі. А ў 21-м вярнуліся ў свой дом мары. Старэйшая дачка засталася з бабуляй, бо ўжо заканчвала сталічную школу (зараз яна студэнтка, вывучае ландшафтную архітэктуру), а Іван і малодшая Аня сталі вучыцца ва Ушацкай. Дзяўчынка другі год наведвае і школу мастацтваў – выступае на канцэртах з вакальнымі нумарамі, асвойвае фартэпіяна. А па беларускай мове – адна з лепшых у класе!
Сяргей раз-пораз наязджае ў сталіцу па справах бізнесу, а яго другая палавінка займаецца дзецьмі, домам, гаспадаркай. Тапіць катэдж пакуль даводзіцца дрывамі, але летась у вёсцы абсталявалі лінію для электраацяплення. Маецца на сядзібе і жыўнасць: сабака, пчолы, а ў адрыне зімуюць качкі-падранкі, якіх гаспадар прынёс з палявання. Ёсць, канечне, і складанасці – у Маскве пакутавалі ад дальніх паездак, але і тут спідометр іх аўто штодня адмярае каля 100 кіламетраў, а дзецям з-за адлегласці не так проста ладзіць сяброўства з аднакласнікамі.

Аднак сваё Івахнава сям’я любіць. Як і суседзяў, якія тут вельмі дружныя. Пастаянна ў вёсцы жывуць толькі некалькі чалавек, але па святах і выхадных з’язджаюцца дачнікі нават узімку. Вось і на Новы год было тут прыгожа і весела – ілюмінацыя, феерверкі, карагоды ўсёй грамадой. А на канікулах Ваня і Аня паехалі да бабулі – насуперак стэрэатыпам! – з вёскі ў Маскву.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *