Интервью с председателем Веркудского сельисполкома и депутатом местного Совета депутатов по Тетченскому избирательному округу №5 Верой Маслак

Общество

Вынесеныя ў загаловак словы па праве можна лічыць жыццёвым крэда Веры Міхайлаўны Маслак (на здымку справа). З прыярытэтам на “жывыя” зносіны з насельніцтвам, “некабінетнае” вырашэнне праблем насельніцтва яна працуе не толькі як старшыня Вяркудскага сельвыканкама, але і як дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў па Цётчанскай выбарчай акрузе №5.

– Мне вельмі пашанцавала, што абедзве даручаныя справы цесна пераплятаюцца, – прызнаецца В.М.Маслак. – Гэта дазваляе ў максімальна сціслыя тэрміны, без прыцягнення яшчэ кагосьці разбірацца ў большасці сітуацый. Ды і праблемы вяскоўцаў ведаю, як кажуць, знутры, паколькі сама жыву ў Вяркудах (у зоне майго дэпутацкага абслугоўвання – вуліцы Сонечная і Азёрная), а ў Цётча, Гарадок, Бярозава часта езджу як старшыня сельвыканкама.

У тым, што чалавек – на сваім месцы, становіцца зразумела з першых хвілін нашай размовы. Без усялякіх папер-падказак прыгадвае Вера Міхайлаўна ўсіх, каму ўдалося дапамагчы, хто пасадзейнічаў ёй у гэтым. Здаецца, кожнага вяскоўца жанчына не проста ведае, а і ставіцца да іх як да блізкіх людзей. Прыгадала, напрыклад, жыхара Бярозава, які ў свае 63 гады разлічваць на атрыманне працоўнай пенсіі не мог, паколькі быў апекуном – не хапала стажу з аплатай узносаў у Фонд сацабароны насельніцтва. Аднак рашэнне праблемы В.М.Маслак знайшла: паколькі мужчына меў праблемы са здароўем, падключыла спецыялістаў райбальніцы – аформілі групу інваліднасці, выплаты па якой дапамаглі матэрыяльна справіцца. Калі на вачах стала слабець пенсіянерка з Цётча, Вера Міхайлаўна спачатку адшукала яе дачку, а пасля – паколькі жыць разам тыя не змаглі – дапамагла ўладкаваць бабулю ў Глыбачанскую бальніцу сястрынскага догляду.

Нямала ў практыцы нашай гераіні і вырашаных агульнавясковых пытанняў. Так, напрыклад, у Цётча быў устаноўлены дадатковы кантэйнер для збору бытавых адходаў – вуліца па вёсцы працяглая, несці смецце з-за рэчкі было праблематычна. На тутэйшых могілках ліквідавалі большасць аварыйных дрэў. Дарэчы, шчыравалі ўсе: камунальнікі займаліся непасрэдна высечкай, вяскоўцы ж са сваім дэпутатам дружна зносілі, палілі абрэзкі.

– Хутка запросім сюды альпіністаў – трэба ўсё да ідэалу, як у Янове, давесці, – раскрывае планы В.М.Маслак. – Сродкі на гэта ёсць, а з чарговым міні-суботнікам праблем, упэўнена, не ўзнікне: вяскоўцы мяне падтрымліваюць, ды і важнасць справы разумеюць.

Многія звароты да Веры Міхайлаўны прадказальна датычацца барацьбы з баршчэўнікам: тутэйшая мясцовасць – адна з самых забруджаных ім на Ушаччыне. Работа ў гэтым накірунку вядзецца пастаянна, але калі раней – з акцэнтам на Вяркуды і Дубраўку, то зараз – на ўсе, нават самыя невялікія вёскі. Прычым, робіцца гэта прадумана і ўзважана. Так, напрыклад, гэтым летам у Бярозава хімічна апрацавалі толькі 0,5 га плошчаў, усё астатняе знішчалі механічна – каб не нашкодзіць агародам.

– Усе станоўчыя змены – не столькі мая заслуга, – сціпла зазначае В.М.Маслак. – Заўсёды магу спадзявацца на сваіх старэйшын і ўсіх неабыякавых вяскоўцаў: дзякуючы іх падказкам, просьбам, скаргам многія пытанні ўдаецца зняць аператыўна, на мясцовым узроўні.

Нярэдкія звароты і па ўтрыманні катоў, сабак. У вырашэнні гэтага пытання В.М.Маслак дапамагае неабыякавая дачніца з Гарадка, якая ўжо не адзін дзясятак бадзяжных чатырохлапых падкарміла і прыстроіла, кагосьці сабе пакінула.

У зімні сезон галоўным пытаннем становіцца расчыстка, падсыпка дарог, таму з работнікамі дарожнай і камунальнай службаў Вера Міхайлаўна пастаянна на сувязі. Бывае, што пасля моцных снегападаў тэхніка ўсюды за дзень не паспявае – тады прымаецца рашэнне па першачарговасці расчысткі. Вядома, не па прынцыпе “якая вёска больш падабаецца” – трэба ўлічыць канкрэтныя абставіны: каб дзеці ў школу, садок дабраліся ці некаму ў бальніцу тэрмінова спатрэбілася выехаць.

Зусім іншы выгляд пасля грэйдзіравання займела летась дарога па вуліцы Азёрнай у Вяркудах, пасля падсыпкі – шлях на могілкі ў Цётчы. Працягваецца продаж свабодных зямельных участкаў з аўкцыёнаў – толькі ў Гарадку нядаўна праведзена сем удалых здзелак.

Нумар тэлефона Веры Міхайлаўны і ў мясцовых, і ў дачнікаў заўсёды пад рукой. На познія, “святочныя” званкі яна не скардзіцца – трэба ж на карысць малой радзімы, землякоў працаваць. Гэтым яна і жыве.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *