Калі ў 80-х узводзіліся шматпавярхоўкі па Садовай, гэты мікрараён лічыўся адным з самых прэстыжных: шчаслівыя навасёлы з вокнаў новенькіх кватэр любаваліся прыгожымі відамі на раку, двары звінелі дзіцячымі галасамі. З цягам часу перспектыўна-маладзёжны статус перахапілі новабудоўлі Віцебскай, а жыхары Садовай у большасці сваёй перайшлі ў разрад грамадзян шаноўнага ўзросту. І нядзіўна, што менавіта на гэтую вуліцу накіраваліся мы разам са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Нінай Аляксандраўнай Васілеўскай, каб працягнуць дабрачынную акцыю “Ад усёй душы”.
Так сталася, што няма блізкіх родных у Тамары Мікалаеўны Нікіфаравай, і хоць не чакала яна гасцей у святочныя дні, але як звычайна ўпрыгожыла ёлку – для навагодняга настрою. І канечне, невялічкі валанцёрскі падарунак шчыра парадаваў гэту сціплую і вельмі добразычлівую жанчыну. Сваю порцыю ўвагі атрымала і яе суседка па лесвічнай пляцоўцы Людміла Платонаўна Гладышава, уся працоўная кар’ера якой прайшла ва ўшацкай друкарні: дзякуючы яе ўмелым рукам землякі гарталі свежыя нумары любімай “раёнкі”. Нагодай жа для нашых віншаванняў былі не толькі калядныя святы, а і дзень нараджэння ветэрана працы.
Дарэчы, многія акалічнасці пра тутэйшых людзей Н.А.Васілеўская ведае не толькі з той прычыны, што сама шмат год пражыла ў гэтым мікрараёне, а і таму, што з’яўляецца дэпутатам райсавета па Садовай выбарчай акрузе №8. З людзьмі яна сустракаецца пастаянна – і ў “афіцыйным” фармаце, і вось у такім, “дамашнім”. Насельніцтва ж у большасці сваёй немаладое і на іншых вуліцах акругі – Данукалава, Каранеўскага, Піянерскай – таму пасада лідара ветэранскай суполкі дадае Ніне Аляксандраўне магчымасцяў і ў дэпутацкай дзейнасці.
Народным абраннікам яна стала ўпершыню, але ўжо зараз можна канстатаваць, што давер сваіх выбаршчыкаў апраўдвае, а спалучэнне грамадскіх абавязкаў толькі на карысць. Так, за апошнія гады ёю было разгледжана каля 80 зваротаў ушачан: датычыліся яны добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, адкрыцця лазні ў гарпасёлку, медыцынскага абслугоўвання былых непаўналетніх вязняў, набыцця пуцёвак для лячэння ў санаторыі, арганізацыі віншаванняў з юбілеямі.
“Лічу, што нам з дэпутатам дакладна пашанцавала! Наша Ніна Аляксандраўна адстойвае інтарэсы кожнага выбаршчыка, бярэцца за любую праблему, – зазначае Ала Фёдараўна Кавалёва. – Калі ж трэба некаму дапамагчы, зрабіць нешта на агульную карысць, яна падключае раённыя ўлады, адміністрацыю прадпрыемстваў, шукае памочнікаў і аднадумцаў”.
У якасці ілюстрацыі гэтых слоў можна прывесці наступны выпадак. Сёлета да Н.Васілеўскай паступіў зварот ад групы пажылых ушачанак, якія займаюцца скандынаўскай хадзьбой: жанчыны марылі аб тым, каб у іх была зручная і бяспечная траса для прагулак. І зараз у Лутаўскім лесе з’явілася “Сцяжына здароўя”, абсталяваць якую дапамаглі работнікі Ушацкага лясгаса. Дарэчы, і сама Ніна Аляксандраўна заўсёды ў першых радах тых, хто прапагандуе актыўны лад жыцця.
Канечне, нельга хутка дасягнуць станоўчага выніку па ўсіх запытах. Не ўдалося, напрыклад, цалкам задаволіць пажаданне жыхароў аднаго з дамоў, якія мараць аб яго рамонце, але гэты зварот, як і некаторыя іншыя, застаецца на кантролі.
Вядома ж, праяўляе сябе Н.А.Васілеўская не толькі ў рабоце з выбаршчыкамі сваёй акругі. У час сесій райсавета, пасяджэнняў пастаянных камісій яе вопыт і веды асабліва незаменныя пры разглядзе пытанняў, што датычацца сацыяльнай абароны пажылых грамадзян, работы па патрыятычным выхаванні моладзі. Яна робіць стаўку на цеснае ўзаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі, супрацоўніцтва са старшынямі сельскіх Саветаў, старэйшынамі вёсак.
…Завяршыць партрэт народнага абранніка хачу невялічкім эпізодам гэтага дня. Калі мы выбіралі ў краме салодкія падарункі для ветэранаў, упакоўка аднаго з іх крыху надарвалася. “Вазьміце іншую, Вы ж не вінаваты, яна была бракаваная”, – параіла я Ніне Аляксандраўне. “Не! Я так не магу. Куплю гэтую, бо дзяўчаты ж яе потым не прададуць”, – быў мне адказ. Такі вось яна чалавек – сумленны да немагчымага.
Наталля БАГДАНОВІЧ.