Самая главная ценность — это жизнь

Демография

У райвыканкаме прайшло пасяджэнне Савета па дэмаграфічнай бяспецы з удзелам усіх зацікаўленых структур. Намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская ў сваім выступленні адзначыла, што ў дэмаграфічным становішчы ў нашым раёне ёсць як станоўчыя зрухі, так і моманты, якія патрабуюць асаблівай увагі.

Радуе, што дасягнута плануемае павелічэнне агульнага каэфіцыента нараджальнасці. За студзень-чэрвень у раёне нарадзілася 72 дзіця (за аналагічны перыяд 2010-га – 69). Больш стала і зарэгістраваных шлюбаў: 52 супраць 45 у мінулым годзе.
Разам з тым, павялічылася колькасць разводаў: за шэсць месяцаў гэтага года іх зарэгістравана 22 (у мінулым – 20). Хаця колькасць памерлых зменшылася ў параўнанні з 2010-м амаль на 9 працэнтаў, паказчык смяротнасці трымаецца на высокім узроўні. За студзень-чэрвень у раёне памерла 195 чалавек, з іх 38 працаздольнага ўзросту. У структуры прычын смяротнасці па-ранейшаму лідзіруюць хваробы сістэмы кровазвароту (93 выпадкі). Менавіта тут назіраецца адмоўная тэндэнцыя: сёлета па гэтай прычыне пайшло з жыцця значна больш чалавек, чым год назад. Назіраецца рост захворваемасці на востры інфаркт міякарду, мазгавы інсульт.
Хвалюючым застаецца пытанне смяротнасці насельніцтва ад так званых знешніх прычын, у якія ўваходзяць выпадковае атручанне алкаголем, самагубствы, патапленні і іншае. Гэтая група прычын, якая сёлета забрала жыццё 21 ушачаніна, самая, калі можна так сказаць, крыўдная. І сапраўды, што можа быць больш крыўдным, чым смерць з-за розных недарэчнасцяў, якіх так проста можна было б пазбегнуць, з-за абыякавага стаўлення да ўласнага жыцця? Як казаў паэт, “уж сколько раз твердили миру” не купацца ў забароненых месцах (тым больш у нецвярозым стане), не курыць у ложку, не парушаць правілы дарожнага руху, не злоўжываць алкаголем і г.д. Аднак усё роўна купаюцца, кураць, парушаюць і злоўжываюць… За бягучы перыяд 2011 года супрацоўнікамі РАУС з абароту было канфіскавана 2651(!) літр спіртаўтрымліваючай вадкасці (з іх 33 фальсіфікаваных спіртных напіткаў), знішчана тры самагонныя апараты. За студзень-чэрвень у раёне зарэгістраваны два тапельцы, абодва на момант здарэння былі ў нецвярозым стане. І калі ў смерці ад інфаркту блізкага сваяка так зручна бывае вінаваціць увесь свет, асабліва ўрачоў, маўляў, “недаглядзелі”, “недалячылі”, то каго вінаваціць у раўнадушшы да ўласнага жыцця?
На Савеце былі прыняты рэкамендацыі для ўсіх зацікаўленых структур. Па выніках штомесячнага маніторынгу дэмаграфічных паказчыкаў з мэтай зніжэння смяротнасці насельніцтва, асабліва ад знешніх прычын, неабходна аналізаваць тэндэнцыі і прычыны смяротнасці, умацоўваць у працоўных калектывах раёна работу па ўкаранненні здаровага ладу жыцця, узмацняць работу па выяўленні, канфіскацыі і знішчэнні кантрафактнай алкагольнай прадукцыі і многае іншае. Адным словам, улады будуць працягваць рабіць усё неабходнае для падаўжэння жыцця людзей. А абавязак кожнага грамадзяніна – дапамагаць ім у гэтым і не забывацца пра ўласную адказнасць за сваё жыццё.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *