После модернизации административного здания Ушачского участка электросвязи РУП “Белтелеком” комфортней стало не только работникам, но и клиентам

Общество

Адміністрацыйны будынак Ушацкага вузла электрасувязі РУП “Белтэлекам” цяпер не пазнаць, прычым як звонку, так і ўнутры. Пасля праведзенай тут са снежня 2022 года мадэрнізацыі камфортней стала не толькі работнікам, але і кліентам.

– Неабходнасць правядзення рамонтных работ наспела з улікам стварэння безбар’ернага асяроддзя, – расказвае начальнік вузла Аляксандр Уладзіміравіч Шакута. – Каб нашы абаненты без праблем маглі трапіць у сэрвісны цэнтр, было вырашана перанесці яго з другога на першы паверх. Дарэчы, уваход сюды з вуліцы цяпер асобны: у цэнтры будынка, а не справа, як было дагэтуль.

Высакаватыя прыступкі пужаць не павінны: побач – міні-ліфт для інвалідаў-калясачнікаў. Калі самому справіцца з ім не атрымаецца, можна скарыстацца спецыяльнай кнопкай выкліку персаналу. Многае прадугледжана для людзей з асаблівасцямі фізічнага развіцця і ўнутры будынка: пашыраныя дзвярныя праёмы, спецыяльныя поручні… Ну а прасторная зала сэрвіснага цэнтра парадуе ўсіх без выключэння стыльным афармленнем, камфортнымі месцамі для кліентаў, зонай відэадэманстрацыі і запоўненымі, як у буйных салонах сувязі, паліцамі.

Сэрвісны цэнтр працуе ў панядзелак і чацвер з 9.00 да 14.00, а ў астатнія будныя дні – з 13.00 да 18.00. Заяўкі тэхнічнага профілю можна пакінуць у любы час па нумары “123”.

– На іх толькі частка таго, што рэалізуем насельніцтву (пералік усіх тавараў – ад тэлефонаў да мотаблокаў – можна знайсці на сайце shop.beltelecom.by), – удакладняюць спецыялісты па продажы Надзея Віннік і Алена Федуковіч. – Найбольш папулярнымі ва ўшачан застаюцца тэлевізары і смартфоны, хутка з’явяцца і пральныя машыны, халадзільнікі, якія, дарэчы, будуць завозіцца са складу адразу па адрасе пакупніка. Нагадаем: афармляецца такая здзелка ў беспрацэнтную растэрміноўку ад РУП “Белтэлекам” да 24 месяцаў і без даведак пра даходы, адзінае – чалавек павінен не менш 365 каляндарных дзён запар з’яўляцца абанентам пакета нашых паслуг, інтэрнэта ці тэлебачання “Zala” і не быць даўжніком па іх больш 30 дзён. З 2021 года такім чынам рэалізавалі ўжо 629 адзінак тэхнікі, з якіх 326 – сёлета.

Адной з самых актыўных кліентак сэрвіснага цэнтра з’яўляецца мнагадзетная маці Джэма Уладзіміраўна Алексяёнак. У растэрміноўку яна ўзяла ўжо тры тэлевізары – па адным у кожны пакой, робат-пыласос і ажно пяць смартфонаў – сабе і дзецям у падарунак. Дарэчы, разам з сынам Сашам, дачушкамі Алёнай і Евай ушачанка стала таксама адной з першых, хто знутры ацаніў абноўлены будынак. На памяць пра гэта і ў знак удзячнасці за вернасць “Белтэлекаму” сям’і ўручаны падарункі (на здымку).

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *