У цэнтры банкаўскіх паслуг №237 у г.п.Ушачы рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” ёсць добрая традыцыя: усіх дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, на чыё імя адкрыты ўклад “Расці вялікі!”, не толькі віншаваць з кожным Днём нараджэння, але і запрашаць на масавыя мерапрыемствы.
У рамках акцыі “Нашы дзеці” пры падтрымцы члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алега Валянцінавіча Жынгеля на базе цэнтра культуры быў арганізаваны цудоўны фэст. Ля ёлкі ў гэты дзень сабралася амаль два дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў блізкія да Новага года даты святкуюць імяніны, іх блізкія. Начальнік ЦБП Д.М.Садоўская павіншавала ўсіх з асабістым і агульным святамі, пажадала здароўя, поспехаў у вучобе і ўручыла падарункі ад банка.
Прымаў гасцей па месцы жыхарства ў Дубраўцы і даўні сябар ЦБП А.Будзько. Маладому інваліду Дзіна Міхайлаўна і работнікі ТЦСАН прывезлі не толькі пачастункі, канцылярскія прылады, але і зімнюю куртачку, боцікі, шапку з пальчаткамі. Цяпер Андрэю не страшны ніякія марозы, а яго душэўныя абдымкі і ўсмешка сталі лепшай падзякай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Падарункі і віншаванні ў гэтыя пераднавагоднія дні прымаюць не толькі дзеці. У рамках рэспубліканскай акцыі “Ад усёй душы” ў госці да пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, што ў Вяркудах, на бягучым тыдні з прыемнай місіяй завіталі актывісты Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” пад старшынствам Наталлі Мікалаеўны Марковіч (на здымку), прадстаўнікі сацслужбы, культработнікі і, канечне, Дзед Мароз са Снягуркай.
Дарэчы, у пастаяльцаў аддзялення шмат сюрпрызаў яшчэ наперадзе – навагодняя акцыя працягнецца да 15 студзеня 2024-га.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.