Асаблівы падарунак – запрашэнне на дабрачынную ёлку ў Палац Рэспублікі – атрымалі сёлета амаль 2,4 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод шчасліўчыкаў былі і нашы юныя зямлячкі: Ксенія Церашкавец з Глыбачанскай школы, Анастасія Корань з Ушацкай, Аляксандра Асіпёнак з Вялікадолецкай.
Напэўна, не хопіць газетнай плошчы, каб пералічыць усе дасягненні васьмікласніцы Ксеніі (на здымку). У іх ліку, напрыклад, дыплом на рэспубліканскіх лінгвістычных спаборніцтвах “Вясна: радасць спазнання-2023”. Дэманстравала клас дзяўчына і на вобласці на фестывалі міжкультурных камунікацый, на раёне – у біятлоне, лёгкай атлетыцы і годных справах піянерскай арганізацыі.
Нямала ўзнагарод – найперш спартыўнага профілю – у шасцікласніцы Насці, якая выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і. На рэспубліканскім этапе спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда” яна абараняла гонар зборнай каманды Віцебшчыны, на вобласці ж аказалася адной з лепшых па скачках у даўжыню з разбегу.
Каля тысячы школьнікаў з усіх куточкаў Прыдзвіння сабраліся сёлета ў паўночнай сталіцы на абласную навагоднюю ёлку. Сярод удзельнікаў свята былі і 25 юных прадстаўнікоў нашага раёна.
Самая юная Саша праяўляе сябе ў творчасці. Сёлета яна стала пераможцай раённага этапу выставы-конкурсу дзіцячага малюнка “АрхНавацыя-2023”, а ў складзе каманды школьнікаў засвяцілася на конкурсе “Па слядах Перамогі”. На жаль, з-за хваробы трапіць на мерапрыемства ў Палац Рэспублікі пяцікласніца не змагла.
Галоўную ёлку краіны нездарма называюць прэзідэнцкай, бо традыцыйна дзяцей на ёй віншуе кіраўнік дзяржавы. Пасля казачнага прадстаўлення “Машына навагодняга часу” ўсе ўдзельнікі балю атрымалі ад Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі памятныя падарункі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.