Открытый турнир по самбо памяти тренера Сергея Соснина прошёл на спорткомплексе «Юность-Ушачи»

Cпорт

Радасныя абдымкі і пераможна ўскінутыя ўгару кулачкі, слёзы ў тры ручаі і нават абяцанні больш ніколі не выходзіць на барцоўскі дыван – такую палітру шчырых пачуццяў можна ўбачыць толькі на спаборніцтвах, дзе змагаюцца самыя юныя спартсмены. Высокі “эмацыянальны градус” быў уласцівы літаральна ўсім паядынкам V адкрытага турніру па самба памяці трэнера С.Г.Сасніна, які праходзіў на спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы” на мінулым тыдні.

Сёлетні мемарыял сабраў больш 100 юных барцоў з Віцебска, Мінска, Ушач, расійскіх гарадоў Себеж і Вялікія Лукі, старэйшым з якіх было 11, а самым маленькім – усяго 6. Спартсмены з вопытам, канечне, паводзілі сябе больш стрымана. А вось дзяўчаткі-дэбютанткі, на асобных з якіх барцоўскія куртачкі выглядалі як сукенкі, зладзілі сапраўднае рэаліці-шоу. Хтосьці, напрыклад, спалохаўся аднаго выгляду саперніцы і катэгарычна адмовіўся выходзіць на паядынак. А адна малышка з себежскай каманды горка расплакалася яшчэ ў пачатку фінальнай схваткі, калі прапусціла прыём. Як аказалася, мама паабяцала ёй за першае месца коціка, і стымул аказаўся занадта важкім. Не стрымала слёзак і наша Даша Кіслякова: моцную віцебскую саперніцу вясной перамагла на турніры па дзюдо, а вось у самба тая ўзяла рэванш. “Дачушка займаецца ў Веры Васільеўны Кілінай ужо два гады, з радасцю бягуць на трэніроўкі разам з суседкай па пад’ездзе Ксюшай Цвяцінскай і абедзве ўжо заваявалі нямала дыпломаў”, – падзялілася з нам Анастасія Кіслякова.

А вось сямігадовая Маша Архіпава, як і належыць дачцэ трохразовай чэмпіёнкі свету па самба, залішніх эмоцый сабе не дазваляла. Хоць асвойвае адзінаборствы толькі з верасня, на пляцоўцы выглядала не менш упэўнена, чым яе старэйшы брацік Ягор, які ўжо неаднойчы прыязджаў са сталіцы на ўшацкія турніры. Іх мама – легендарная выхаванка нашай спартшколы Анастасія Архіпава – не забываецца пра родную ўстанову і штораз выступае ў якасці спонсара: сёлета, напрыклад, падрыхтавала для дзяцей прызы за лепшую тэхніку і волю да перамогі. Уладальнікам аднаго з іх, дарэчы, стаў ушачанін Цімафей Коршун, які ў фінальным паядынку бароўся з моцным віцебскім самбістам і здабыў “золата” ў вельмі ўпартай і прыгожай барацьбе.

Апроч Цімафея, на вышэйшую прыступку п’едастала ўзняліся ўшачане Вікторыя Федарэнка, Аляксандра Храмёнак, Валерыя Акулёнак, Вікторыя Дрозд, Алёна Алексяёнак, Ніка Міхаль, Павел Крывёнак, Макар Звольскі і Мікіта Гардзіёнак. “Срэбра” паклалі ў камандную скарбонку Нэлі Абозава, Яўгенія Крывёнак, Эліна Фоміч, Ангеліна Алексяёнак, Дар’я Кіслякова, Яна Пацэйка, Дарына Муравіцкая, Марыя Хамёнак, Герман Быкаў, Станіслаў Пацэйка, Яўген Стажык, Іван Бугроў, Уладзіслаў Пугач, Вячаслаў Лабёнак і Гардзей Кісель. “Бронзу” заваявалі Анастасія Серадзенка, Валерыя Карэйша, Варвара Талалуева, Вікторыя Пятніца, Сафія Аўсіевіч, Ксенія Цвяцінская, Варвара Лецкая, Сафія Каваленка, Цімафей Дзямешка, Раман Сіротка, Савелій Раманоўскі, Марк Карымаў, Іван Юргевіч, Святаслаў Люцько, Мацвей Маслюк, Арцём Чабатар, Ягор Марозаў, Вадзім Шчэрбік, Ілья Гірсёнак, Глеб Баранаў, Раман Лабёнак і Арцём Ананьеў.

З добрым настроем ад’язджалі дамоў і госці. “Ва Ушачах мы былі ўпершыню: параілі калегі, з якімі выступалі на турніры ў Віцебску, – расказаў нам трэнер з Вялікіх Лук Андрэй Марцюшоў. – Комплекс сапраўды ўразіў, добрая арганізацыя і ўзровень спартсменаў дастойны – не шкадуем, што прыехалі. У нашым горадзе самба вельмі папулярнае, толькі ў маіх групах займаецца 100 чалавек, турнірная практыка нам вельмі патрэбна, так што, спадзяюся, мы яшчэ сюды вернемся!”. Пра вялікія перспектывы беларуска-расійскіх спартыўных стасункаў казаў і себежскі трэнер Багаўдзін Абдурахманаў, які пастаянна прывозіць сваіх выхаванцаў на спаборніцтвы ў нашу краіну. Ну а Ушачы трывала зарэкамендавалі сябе як адзін з цэнтраў развіцця самба і дзюдо.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *