Як шчыра радуюцца дзеці, калі Дзеду Марозу ўдаецца ўгадаць іх жаданні і падарыць менавіта тое, чаго больш за ўсё чакаў. А вучні Вялікадолецкай школы даўно марылі – пра прафесійныя лыжы. І хоць гэта калектыўны, а не індывідуальны падарунак, спрачацца за інвентар яны не будуць, бо ведаюць, што пабягуць на іх толькі самыя моцныя біятланісты – удзельнікі абласнога і, спадзяемся, рэспубліканскага этапу “Снежнага снайперу”.
Удзельнікаў акцыі “Нашы дзеці” ў школьнай установе ў гэты дзень было шмат. Намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў, загадчык сектара спорту і турызму Сяргей Іванавіч Ціханёнак, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганна Францаўна Струй, кіраўнік прыватнага прадпрыемства “СК БурЭнерга” Сяргей Васільевіч Фамін і намеснік дырэктара кампаніі “Квант-Праект” Ірына Уладзіміраўна Каулевіч, канечне, жадалі юным спартсменам чарговых перамог. І два камплекты прафесійных лыж нарвежскай фірмы “Мадшус” і абмундзіравання да іх павінны гэтаму паспрыяць. Канечне, у школе маецца не адна пара добрых лыж, якія падыходзяць для трэніровак, але не хапала менавіта прафесійных, каб на роўных канкурыраваць з моцнымі сапернікамі. Вялікадолецкія ж біятланісты ўжо колькі гадоў запар уваходзяць у зборную вобласці.
Сэрца шчаміла ад гонару, калі глядзелі спецыяльна зроблены ў школе фільм пра зоркавыя выступленні навучэнцаў. І ў прамым эфіры збіраецца сачыць сёлета за прабегам землякоў С.В.Фамін, які, дарэчы, мае непасрэднае дачыненне да спорту – з’яўляецца членам Федэрацыі па водных лыжах і вэйкбордзінгу Беларусі і арганізатарам штогадовых спаборніцтваў у нашым раёне. Сяргей Васільевіч запрасіў юных спартсменаў летам адпачыць у водна-аднаўленчым цэнтры на Вечаллі, каб навучыць стаяць яшчэ і на водных лыжах. “Разумею і паважаю максімалізм трэнера Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага, выдатна, што ў раёне ёсць такія апантаныя людзі”, – падкрэсліў Сяргей Васільевіч, прыгадаўшы Аляксандра Сяргеевіча Станевіча, які закладаў азы лыжнай тэхнікі ў іх класе Ушацкай школы.
Кампаніі “БурЭнерга” і “Квант-Праект”, дарэчы, не першы раз выступаюць спонсарамі. С.Фамін дапамагаў раней розным аддзяленням СДЮШАР царкве, ва ўстаноўцы бюстаў В.Быкаву і Р.Барадуліну, а дырэктар апошняй Павел Леанідавіч Філіпаў па зніжаным кошце рабіў праекты адкрытых спартыўных пляцовак і інтэрната, які зараз узводзіцца ля “Юнацтва-Ушачы”. Даўнія і цесныя стасункі існуюць з кіраўнікамі гэтых кампаній у загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама С.Ціханёнка, які і шукаў спонсараў для вялікадальчан. А вось лыжы выбіраў настаўнік школы У.Лапіцкі.
Падарунак жа хоць і доўга ішоў (аплачаны інвентар яшчэ ў лістападзе), аднак падаспеў вельмі своечасова: вялікадолецкія біятланісты якраз рыхтуюцца да абласнога этапу “Снежнага снайпера” і ў гэты ж дзень выйшлі на трасу на новых лыжах. Не здзіўляйцеся – пракладзеная загадзя лыжня ўтрымалася і пад праліўным дажджом.
Вольга Караленка.