Нямала светлавых эфектаў чакала гасцей сёлетняга мерапрыемства з нагоды адкрыцця галоўнай ёлкі раёна. З уключанымі пробліскавымі маячкамі на плошчу імя У.Леніна імчала машына выратавальнікаў: так спяшаліся на свята Дзед Мароз са Снягуркай. Дарэчы, запаліць агні на зялёнай прыгажуні яны прапанавалі ўсім жадаючым – праз уключаныя ліхтарыкі мабільных тэлефонаў. У такой сяброўскай атмасферы на Ушаччыне дадзены сімвалічны старт навагоднім святам.
Прыемны сюрпрыз чакаў у гэты пятнічны вечар прадстаўнікоў многіх прадпрыемстваў і арганізацый. Заслужаныя ўзнагароды пераможцам раённага агляду-конкурсу “Сустракаем Новы год!” уручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч. У ліку тых, хто быў адзначаны за годнае афармленне будынкаў і тэрыторый, аказаліся санаторый “Лясныя азёры”, ТЦСАН і Ушацкі лясгас. Лепшыя малыя архітэктурныя формы з элементамі святлодыёднага афармлення прадэманстравалі УП “Сафійскія дары”, ЖКГ, раённы цэнтр культуры. Хоць і не аб’яўляўся конкурс сярод прыватных падворкаў, арганізатары не ўтрымаліся і ўручылі прыз сям’і Журко – гаспадарам самай казачнай сядзібы райцэнтра, якая знаходзіцца на вуліцы Вечальскай. Як прызналіся нам Генадзь і Раіса, Новы год – іх любімае свята, да якога яны заўсёды прадумваюць светлавое аздабленне і ў доме, і звонку. А сёлета ўвогуле “адарваліся”: шматлікія гірлянды, прывезеныя дзецьмі з Мінска, мацавалі ў некалькі падыходаў – і вынік цяпер радуе ўсіх, хто бывае побач.
Выбраць яшчэ трох шчасліўчыкаў прадстаяла ў рамках фэсту – на гэты раз ацэньваліся навагоднія касцюмы, кароткія візітоўкі канкурсантаў. Членам журы ў такой сітуацыі дакладна не пазайздросціш: настолькі адказна і крэатыўна падышлі ўсе да прадстаўлення. Так, на імправізаваную цыркавую арэну запрасіла каманда дзіцячага сада №3 г.п.Ушачы – гледачоў забаўлялі вясёлыя клоўны, маг-чарадзей, дрэсіроўшчык мядзведзяў і нават індыйскі факір. Дарэчы, многія здрыгануліся, калі пад гукі флейты апошняга са скарбонкі рэальна пачаў хтосьці вылазіць. Для хвалявання, праўда, нагоды не было: кобра аказалася дрэсіраванай і – цацачнай. Павесяліла ўсіх выступленне работнікаў дзіцячага сада №2 – у яго аснову пакладзены любімы многімі мультфільм “Ну, пачакай!”. Абаяльны заяц, ён жа прататып адыходзячага 2023-га, на развітанне з ушачанамі спрытна танцаваў – забягаючы наперад, адзначым, што гэтым прынёс дашкольнай установе ганаровае трэцяе месца. У Дракона ж з дзіцячага сада №1 яшчэ ўсё наперадзе – падчас конкурснай праграмы браць на сябе першую ролю ён не стаў: ранавата! Ва ўсю весялілася, вадзіла з Дзедам Марозам, Снягуркай, іншымі героямі карагоды такая ж міфічная істота з ТЦСАН. Шчыра пасмяяцца дазволіла выступленне ўжо вядомых на Ушаччыне прыпевачніц з цэнтральнай райбальніцы. Пераўвасобіўшыся ў Бабак-Ёжак, яны і жартоўныя творы спявалі, і з мяцёлкамі прытанцоўвалі. Апошняе, дарэчы, дэманстравалі і задорныя Ягусі з раённага цэнтра дзяцей і моладзі. А вось прадстаўніцы музея народнай славы і ЦБП ААТ “Белаграпрамбанк” у іх кампанію не трапілі: з нехарактэрнай для такіх гераінь дабрынёй запрашалі ў госці, частавалі цукеркамі. Прыйшоў павіншаваць гасцей і небывалы звер – шкалазаўр з Ушацкай СШ. Карысныя парады, як правільна паводзіць сябе на прыродзе, давала Берагіня лесу з Ушацкага лясгаса. Абяцала ўрэшце падкінуць ушачанам сняжку Зімушка з каманды бібліятэчных работнікаў.
Пераможцы конкурсу адзначаны дыпломамі і падарункамі ад сектара культуры райвыканкама, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Кааператары здзіўлялі рэалістычнымі касцюмамі камічных персанажаў з савецкага кінематографа Баязліўца, Балбеса і Бывалага, якія на сцэнічнай пляцоўцы разам з Шурыкам паказалі мініяцюру з “Аперацыі Ы”. Дзіцячы сад №4 узяў за аснову казку “Царэўна Несмяяна” – ладзіў кастынг сярод жаніхоў для патрабавальнай галоўнай гераіні. Небывалы “двіж” ля навагодняй ёлкі ўчынілі прадстаўнікі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Феерыла тут і бойкая Снягурка, у якую нечакана пераўвасобіўся Яўген Мягель. Як вынік – другое месца ў конкурсе. Першае ж дасталася камандзе сектара спорту і турызму райвыканкама. Журы ацаніла не толькі абаяльнасць, але і прэс іх Дракошы-Спартошы, гледачы ж ахвотна “давалі пяць” персанажу, забяспечваючы сабе такім чынам здзяйсненне жаданняў.
Песнямі, танцамі аздобілі гэты святочны вечар культработнікі і самадзейныя артысты. Разгарнуўся на плошчы і навагодні кірмаш: ушачане змаглі сагрэцца цёплай гарбатай і перакусіць, набыць сувеніры і навагоднія дрэўцы да свята, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі. Усё гэта прыйшлося па душы як дарослым, так і малышам. Трохгадовы Ягор Палонскі, напрыклад, прыйшоў на свята са сваёй бабуляй Святланай Пятроўнай і ўжо да пачатку дзейства паспеў разгледзець усе навагоднія лакацыі. Практычна поўным саставам сабралася на плошчы мнагадзетная сям’я Юркевічаў з райцэнтра. Група ж дзяўчынак у капялюшыках з пампонамі вясёлымі карагодамі радавала ўсіх ля сцэнічнай пляцоўкі.
Як і ў мінулыя гады, райцэнтр упрыгожыла яркая ілюмінацыя, якая будзе ўзнімаць настрой ушачанам, гасцям пасёлка на працягу некалькіх святочных тыдняў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.