Пра прыгожыя дагледжаныя сядзібы мы пішам пераважна ў цёплы сезон – гэта натуральна, бо на многіх з іх менавіта кветкавае аздабленне з’яўляецца ключавым элементам прывабнасці. Але калі днямі мы патэлефанавалі жыхарам вёскі Глыбачка Пятру Аляксеевічу Машчону і Жанне Мікалаеўне Міцкевіч з мэтай напрасіцца да іх у госці, звыклага “Лепш прыязджайце да нас летам!” не пачулі. Крыху паблукалі сярод снежных гурбаў у пошуку невялічкай вуліцы Садовай – і ўбачылі падворак, які расквечваў яркімі колерамі манатонны зімовы пейзаж.
У тое, што іх хата ўзведзена яшчэ да вайны, паверыць складана. Але гэта так: набылі яе бацькі гаспадара, калі пераехалі ў Глыбачку з Банькава. Прынамсі, ад старой пабудовы тут застаўся толькі “каркас”. Дом эстэтычна абшалявалі дошкамі, прычым выкарысталі папулярную зараз тэхналогію абшыўкі нахлёстам, якая не толькі дадае аб’ёмнасць, а і робіць сцены больш устойлівымі да вільгаці. Перабудавалі веранды, упрыгожылі ўваходы казыркамі, узвялі новую лазню, дрывотнік, усталявалі прыгожую альтанку.
Пётр Аляксеевіч у сярэдзіне 70-х скончыў мясцовую васьмігодку, працягнуў адукацыю ў райцэнтры, а потым па прыкладзе старэйшых братоў падаўся ў Ленінград. Адслужыў у арміі, вывучыўся на метрабудаўца, але папрацаваць на глыбіні не атрымалася – вярнуўся ў вёску: камусьці з дзяцей трэба было дапамагаць бацькам, і гэту місію даручылі яму. Метро ў нас няма, так што будаваць давялося меліярацыйныя каналы, з дзясятак год шчыраваў у мясцовым калгасе, а ў 2001-м уладкаваўся ў камунгас машыністам кацельні ў Астравенцы. Вось толькі пачало падводзіць здароўе і пяць год таму пасля аперацыі Пётр Аляксеевіч атрымаў групу інваліднасці. Складаная фізічная праца цяпер не для яго, аднак па доме стараецца спраўляцца, абкошвае траву, чысціць снег, даглядае жывёлу. Гаспадарку яны заўсёды трымалі вялікую: гадавалі бычкоў, свіней – два парсючкі рохкаюць у хляве і зараз. А вось ад курэй адмовіліся: чамусьці іх падворак няўмольна вабіць лісіц ды каршуноў.
Жанна Мікалаеўна ж “спецыялізуецца” на буйной рагатай жывёле – чвэрць стагоддзя працуе даяркай на мясцовай ферме. Гэтай восенню, праўда, змяніла жывёлаводчы профіль – дойны статак перавялі ў Селішча, дзе для каровак лепшыя ўмовы, а ў Глыбачцы пакінулі цялушак, якіх яна зараз і даглядае. Прачынацца цяпер можна крыху пазней – успрыняла гэта жанчына, як прыемную выгоду.
Яна, дарэчы, таксама тутэйшая, крошынская. Атрымаўшы прафесію швачкі, уладкавалася ў КБА, але пазней вырашыла, што больш зручна працаваць у калгасе. Выйшла замуж, нарадзілася двое дзетак, аднак сямейнае жыццё не задалося. Затое другая спроба аказалася ўдалай – з Пятром Аляксеевічам яны разам ужо 20 год. Што вельмі важна, іх дзеці ад першых шлюбаў згуртаваліся і фактычна сталі роднымі, разам клапоцяцца пра бацькоў і дбаюць пра тое, каб яны жылі камфортна. Дарэчы, сёлета ў гэтым напрамку быў зроблены глабальны крок: дом абсталявалі электраацяпленнем. Тут і так было ўтульна, цяпер жа стала зусім як у горадзе, толькі з вольным паветрам і прыгожымі краявідамі. Нездарма любяць гасціць у Глыбачцы не толькі дзеці, а і ўнукі, а летам прыязджала і пецярбургская радня. Прывабнасць сядзібы ацаніў і старшыня Ушацкага сельвыканкама – гаспадары атрымалі права прадставіць сельсавет на сёлетнім раённым конкурсе па добраўпарадкаванні.
“Людзі мы простыя, вялікіх даходаў не маем, таму рабілі ўсё паступова і ўласнымі сіламі: у нас жа на дваіх чацвёра дзяцей, дык яны стварылі сямейную брыгаду, “прарабам” у якой – зяць, майстар на ўсе рукі!” – расказвае Пётр Аляксеевіч.
Ну а што да кветак, то палюбаваліся імі і мы: хоць на двары снежань, у верандзе дома “квітнела” лаватэра – аформленыя руплівай гаспадыняй букеты сухацвету радавалі вока і намякалі, што зіма не вечная. А фразу “Прыязджайце да нас летам” мы ўсё ж пачулі – на развітанне.
Наталля БАГДАНОВІЧ.