Першае інтэрв’ю з новым дырэктарам Ушацкага філіяла аблспажыўтава-рыстсва Г.У.ХАМЁНАК атрымалася па-святочнаму аптымістычным. І не толькі таму, што з Новым годам заўсёды звязаны надзеі на лепшае. Проста Ганна Уладзіміраўна пераканана, што спажывецкай кааперацыі – быць.
Вы пагадзіліся ўзначаліць калектыў у вельмі складаны час. Ёсць уласнае бачанне вяртання на былыя пазіцыі лідараў?
Па-першае, я ўсё жыццё звязана з гандлем, і кароткачасовая змена дзейнасці толькі пераканала, наколькі гэта маё. Па-другое, і асноўнае, калі ўсе сеткавікі, прыватнікі накіраваны выключна на атрыманне прыбытку, то спажывецкая кааперацыя, і толькі яна, выконвае сацыяльныя функцыі – забяспечвае таварамі людзей у самых аддаленых і маланаселеных вёсках. Калі на ўзроўні вобласці падымалася пытанне аб тым, каб разгрузіць кааператараў і частку сельскай зоны перадаць прыватнікам, ніхто з іх на гэта не пайшоў. А мы ідзём, нават калі трацім на пад’езд 30 рублёў, а купляюць толькі бутэльку малака. І гэта правільна, у нас сацыяльна-арыентаваная дзяржава не на словах, а на справе.
Ну а аб’яднанне прыбытковых філіялаў, як Ушацкі, са стратнымі не магло прайсці незаўважаным. Гродненскае таварыства толькі праз пяць год распраўляе крылы. Памылкі аналізуюцца і вырашаюцца на ўзроўні рэспублікі.
– І нават на ўзроўні Прэзідэнта. Пасля таго як праблемы Белкаапсаюза на кантролі ў кіраўніка дзяржавы, вы заўважылі зрухі?
Не толькі мы, мяркую, што прыкмецілі гэта і нашы пакупнікі. На паліцах магазінаў больш няма дэфіцыту. Цукеркі як у наборы, так і вагавыя любімых беларускіх вытворцаў “Камунаркі”, “Спартака” і “Красного пищевика”. Каўбасы глыбоцкія, віцебскія, пастаўскія як сыравяленыя, так і танныя накшталт зельцаў, рулетаў. Куры тушкамі, фасаваныя, ахалоджанае мяса і вэнджанае, гарошак, кукуруза, крабавыя палачкі – да навагодніх сталоў ёсць усё, уключаючы агародніну, якую мы дастаткова назапасілі ва ўласных сховішчах. Шампанскае, цыгарэты, абавязкова паступяць яшчэ фрукты. Тавары прыходзяць штотыднёва, і няма ніводнай заяўкі, якая б не выконвалася.
Аўтарытэт зарабляецца гадамі, і знікае пасля некалькіх сустрэч з паўпустымі паліцамі. Што вы робіце, каб вярнуць пакупнікоў пры такой канкурэнцыі з боку сеткавікоў?
– Па-першае, вывучаем цэны канкурэнтаў на аналагічную прадукцыю і ставім мінімальныя надбаўкі. У нас і раней некаторы тавар быў больш танным (крупы, агародніна), многае дзешавей і зараз, напрыклад, капуста, морква, цыбуля, навагоднія наборы цукерак, па дзесяць рублёў – свініна ў разрубе і селядцы з “бочкі”, путасу – усяго па тры з капейкамі, не гаворачы пра тавары ўласнай вытворчасці – кандытарскія, кулінарныя вырабы, клёцкі і іншыя мясныя паўфабрыкаты.
Лясгас, напрыклад, заказаў сёлета для навагодніх падарункаў 308 тартоў, бо ведаюць, што яны будуць свежымі, натуральнымі і недарагімі.
Раней вельмі смачныя селядцы салілі на месцы.
– Няма сэнсу прыстасоўваць памяшканні і атрымліваць шматлікія дазволы, калі гэта робіць Сенненскі і Пастаўскі філіялы. На тое мы і кааператары – з апошняга паступаюць і недарагія саленні з агародніны, бо ўласныя – Віцебскага таварыства. Па ўсёй вобласці гандлююць нашай мінеральнай вадой і напіткамі, якія не ліе больш ніхто. Дарэчы, хутка з’явіцца новы энергетык без кафеіну, які пачне выпускаць наш цэх.
– Якія яшчэ перамены адбываюцца ў філіяле?
– Пра акцыйныя навінкі “Кулінарыі”, якія, дарэчы, ужо ў продажы, мы расказвалі. Гарачыя боханы без упакоўкі акрамя магазіна “Хлеб” пастаўляецца таксама ў “ПраЗапас”. Аўтаматызуюцца яшчэ 15 магазінаў філіяла, што дазволіць аператыўна падаваць заяўкі, адсочваць тэрмін прыдатнасці тавару. “Белкаапсаюз” запускае адзіны інтэрнэт-магазін, і вясковец атрымае любы прамысловы тавар праз тыя ж аўтакрамы. Кожная з іх і літаральна ўсе нашы гандлёвыя кропкі ўпрыгожаны адпаведна святу і чакаюць наведвальнікаў. Прыходзьце і пераканаецеся!
Гутарыла Вольга Караленка.