Вельмі добра, калі ў вас шмат родных, сяброў і калег, вось толькі напярэдадні Новага года прыходзіцца ламаць галаву, як парадаваць кожнага хаця б невялікім падарункам? Можна, канечне, набыць у краме каробку цукерак ці шкарпэткі, але ёсць больш цікавы варыянт: падарыць эксклюзіўную рэч, выкананую рукамі ўшацкіх умельцаў. Сувенір, у які ўкладзены душа і талент творчых людзей, дакладна не пакіне абыякавым!
Набыць жа такія аўтарскія падарункі можна на выставе-продажы, што разгорнута зараз на першым паверсе будынка райвыканкама. Тут прадстаўлены вырабы майстроў Ушацкага Дома рамёстваў і гурткоўцаў аддзяленняў ТЦСАН. “Попытам карыстаюцца, напрыклад, драўляныя магніцікі са святочнымі малюнкамі, якія каштуюць усяго 5-6 рублёў, сувеніры з саломкі, тканіны”, – тлумачыць нам абаяльная Снягурка Крысціна.
А вось “каронка” сацработнікаў – вырабы з папяровых трубачак: куфэркі і вазачкі, снегавікі і гномы – усё вельмі дасканалае і прывабнае. Літаральна на хвілінку затрымаліся ля выставы Міхаіл Хоміч і Гурамі Буркенадзе – хоць разгледзець яе не было часу, але прыгажосць сувеніраў ацанілі. “Трэба будзе штосьці выбраць, вы ж да самага Новага года тут застанецеся?”. Снягурка ўсміхаецца і дае станоўчы адказ.
Цэлы шэраг работ, выкананых у разнастайных тэхніках, падрыхтавалі да навагодняга свята майстры народнага клуба “Адраджэнне”. Паглядзець іх можна на старонцы творчага аб’яднання ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, а дамовіцца аб набыцці – па нумары (8-033) 324-64-11.
Наталля БАГДАНОВІЧ.