Едем на море! Наши советы отдыхающим

Калейдоскоп

Жнівень – цудоўная пара для адпачынку. У нашым прыгожым краі можна выдатна правесці свой водпуск, але традыцыйна многія ўшачане менавіта ў жніўні любяць адправіцца ў цёплыя мясціны, бліжэй да мора, каб змяніць абстаноўку, паправіць здароўе, набрацца сіл і эмоцый. Часцей за ўсё гэта ўкраінскія курортныя гарады на чарнаморскім узбярэжжы. Мы не сталі выключэннем і пабывалі там напрыканцы чэрвеня. Тым, хто збіраецца на адпачынак да мора, нашы парады, правераныя асабіста.

Месца  і транспарт

Перш чым адправіцца ў падарожжа, неабходна вызначыцца з тым, куды вы хочаце паехаць. Не заўсёды проста выбраць горад і гасцініцу. Калі вы дакладна ведаеце месца будучага адпачынку, можна адразу адпраўляцца на вакзал за білетамі ці звязвацца з тураператарамі. Калі ж вы яшчэ не вызначыліся, звярніцеся ў любое турагенства – там, улічваючы суму, якую вы плануеце патраціць, і від адпачынку (актыўны, пасіўны), вам падкажуць магчымыя варыянты. Можна інфармацыю пра курорты, з водгукамі і фотаздымкамі, знайсці і ў інтэрнэце.
Маршрут выбраны, засталося вызначыцца з транспартам. Заўсёды былі папулярнымі вандроўкі на цягніку. Сапраўды, гэта даступна, нядорага і цікава. Калі надакучыць сядзець, можна прайсціся па вагоне. Аднак вызначаны маршрут цягнік пераадольвае амаль удвая марудней за аналагічны на аўтобусе. Ды і не вельмі зручна ўшачанам дабірацца да чыгункі: у Полацку і Віцебску не так многа цягнікоў, якія едуць па “марскіх” маршрутах, а да Мінска дабірацца з чамаданамі не вельмі лёгка.
Найлепшы варыянт, на нашу думку, – гэта вандроўка на экскурсійным аўтобусе полацкіх і наваполацкіх тураператараў. Вы ў вызначаны час прыязджаеце ў адзін з названых гарадоў, садзіцеся ў аўтобус – і ні аб чым не клапоціцеся да часу прыбыцця на мора. У гэтага віду транспарту таксама ёсць свае “плюсы” і “мінусы”. Не вельмі зручна спаць, за ноч у дарозе зацякаюць ногі. Днём ехаць прасцей: аўтобус даволі часта здзяйсняе «санітарныя» прыпынкі, за час якіх можна прывесці сябе ў парадак, размяцца. Калі едзеце з дзіцем, спаць яго лепш пакласці галавой не на калені, а на падушку да акна, а ногі дзіцяці – на сябе. Пад спіну сабе лепш пакласці маленькую падушку. Вельмі зручна ў дарозе з падушкамі ў форме літары «С». У камфартабельных экскурсійных аўтобусах прапануюць чай, каву, раздаюць пакеты для смецця.

Выбар тураператара

У прынцыпе, ад гэтага выбару мала што залежыць: усе турфірмы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і кошт пуцёўкі ў іх прыблізна аднолькавы (у Крым на 10 дзён каля 160-200 долараў). У пэўны дзень чэрвеня наш аўтобус адпраўляўся з Наваполацка, заязджаў у Полацк, далей – праз Віцебск, Оршу, Магілёў, забіраў людзей і ўжо ў Крыму развозіў па базах адпачынку. Усе мы заключалі дагаворы з рознымі турфірмамі ў розных гарадах, а вандравалі і адпачывалі разам. Адзінае, на што хацелася б звярнуць вашу ўвагу, гэта кошт турыстычнай паслугі, якую неабходна заплаціць турфірме ў дзень заказу пэўнага маршруту. Некаторыя турфірмы бяруць плату ў памеры 80 тысяч, іншыя – 120 і нават 160. Розніца, канечне, невялікая, аднак навошта пераплачваць?

Пакуем чамаданы

Пуцёўкі, білеты куплены. Наперадзе прыемныя клопаты збору. Хочацца купіць новыя рэчы, узяць з сабой любімыя сукенкі і ледзьве не палову летняга гардэробу… Адразу папярэдзім: столькі вам не патрэбна. Вазьміце самае неабходнае, не цягніце вялізныя сумкі, быццам збіраецеся на паўгода. Няма сэнсу звазіць за дзве тысячы кіламетраў туды і назад рэчы, і ні разу іх там не апрануць. Калі штосьці вы і забудзеце – не хвалюйцеся, там вы купіце абсалютна ўсё па такім жа кошце і нават ніжэйшым.
Загадзя прадумайце, якую ежу вы возьмеце з сабой у дарогу. Не бярыце прадукты, якія хутка псуюцца, для зручнасці парэжце іх, не забудзьцеся пра напіткі.
Не менш важна ў час адпачынку падтрымліваць сувязь з роднымі, таму не спяшайцеся закідваць свой тэлефон. У вас ёсць выдатная магчымасць (маем на ўвазе мабільнага аператара МТС) падключыць смс-роўмінг і слаць з берага цёплага мора смс-паведамленні сваім сябрам і знаёмым. На мяжы краін неабходна набраць на тэлефоне наступную камбінацыю: *111*21#клавіша выкліку. Такім чынам вы падключыце роўмінг (паслуга каштуе 6300) і зможаце слаць смс па кошце 500 рублёў і атрымліваць паведамленні з родных мясцін. Вяртаючыся з адпачынку, такой жа камбінацыяй лічбаў вы адключыце роўмінг і зноў будзеце званіць па сваім тарыфным плане.
Не забудзьцеся ўзяць пашпарт, білеты або дагавор, заключаны з турфірмай.

Адвечная тэма – грошы

Што з сабой лепш узяць: наяўныя ці картку? З чым ехаць: з грыўнамі, рублямі, доларамі ці еўра? Колькі з сабой браць грошай? Гэта стандартныя пытанні тых, хто едзе на адпачынак. Практыка паказала, што лепш частку грошай прывезці наяўнымі, а частку – на пластыкавай картцы: зручна і эканомна! Браць з сабой трэба столькі, каб хапіла на пражыванне, харчаванне і транспарт, а таксама на аздараўленне, забавы і экскурсіі, на сувеніры і падарункі блізкім. Якую б вы не везлі валюту, не мяняйце яе ў цягніку, у “абменніках” па дарозе: на месцы курс будзе вышэйшы. Загадзя ўдакладніце ў банку, ці можна будзе з вашай пластыкавай карткі зняць наяўныя за мяжой і якую суму. Здымаюцца і працэнты, хаця і невялікія.
* * *
Безумоўна, гэта толькі невялікая частка ўсіх нюансаў падрыхтоўкі да адпачынку. У любым выпадку самае галоўнае – гэта добры настрой і тыя ўражанні і эмоцыі, якія прывезяце з мора. Прыемнага вам адпачынку!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ,
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *