Депутат должен держать руку на пульсе. Интервью с председателем Ушачского районного Совета депутатов Натальей Маркович

Общество

У рабоце з людзьмі дробязяў быць не можа, а максімальнае садзейнічанне ў вырашэнні жыццёвых пытанняў выбаршчыкаў – важная задача для дэпутатаў. У гэтым пераканана старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, з якой мы пагутарылі пра работу дэпутацкага корпусу.

Цяперашні састаў раённага Савета дэпутатаў 28 склікання заканчвае паўнамоцтвы. Можна сказаць, што гэта пяцігодка была плённай?

– Безумоўна. Зроблена вельмі шмат і апісаць усё ў адным артыкуле проста немагчыма. Дэпутацкі корпус увесь час працаваў у цесным кантакце з органамі выканаўчай улады і меў дачыненне да ўсяго, што адбывалася ў раёне. Адной жа з галоўных задач было і ёсць вырашэнне праблем грамадзян. Дэпутатамі райсавета і першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню праведзены тысячы асабістых прыёмаў, жыхары раёна звярталіся наконт грэйдзіравання і расчысткі дарог, выдалення аварыйных дрэў, аднаўлення вулічнага асвятлення, з пытаннямі па навядзенні парадку, якасці пітной вады. Абсалютную большасць з іх удалося вырашыць станоўча. Наш рэгіён асаблівы: на Ушаччыне 254 населеныя пункты, з іх 146 – з колькасцю насельніцтва да 10 чалавек. Дапамога жыхарам такіх вёсачак на карце раёна заўсёды была на кантролі органаў мясцовага кіравання.

Якія ключавыя пытанні знаходзяцца ў полі зроку раённага Савета дэпутатаў?

– На сесіях райсавета мы разглядаем самыя надзённыя тэмы, сярод якіх зацвярджэнне бюджэту раёна, унясенне змяненняў у комплексныя мерапрыемствы па выкананні шэрагу дзяржаўных праграм, прыняцце рашэнняў па фінансавых і падатковых пытаннях, развіццё падсобных гаспадарак, аказанне дапамогі мнагадзетным сем’ям і многае іншае. Асаблівая ўвага ўдзяляецца добраўпарадкаванню і падтрыманню належнага санітарнага стану тэрыторыі раёна. Кожны год накіроўваюцца сродкі не толькі на навядзенне парадку ў населеных пунктах, а і на рамонт помнікаў, падтрыманне ў належным стане вулічнай і дарожнай сеткі. Сельвыканкамамі і старэйшынамі арганізоўвалася работа па ўборцы несанкцыянаваных звалак, рамонце калодзежаў, устаноўцы дадатковых кантэйнераў, абкосе расліннасці ў вёсках. Стымулам у гэтай рабоце з’яўляецца штогадовы раённы конкурс па добраўпарадкаванні. У бліжэйшы час аб’явім і ўзнагародзім пераможцаў сёлетняга спаборніцтва.

Вырашаць надзённыя праблемы, весці з насельніцтвам дыялог часта дапамагаюць актывісты мясцовага самакіравання…

– У раёне абрана 127 старэйшын. Гэта паважаныя, мудрыя людзі, да іх прыслухоўваюцца ў вёсках. Яны прымаюць удзел у пасяджэннях сесій сельскіх Саветаў дэпутатаў і сельвыканкамаў, з’яўляюцца членамі назіральных камісій супрацьпажарнага стану населеных пунктаў, аказваюць дапамогу ўчастковым інспектарам міліцыі ў папярэджанні правапарушэнняў, правядзенні работы з нядобранадзейнымі сем’ямі. Добра ведаюць патрэбы жыхароў вёскі, часта самі вырашаюць пытанні, звязаныя з бытавымі праблемамі грамадзян. Менавіта старэйшыны займаюцца зборам сродкаў самаабкладання, якія потым накіроўваюцца на добраўпарадкаванне ці іншыя агульныя патрэбы вяскоўцаў.

Пры раённым Савеце дэпутатаў створана Маладзёжная палата. Як задзейнічаны яе рэсурс?

– Так, у яе склад абрана 20 школьнікаў і прадстаўнікоў працуючай моладзі. Сфарміравана 5 пастаянных камісій, работа якіх накіравана на папулярызацыю сярод моладзі дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання, фарміраванне палітычнай культуры, актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Прадстаўнікі палаты праводзяць розныя акцыі, дапамагаюць пажылым людзям. Мы запрашаем членаў Маладзёжнай палаты на сесіі раённага Савета дэпутатаў. Такая работа спрыяе выяўленню лідараў у маладзёжным асяроддзі, дае магчымасць маладому пакаленню прыняць удзел у вырашэнні тых ці іншых пытанняў, рэалізацыі сацыяльных праектаў.

Падводзячы ж вынік, адзначу, што дэпутат – гэта не проста званне, а адказная місія. Хачу падзякаваць за зладжаную работу ўсім дэпутатам райсавета, а таксама ўсім, хто аказваў нам падтрымку – раённаму выканаўчаму камітэту, арганізацыям і прадпрыемствам раёна.

Дзякуй за размову.

Падрыхтавала
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *