Дополнительный доход в ягодный сезон

Общество

Магазіны, нарыхтоўчыя пункты, работнікі непасрэдна на выездзе да месцаў збору чарніц закупляюць іх, імкнуцца не ўпусціць спрыяльны час. Гэта выгадна і дзяржаве, і насельніцтву.
З 18,2 тон чарніц, што закупіў “Каапнарыхтпрам”, 3,3 – на рахунку работнікаў магазіна ”Сельгаспрадукты”. І нарыхтоўка працягваецца.
– Людзі нясуць і па кілаграму, і па дваццаць за раз, – гаворыць загадчыца крамы Любоў Арлоўская. – Прычым, зборам ягад займаюцца як дарослыя, так і дзеці. Цікава так, у маленькіх вядзерцах прыносяць чарніцы разам з бацькамі іх сыны і дочкі, асобна ім і грошы выплачваем. Прывучаюцца зарабляць.
Так, у старэйшага пакалення таксама ў памяці, як сем’ямі займаліся зборам і здачай ягад, а потым, перад пачаткам навучальнага года, за заробленае куплялі дзецям адзенне да школы.
Цяпер нават і некаторыя маючыя добры дастатак жыхары раёна не ігнаруюць такі прыробак. У “Сельгаспрадуктах” убачыла жанчыну, якая была раней кіраўніком калектыву, разам з дачкой яны здавалі нямала чарніц. Мужчына (былы калега) здзівіўся, чаму яна гэтым займаецца. А чым яшчэ займацца на пенсіі апроч адпачынку, калі не карыснай справай? 
Загадчыца магазіна пералічвае тых, хто, згодна ведамасці, здаў больш чарніц. Т.Шыдлоўская з Лутава Сяльца; К.Хрыпель, А.Захарэнка з гарпасёлка, спіс мог быць вялікі. Прыносяць і парэчкі. Аўчыннікава, Жарыкава, Піменаў – таксама толькі пачатак усяго адной ведамасці.
Каапнарыхтпрам паступова павышае цэны на ягады. Вось і чарніцы спачатку закуплялі па 15 тысяч рублёў за кілаграм, цяпер яны ўжо каштуюць 25.
Акрамя магазіна ”Сельгаспрадукты” актыўнасцю ў нарыхтоўцы ягад вызначаюцца крамы ў Глыбачцы Глыбачэнскага сельсавета, Слабадзе, Вашкове.
Работнікі магазінаў і іншыя нарыхтоўшчыкі запрашаюць здатчыкаў наведвацца да іх у гэты ўраджайны на ягады сезон.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: прымае чарніцы Любоў Арлоўская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *