На Ушаччине возобновлена такая форма работы с населением, как День сельсовета. Рассказываем, какие проблемы волнуют жителей района

Общество

На Ушаччыне наладжана шмат розных форм работы з насельніцтвам – прыёмы грамадзян, “прамыя лініі”, сустрэчы з працоўнымі калектывамі і па месцы жыхарства. Зараз адноўлены і яшчэ адзін фармат – Дзень сельсавета. У канцы лістапада-пачатку снежня маніторынгавыя групы пабывалі ў вёсках Ушацкага сельсавета, пагутарылі са старэйшынамі і вяскоўцамі. Абмеркаванне ж агучаных праблем адбылося на нарадзе ў старшыні райвыканкама С.С.Садоўскага з удзелам зацікаўленых службаў.

Паколькі маніторынг супаў з інтэнсіўным снегападам, то ў многіх населеных пунктах прадказальна гучалі нараканні на расчыстку дарог, зараз пытанне знята дарожнікамі і камунальнікамі. Але менавіта гэтым службам дасталася найбольш даручэнняў па выніках Дня сельсавета – па якаснай расчыстцы, вырубцы драўнінна-
хмызняковай расліннасці ўздоўж дарог, замене знакаў, рамонце вулічна-дарожнай сеткі.

Матырынцы прасілі падоўжыць маршрут рэйсавага аўтобуса да будынка СДК і абсталяваць там пункт прыпынку. Просьба будзе задаволена, але прыйдзецца крыху пачакаць: як паведаміў начальнік участка “Ушачы” АТП №6 г.Наваполацка Р.Ф.Рудзёнак, вясной у прыгаданым месцы будуць зроблены пляцоўка для развароту аўтобуса і прыпынак, усе дакументы для гэтага ўжо гатовы.

Жыхароў Заазер’я, Пліна не задавольвае асартымент у аўтамагазіне. Як паведаміла дырэктар Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Г.У.Хамёнак, насычэнне аўтакрам і сельскіх магазінаў таварамі зараз на асаблівым кантролі. Скарга ж на адсутнасць камбікорму неабгрунтаваная – тавар ёсць у наяўнасці і завозіцца вяскоўцам па заяўцы, дадзенай напярэдадні вадзіцелю-прадаўцу. Хоць і прыпыняецца аўтакрама ў Ліпаўцы, аднак часовае закрыццё магазіна ў мікрараёне лясгаса выклікала для многіх нязручнасці. У бліжэйшы час будзе вырашана кадравае пытанне і гандлёвая кропка зноў прыме пакупнікоў з абноўленым асартыментам.

У Астравенцы і Глыбачцы агучылі ўжо набалелае пытанне наконт якасці вады. Па інфармацыі “Полацкводаканала” ў планах на 2024 год значыцца абсталяванне міні-станцыі абезжалезвання ў першай вёсцы.

У Лазоўцы, Заполлі, Глыбачцы прасілі арганізаваць выязное медабследаванне, паколькі ў гэтай зоне няма ФАПа. Наладзіць рэгулярнае наведванне пажылых медработнікамі прасілі і ў Замошшы, Пушчы, Старым Сяле. Гэтую недапрацоўку ўжо выпраўляе кіраўніцтва ЦРБ.

У многіх населеных пунктах падымалася пытанне наконт зносу старых дамоў, якое не вырашыць за некалькі дзён, у адных выпадках трухлявыя будынкі павінен убіраць сельвыканкам, у другіх – уласнікі, куды больш складана ліквідаваць былыя сацыяльныя, але ўжо аварыйныя аб’екты, кшталту школ у Матырыне і Заазер’і.
С.С.Садоўскі: “Лічу, што Дзень сельсавета – гэта добрая практыка. Важна ведаць праблемы людзей і па магчымасці аператыўна іх вырашаць. Задача органаў улады – стварыць камфортныя ўмовы пражывання.”

Пасля нарады з’явіўся пратакол даручэнняў, большасць з якіх будуць выкананы на працягу снежня. Ёсць і такія, што вырашыць хутка не атрымліваецца. Напрыклад, ва Угрынках дрэнная мабільная сувязь. На запыт райвыканкама мабільны аператар даў адказ, што работы па паляпшэнні якасці паслугі запланаваны на 2025 год.

Ну а наступны на чарзе па рабоце з насельніцтвам – Глыбачанскі сельсавет.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *