В новом выпуске проекта «Один день с …» рассказываем о работе службы обслуживания внутридомового газового оборудования Ушачского района газоснабжения

Калейдоскоп

“А вы што, насамрэч збіраецеся з нашым слесарам увесь маршрут праехаць? Дык вам, напэўна, хутка стане сумна: ён сёння паўсюдна будзе выконваць аднолькавую аперацыю – тэхнічнае абслугоўванне газавых катлоў”, – паціснуў плячыма майстар Ігар Швейкус, калі праважаў нас а восьмай гадзіне раніцы на пляцоўку, дзе стаяў аўтамабіль Віктара Селезня (на здымку). Менавіта з гэтым работнікам службы ўнутрыдамавога газавага абсталявання Ушацкага раёна газазабеспячэння мы вырашылі правесці працоўную змену, каб у рамках нашага праекта расказаць чытачам пра перадавіка прадпрыемства і справу, якой ён займаецца. “Дык мы ж у розных людзей пабываем – па-любому будзе цікава”, – запэўніваю майстра і саджуся ў кабіну УАЗа-фермера, які бярэ курс на Ільюшына.

Свае – лепей!

Гэты населены пункт з даўнімі “газавымі” традыцыямі трапіў у маршрут дзякуючы графіку – складаецца ён так, каб усе катлы былі правераны раз у год. Па дарозе Віктар расказвае, што на Ушаччыне прыродным газам зараз ацяпляюцца 930 спажыўцоў, а непасрэдна на абслугоўванні нашых газавікоў знаходзяцца 585 катлоў. І лічбы гэтыя павялічваюцца: так, сем год таму апошняя складала 200, а істотна вырасла не толькі з-за ўвядзення новых кааператываў, а і таму, што многія ўладальнікі катлоў пераводзяць іх на абслугоўванне ўшацкай арганізацыі.

І ў першым доме, куда мы завіталі, атрымалі гэтаму пацвярджэнне. Прыветлівая гаспадыня Таццяна Касарэнка расказала, што ў газіфікаваным катэджы з усімі выгодамі яны з сястрой Нінай Піткевіч жывуць з 2009-га, а тры гады таму вырашылі не траціць грошы на дарагі рамонт старога катла і ўзялі ў растэрміноўку новы. І калі першы абслугоўвалі прыватнікі з іншага раёна, то гэты даручылі ўшацкім газавікам. “Свае – лепей! – упэўнена Таццяна Анатольеўна. – І прыязджаюць хутка, і ў святочныя дні, калі што здарыцца, без цяпла не застанешся. Па візіце заўсёды можна дамовіцца: я на комплексе даяркай працую, сёння на выхадным, а калі на змене, дык пад мяне падладжваюцца, у які час змагу быць дома. І па разліку ў нашых зручна: за сённяшнюю паслугу 45.70 ёсць магчымасць аплаціць у наступным месяцы. Адным словам, усё нас задавальняе!”.

Пакуль гаспадыня рэкламуе ўшацкіх газавікоў, Віктар хутка здымае корпус і пачынае з “генеральнай уборкі” катла: за год на дэталях асядае пыл і не толькі – вентылятар зацягвае ўнутр камароў і мошак. “У гэтым, як бачыце, іх нямнога, бывае і значна больш, – расказвае слесар, падключаючы будаўнічы пыласос. – Ёсць кацёл у Вашкове на сядзібе ля лесу, дык калі я першы раз яго разабраў – нават войкнуў: камарыны пласт там даходзіў аж да канца гарэлкі. І гэта не адзіная жыўнасць, якую даводзіцца вымаць з агрэгатаў: у некаторыя мадэлі могуць пралезці і мышкі”. На апошнім слове гаспадарскі кот Цімоха, які мітусіўся па кухні, навастрыў вушы і ўсім сваім выглядам паказаў, што тут такое немагчыма.

Ну а згадванне грызуноў стала нагодай успомніць выпадак у Глыбачцы, калі ў адным з дамоў яны ноччу прагрызлі рызінатканевы рукаў паміж балонам і плітой, на якім быў налёт тлушчу, а паколькі гаспадыня не мела звычкі перакрываць кран, прапан, цяжэйшы за паветра, сабраўся ў склепе пад кухняй. Характэрны пах жанчыну не надта ўсхваляваў – адчыніўшы фортку, яна запаліла канфорку… і дзівам засталася жывой пасля выбуху. Віктар быў у брыгадзе, якая выязджала на месца здарэння, і расказвае пра гэту сітуацыю кліентам у якасці ілюстрацыі наступстваў парушэння правілаў абыходжання з газавымі прыборамі.

Нагадвае іх карыстальнікам у кожным доме: адчуўшы падазроны пах, перакрыйце краны, адчыніце вокны, не ўключайце святло і электрапрыборы, пакіньце памяшканне і набярыце нумар аварыйнай службы 104.

Замест газу… вада

Слесар тым часам правярае гразевы фільтр і канстатуе, што ў гэтым домаўладанні ён устаноўлены правільна: на гарызантальнай лініі сістэмы. Калі ж зманціраваць яго на вертыкальнай, пры ўключэнні катла фільтр можа “падбівацца” смеццем (напрыклад, кавалкамі ржы) – і спыніцца цыркуляцыя.

“Увогуле мантаж сістэмы ацяплення лепш давяраць спецыялістам! Каб не здаралася кур’ёзаў накшталт таго, які адбыўся нядаўна ў Арэхаўне: гаспадары вырашылі самі падключыць кацёл да сістэмы, і калі мы прыехалі падаць газ, з гарэлкі пырснула… вада, якую яны памылкова вывелі на газавы клапан”, – распавядае В.Селезень, пакуль мы пераязджаем да наступнага ільюшынскага кліента. – Важны нюанс, з-за якога кацёл можа выдаваць памылку, правільнае размяшчэнне дымахода, які не павінен мець ухіл да зямлі, бо гэта спрыяе ўтварэнню ўнутры наледзі, у кацёл можа трапіць кандэнсат. Яшчэ адно важнае патрабаванне – добрая электрасетка дома, якая можа вытрымаць нагрузку шматлікіх сучасных прыбораў. Згодна з правіламі, ад лічыльніка да катла павінна ісці асобная лінія. Абавязковая і наяўнасць зазямлення. Так, адзін з ушацкіх карыстальнікаў памяняў плату ўпраўлення катла, якая праз паўгода выйшла са строю – як аказалася, адбылося гэта менавіта з-за адсутнасці зазямлення, і калі яго зрабілі, праблем з абсталяваннем больш не было”.

Узамен пяці прычэпаў

Гаспадар невялікага ўтульнага дома Аляксандр Гваздзёў нас ужо чакаў. “Газавае ацяпленне на бацькоўскай сядзібе абсталяваў у 2015-м – шкада толькі, што не паспелі тата з мамай доўга пажыць пры такіх цудоўных выгодах”, – зазначае мужчына, які мае катэдж ва Ушачах, а вясковы дом выкарыстоўвае як дачу, займаецца пчалярствам. Спачатку тут стаяў карэйскі “Navien”, які абслугоўвалі спецыялісты з іншага раёна, а новы “Immergas” набываў з разлікам, што пяройдзе да ўшацкіх газавікоў. “Памяшканне невялікае, кацёл працуе напаўсілы, адпаведна і плаціць за ацяпленне даводзіцца рублёў пад 30 у месяц, тады як у нашым жыллі ў райцэнтры атрымліваецца пад 100”, – тлумачыць Аляксандр Мікалаевіч.

Калі ж я пытаюся, якая марка стаіць у катэджы, адказ мне тут жа дае не гаспадар, а слесар. А на здзіўлены погляд зазначае, што ведае на памяць абсталяванне лічы што ўсіх без малога шасці соцень сваіх кліентаў.

Правяраючы работу кампрэсара, Віктар даступна тлумачыць, чым адрозніваюцца бітэрмічныя катлы (тут менавіта такі) ад двухконтурных – першыя, на яго думку, больш зручныя. Цалкам задаволены выбранай маркай і А.Гваздзёў, як, зрэшты, і абслугоўваннем.

А вось гаспадыню наступнага дома Рыту Генадзьеўну Клопаву нам давялося крыху пачакаць – жанчына працуе санітаркай на ФАПе і, адпрасіўшыся з работы, прымчала дамоў… на электрасамакаце. Так што памыляецца той, хто лічыць Ільюшына глыбінкай, дзе не ведаюць навінак цывілізацыі! Газавае ацяпленне іх сям’я правяла не так даўно – калі выкупіла калгасны дом. “Раней па пяць машын дроў за зіму ў печы спальвалі: тапілі да поўначы, а на золку прачыналіся ад холаду. А цяпер проста не можам нарадавацца! Кацёл айчыннай зборкі “Bellagaz” набылі ў растэрміноўку, ацяпленне абыходзіцца рублёў у 40. Увогуле, выдатна, што газ прыйшоў не толькі ў гарады, а і ў вёскі!”, – дзялілася ўражаннямі жанчына, пакуль слесар зачышчаў электроды распальвання.

Пацікавіўшыся, ці правяралі на сядзібе дымаходы, Віктар прыгадаў сёлетнюю гісторыю, дзе таксама не абышлося без удзелу жыўнасці: “У доме на вуліцы Горкага ў райцэнтры ў цёплы сезон катлом не карысталіся, а калі восенню вырашылі пратапіць – ён выдаў “памылку”. “Можа, што-небудзь у дымаход трапіла?” – запытаўся я ў гаспадароў. “Ды не, наўрад ці”, – кажуць тыя. Калі ж выйшаў у двор, убачыў, што з коміну выглядае… пер’е. Аказалася, за лета сінічкі звілі там гняздо”.

Універсал – як і ўсе

Віктар не з тых, хто пры кожным зручным выпадку любіць казырнуць красамоўнасцю, але субяседнік ён выдатны: эрудзіраваны, шчыры і пазітыўны. У газавую гаспадарку прыйшоў не адразу: пасля заканчэння Жарскай школы паступіў у лясны тэхнікум, пачынаў кар’еру ў Пружанскім лясгасе, завочна скончыў Бранскую інжынерна-тэхналагічную акадэмію. Праз пэўны час вярнуўся на малую радзіму, працаваў інжынерам па ахове і абароне лесу Ушацкага лясгаса, а потым прыняў прапанову тагачаснага галоўнага інжынера раёна газазабеспячэння Андрэя Галяковіча паспрабаваць сябе ў новай сферы. Пачынаў вадзіцелем і слесарам, працаваў на пасадах інжынера і майстра, калі ж падчас аптымізацыі развіццё кар’еры патрабавала пераезду ў горад, прыняў рашэнне застацца ў родных мясцінах, бо тут ужо “пусціў карані”: пабудаваў дом, стварыў сям’ю. Ды і калектыў вельмі падабаўся.

Кемліваму работніку даручылі складаны сектар – устаноўку і абслугоўванне газавых катлоў – і доўгі час ён быў адзіным такім спецыялістам. Зараз работу падобнай спецыфікі могуць выконваць таксама Аляксандр Дрозд і Віктар Клачок, але ў складаных яе нюансах герою артыкула роўных няма. Пры гэтым, як і ўсе райгазаўцы, ён – сапраўдны ўніверсал, а яго шустры аўтамабіль, які, дарэчы, прадпрыемства атрымала год таму, можна ўбачыць на розных вытворчых аперацыях: днямі, напрыклад, са зваршчыкам падключалі на вуліцы Дружбы новага спажыўца газу, а калі выходзіць са строю “касета” (так называюць машыну для дастаўкі звадкаванага газу), грузіць у свой кузавок паўтара дзясятка балонаў і развозіць вяскоўцам. Часта накіроўваецца і ў іншыя раёны вобласці, калі там тэрмінова патрабуецца дапамога. Увогуле В.Селезень – адзін з лепшых спецыялістаў рэгіёну: сведчыць пра гэта і факт, што ў складзе каманды ўшацкага прадпрыемства разам з І.Швейкусам і А.Драздом ён быў фіналістам абласных спаборніцтваў работнікаў адпаведнай службы, а яго прозвішча занесена сёлета на Дошку гонару філіяла “Полацкгаз”.

У гэты дзень мы наведалі яшчэ некалькі ільюшынскіх сядзіб, зазірнулі і ў Ліпавец. Калі ж ехалі на базу, было нават крыху шкада, што ўсе пункты дзённага графіка ўжо выкананы. Як бачыце, не падманула я раніцай майстра – сумным наша вытворчае падарожжа дакладна не было!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *