На базе физкультурно-оздоровительного комплекса “Юность-Ушачи» прошла межрайонная спортландия «Спорт равный возможностей» среди людей с инвалидностью

Cпорт

Традыцыйна міжраённая спартландыя пад такой назвай стала адной з цэнтральных падзей, прымеркаваных на Ушаччыне да Дня інвалідаў. Нягледзячы на “нялётнае” надвор’е, на спарткомплекс ужо зранку спяшаліся асаблівыя ігракі з нашага райцэнтра, Лепеля, Чашнікаў. Было зразумела: выпрабаванняў яны не баяцца!

– Бачымся кожны год, ужо паспелі пасябраваць камандамі, таму не маглі сёння не прыехаць! – апрануўшы ўніформу і рыхтуючыся да зарадкі, дзяліліся з намі прадстаўнікі Чашніцкага ТЦСАН. – Тактыку дзеянняў прадумалі, але ж на перамогу ўсё роўна наўрад ці зможам разлічваць: ужо прыкмецілі, што большасць лепяльчан – маладыя і даволі актыўныя юнакі. Ну а “гаспадары” сустрэчы, нягледзячы на пераважна жаночы склад, заўсёды дэманструюць клас у большасці дысцыплін.
Забягаючы наперад, варта сказаць, што “прадказанні” нашых суразмоўцаў спраўдзіліся: першынствавалі на спартландыі лепяльчане, крыху саступілі ім ушачане. Ды гэта зусім не важна: людзі з інваліднасцю, валанцёры збіраюцца найперш для таго, каб цікава правесці час, падзяліцца навінамі, карыснымі знаходкамі.

Атмасфера ў зале была ў гэты дзень, сапраўды, асаблівая. Трэба было бачыць, як усе шчыра парадаваліся, калі ў імправізаваным боўлінгу ўшачанін Артур Дробат два разы запар выбіў “страйк”, як кінулася ўся чашніцкая каманда да сваёй ўдзельніцы, якая аступілася падчас эстафеты, як артыстычна праявіў сваё здзіўленне малады лепяльчанін, калі яго таварыш зблізку не забіў мяч… Апошняе выпрабаванне, дарэчы, было адным з самых захапляльных. Пры ўяўнай прастаце задачы паддавалася яна не ўсім, ды і спачатку склалася абсалютна аднолькава для каманд – давялося дадаткова выпрабоўваць капітанаў, некалькі разоў павялічваючы адлегласць да варотаў.

– У баскетболе мы былі больш трапныя! – не хваваў эмоцый ушачанін Дзмітрый Голік. – Хаця б адзін раз з трох спроб у кальцо траплялі. Цікава, што звычайна ў апошнюю.

Амаль дзве гадзіны доўжыліся спартыўныя баталіі. Балельшчыкі з азартам сачылі за ходам падзей, бурнымі апладысментамі падтрымлівалі ігракоў. Яркіх уражанняў мерапрыемству дадалі таксама вакальныя, харэаграфічныя нумары ад культработнікаў Ушаччыны, гурткоўцаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

– Сёння, нягледзячы на розную колькасць набраных камандамі балаў, несумненна, перамагло сяброўства! – падводзячы вынікі спартландыі, зазначылі арганізатары. – Сваёй бадзёрасцю, сілай духу кожны з вас даказаў, што любыя выпрабаванні лёсу пераадольныя.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі дыпломы ад сектара спорту і турызму райвыканкама, салодкія падарункі ад ТЦСАН і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Дапоўніць радасць сустрэчы паспяшалася і Ушацкая раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын – спецыяльны прыз “За волю да перамогі” ўручаны камандам з Чашнікаў і Лепеля.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *