На гэтым тыдні на спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы” прайшла захапляльная інтэлектуальная гульня “Бітва розумаў”, якую райкам БРСМ арганізаваў для маладых спецыялістаў раёна.
У канферэнц-зале сабраліся тры каманды удзельнікаў, гатовых прадэманстраваць свае веды і кемлівасць, адказваючы на пытанні з розных сфер жыцця. “Узровень складанасці заданняў быў досыць высокім: напрыклад, у адным з тураў трэба было па фатаграфіях назваць знакамітых беларусаў – такіх як Алег Навіцкі, Ірына Дарафеева, Аляксей Талай. Затое цяпер мы ўсе добра ведаем, як яны выглядаюць і ў якіх сферах сябе праявілі”, – падзялілася меркаваннем удзельніца Кацярына Дуброўская.
Ацэньвалі ж конкурсы старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Шаўчэнка, інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Правада і першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель. “У гэтай гульні няма прайграўшых – усе атрымалі прыемныя эмоцыі!” – падкрэсліла апошняя. А падарункам для кожнай каманды стаў смачны каравай ад раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Мерапрыемства адлюстравала актыўную жыццёвую пазіцыю нашых маладых спецыялістаў, якія імкнуцца не толькі ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі, а і павышаць агульны кругагляд.
“Было цікава і весела! З задавальненнем далучуся да падобнага мерапрыемства і ў наступны раз”, – зазначыла педагог Паліна Дзенісёнак. Дарэчы, «Бітва розумаў» аказалася не толькі добрай магчымасцю для маладых спецыялістаў прадэманстраваць свае веды, але і месцам, дзе яны маглі пагутарыць, завесці новыя знаёмствы. Напрыклад, у адной з каманд аб’ядналіся медсястра райбальніцы Дар’я Цвяцінская, выхавацель дзіцячага сада Вікторыя Каранеўская, настаўнікі Ушацкай школы Таццяна Дудкова і Яўген Семянюк, якім раней не даводзілася цесна кантактаваць паміж сабой, але ўжо напрыканцы турніру яны сталі дружнай і згуртаванай суполкай.
Караліна КЛАЧОК.