На полях КУСГП «Великодолецкое»

Сельское хозяйство

– Ужо шмат гадоў працую ў гаспадарцы, а колькі сезонаў на камбайне — адразу так і не прыпомню. Жніво, канечне, гарачая пара, але мы справімся! – упэўнена гаворыць механізатар са стажам КУСГП “Вялікадолецкае” Васіль Рыгоравіч Алексяёнак (на здымку).  
А іншых варыянтаў і не можа быць, бо сабраць ураджай – на сёння першачарговая задача аграрыяў. “Вялікадолецкаму”, як адной з буйных гаспадарак раёна, неабходна выканаць і адпаведна вялікі аб’ём работ – зерневыя і зернебабовыя займаюць 2333 гектары. Перш чым прыступіць да ўборкі зерневых культур, аператыўна справіліся з уборкай азімага рапсу. Не ўсюды ён добра перазімаваў, але ўраджайнасць яго склала 19 цэнтнераў з гектара, што вышэй, чым у астатніх гаспадарках раёна.
Ну а зараз у самым разгары жніво, услед за “Ільюшынскім” тут ужо намалацілі тысячу тон зерня. Кожную раніцу ў поле адпраўляюцца камбайны і, калі не перашкодзіць дождж, работа іх спыняецца толькі познім вечарам.
Першыя намалочаныя тоны, як звычайна, пайшлі ў дзяржзаказ, які выкананы амаль на 30 працэнтаў. Зерне павышанай вільготнасці дасушваюць на зернесушыльных комплексах.
У гэтым годзе сельгаспрадпрыемства папоўніла парк тэхнікі, новыя камбайны, а іх большасць, дазваляюць больш якасна і без страт збіраць ураджай. Менш здараецца паломак, па магчымасці яны хутка выпраўляюцца прама ў полі. Яшчэ памятаюць некаторыя механізатары, як працавалі на старых “Донах”, як часта ламаліся і якой вялікай была нагрузка на адзін камбайн. Сёння яна ў “Вялікадолецкім” складае каля 260 гектараў.
З кожным днём усё менш застаецца на палях няўбранага хлеба, усё больш намалочана зерня, вядзецца ўборка саломы. І, канечне, збіраючы сёлетні ўраджай, хлебаробы ўжо думаюць і пра будучы.
В.ПОЛАЗАВА.

***

У лік дзяржзаказу

сёлета прымаецца толькі харчовае зерне. А гэта немагчыма без патрэбнай апрацоўкі збожжа. Тым не менш ён ужо выкананы на 31 працэнт, з 2467 тон, што паступілі на Полацкі КХП, 1480 здадзена харчовым. Закрылі план па здачы харчовага жыта “Глыбачаны”, пры заданні 300 тон прадалі 355, усяго раёнам з запланаваных 1800 тон здадзена 823. Найбольш складана атрымаць харчовы ячмень, тым не менш раён паставіў на выпрацоўку крупы 43 тоны з 40 запланаваных – пярлоўку і сечку будуць рабіць з зерня ААТ “Ільюшынскі”. Пры плане 2200 тон харчовай пшаніцы здадзена пакуль 615. Гэтыя лічбы былі б вышэй, калі б не слабая магутнасць зернесушыльных гаспадарак

На адвозцы зерня

на хлебапрыёмныя пункты задзейнічана тэхніка філіяла Ушачы АТП №6 горада Наваполацка, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, “Ніксілбуда”, а таксама індывідуальнага прадпрымальніка П.Л.Цвяцінскага. Акрамя гэтага зарабляюць на адвозцы і самі гаспадаркі. “Райаграсэрвіс”, “Кублічы”, “Селішча” і “Арэхаўна” выкарыстоўваюць патэнцыял машыннага парка кругласутачна. Днём – на адвозцы хлеба ад камбайнаў, ноччу – на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *