З ВІЧ зараз жыве звыш 39 мільёнаў чалавек, з іх 24 тысячы – у нашай краіне. Штогод такі дыягназ ставіцца 2 тысячам беларусаў – пераважна мужчынам і жанчынам ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў, каля 80 працэнтаў складае палавы шлях перадачы. На 1 лістапада інфіцыраваных на Віцебшчыне было 1426.
У нашай краіне пацыенты з ВІЧ забяспечваюцца антырэтравіруснай тэрапіяй. Дзякуючы ёй не толькі павялічваецца працягласць жыцця, паляпшаецца яго якасць, але і папярэджваецца перадача хваробы пры палавых стасунках. У групах павышанай рызыкі рэалізуюцца спецыяльныя прафілактычныя праграмы: па абмене іголак і шпрыцаў, кансультаванні і тэсціраванні на ВІЧ, сацыяльным суправаджэнні для ўключэння ў сістэму аказання спецыяльнай меддапамогі. Усё гэта дазваляе ўтрымліваць станоўчую тэндэнцыю па зніжэнні захваральнасці ў Беларусі, а таксама смяротнасці ад прычын, звязаных з ВІЧ-інфекцыяй. Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пройдуць тэматычныя акцыі, флэш-мобы, конкурсы з удзелам спецыялістаў устаноў аховы здароўя, адукацыі і іншых ведамстваў, валанцёры. Далучайцеся!
За гады эпідэміі ад хвароб, звязаных з ВІЧ, памерла каля 40 мільёнаў чалавек. Важна памятаць, што гэтая інфекцыя не перадаецца кантактнабытавым і паветранакропельным шляхам.
Ушацкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.