Глыбочанской школе — 100 лет! Фоторепортаж с мероприятия

Общество

Да ўрачыстасці з нагоды стагадовага юбілею Глыбачанскай школы настаўнікі, вучні і бацькі рыхтаваліся не адзін тыдзень. Неаднойчы дапаўнялі сцэнарый, рэпеціравалі музычныя нумары, прадумвалі касцюмы, майстравалі на ўроках працы незвычайныя кветкі з заказанага ў інтэрнэце матэрыялу… А калі надышоў дзень свята, вельмі хваляваліся, бо хацелі, каб усё прайшло бездакорна і адпавядала велічнасці круглай трохзначнай лічбы.Так яно і адбылося: імпрэза атрымалася ўзнёслай і па-сямейнаму цёплай, а перад вачыма гасцей, што запоўнілі ўтульную залу школьнай сталовай, разгарнулася рэтраспектыва векавой гісторыі: кадры хронікі і пажоўклыя здымкі на экране ажыўлялі на сцэне юныя артысты, якія ператвараліся ў першых глыбачанскіх піянераў, танцавалі развітальны вальс у апошні даваенны вечар, малявалі сонца і марылі пра мір ва ўсім свеце, як школьнікі 70-х.

З падарункамі і віншаваннямі

Вядома ж, выходзілі на сцэну і госці. “Заўсёды прыемна ў вас бываць: тут чыста, светла, утульна – як дома. І ў стварэнні гэтай атмасферы заслуга ўсіх работнікаў установы, сярод якіх, дарэчы, шмат мясцовых выпускнікоў. Упэўнена, што цяперашні калектыў пераадолее ўсе цяжкасці, будзе і надалей дастойна вырашаць пастаўленыя задачы, дасягаць новых поспехаў. Дык няхай жа працягваюцца слаўныя традыцыі Глыбачанскай школы!” – прывітала гаспадароў старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч і ўручыла падарунак – грашовы сертыфікат (дарэчы, Арцём Іванавіч Церашкавец, які выконвае абавязкі кіраўніка ўстановы, адкрыў нам сакрэт, што за гэтыя сродкі будзе набыты электронны мікраскоп – і цяпер, ён спадзяецца, у школе абавязкова будуць алімпіяднікі па біялогіі).

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Ганна Францаўна Струй выканала прыемную місію: уручыла настаўнікам пачатковых класаў Алене Аляксееўне Чаркес і Святлане Васільеўне Зайцавай, выкладчыкам рускай мовы і літаратуры Кацярыне Дзмітрыеўне Літвін і нямецкай мовы Таісе Ігараўне Церашкавец, памочніку выхавальніка Ірыне Васільеўне Палавінка Ганаровыя граматы аддзела. З віншаваннямі і падарункамі выйшлі на сцэну і кіраўнікі іншых устаноў адукацыі.

Вехі слаўнай гісторыі

Глыбачанская школа прыгадваецца ў спісе ўстаноў Полацкага ўезда, які датаваны канцом 1923 года – адпаведны дакумент захоўваецца ў Дзяржаўным архіве вобласці. Была яна трохгадовай, а 67 дзяцей вучыў адзін настаўнік. У 1935-м школа мела ўжо 5 класаў і піянерскую арганізацыю. У час вайны 64 былыя глыбачанскія вучні аддалі жыццё за свабоду нашай Радзімы, а да 20-годдзя Вялікай Перамогі загадам тагачаснага дырэктара Аляксандра Краўчанкі іх імёны былі навечна занесены ў спісы навучэнцаў школы. У іх ліку – выпускнік Васіль Маршалаў, разведчык партызанскага атрада імя Даватара, які ў адным з баёў быў паранены і зажыва спалены фашыстамі ў стозе сена.

У 1954-м школа атрымала статус сярэдняй, а ў 1966-м ёй было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Барыса Іванавіча Юркіна. У 60-70-х вучні актыўна дапамагалі мясцоваму саўгасу, апрацоўвалі вялікі ўчастак і нават прынялі ўдзел ва Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі, працаваў літаратурны гурток “Узыход”, стварыў які настаўнік рускай мовы і літаратуры Іван Васільевіч Законнікаў, а адным з удзельнікаў быў яго сын Сяргей. У 1973-м узведзены новы школьны будынак, у 1984-м адкрыўся музей, дапамогу ў стварэнні якога аказаў мясцовы мастак – ветэран Вялікай Айчыннай Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. У 80-я 9 былых вучняў школы прайшлі суровыя выпрабаванні ў Афганістане. У наступныя дзесяцігоддзі ўстанова вядзе актыўную краязнаўчую работу, развівае турыстычны напрамак. Дасягае поспехаў і ў вучэбным працэсе: яе гонарам з’яўляюцца медалісты Юлія Кляпец, Алена Волкава, Наталля Хвошч, Дзіяна Герцык, Лізавета Казлова. Апошняя летась і сёлета ўзяла “золата” і “бронзу” заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, а ў папярэднія гады на абласным туры па гэтым жа прадмеце тройчы перамагала Юлія Чыграй. Пасля аптымізацыі ў глыбачанскі калектыў уліліся вучні і педагогі Дубраўскай і Вяркудскай школ, якія ўносяць важкі ўклад у дасягненні ўстановы. Дарэчы, менавіта ў іх пачыналі вучобу медалісткі Д.Герцык і Л.Казлова.

Было што прыгадаць!

Гісторыя ўстановы застаецца ў музейных экспанатах і летапісах. А яшчэ ажывае ў аповедах педагогаў са стажам і ветэранаў, якія ахвотна дзяліліся на свяце сваімі яркімі ўспамінамі.
Галіна Леанідаўна Кляпец: “Магу назваць сябе рэкардсменам, бо з усіх былых дырэктараў пратрымалася на гэтай пасадзе самы працяглы час – 12 год, ды плюс яшчэ 13 завучам. А трапілі мы з мужам Міхаілам Сямёнавічам у Глыбачанскую школу выпадкова: запрасіла тагачасны дырэктар Лідзія Іванаўна Ліскова, якая калісьці вучыла Мішу ў Кубліцкай. У вёсцы ўжо была бальніца, будаваўся Дом культуры, ды і кватэру ў настаўніцкім доме паабяцалі. Пра выбар свой не пашкадавалі. Калектыў тут склаўся выдатны, з канца 70-х і на працягу двух дзесяцігоддзяў заставаўся практычна нязменным. Сярод настаўнікаў было шмат сямейных пар: мы, Раман Дзмітрыевіч і Марыя Фёдараўна Папельскія, Генадзь Дзмітрыевіч і Антаніна Барысаўна Осіпавы, іншыя. Па чарзе ў дэкрэт хадзілі – нараджалі ж у асноўным па трое дзяцей. Жылі сваёй справай, днявалі і начавалі ў школе…”

Алена Аляксееўна Чаркес: “Апроч пачатковых класаў даручылі мне яшчэ і пасаду сацыяльнага педагога, так што ўласныя дзеці мяне амаль не бачылі: забягу вечарам дамоў, каб мокрыя боты памяняць, і далей па вучнёўскіх сем’ях. А сын у мой клас на перапынку зазірне з дзённікам: “Мама, падпішы, калі ласка, а то ўчора цябе не дачакаўся…” Цікавы факт: у адрозненне ад іншых школ, у нашых настаўнікаў практычна не было мянушак – маглі максімум назваць кагосьці “матэматычкай” ці “хіміцай”. Неаднойчы выпытвалі ў сваіх дзяцей, як нас “за вочы” клічуць – ды так і не даведаліся!”

Ганна Эдуардаўна Мядзюшка: “Як зараз памятаю свой першы дзень у Глыбачцы: сама я з Вілейшчыны і пры размеркаванні выбірала па карце бліжэйшы да родных мясцін раён, якім аказаўся Ушацкі. Выйшла на Рабаўшчыне (так мясцовыя называюць развілку дарогі на Краснае), бо далей аўтобус не ішоў, тупаю па гразі на абцасах побач з Лідзіяй Іванаўнай Лісковай, а на прызбе хлопцы сядзяць. “Вось, дзяўчыну прыгожую вам прывезла, не крыўдзіце яе!” – жартам кажа мая начальніца. Адзін з іх і стаў потым маім мужам”.

Тамара Пятроўна Чумакова: “Мне асабліва запомніліся нашы паходы. Памятаю, як аднойчы адправіліся мы на Каранёва возера і збіліся з маршруту. Але не паспелі разгубіцца, як нашы хлопцы Міша Кішчанка і Сярожа Вальвачоў ужо разведалі ў мясцовых людзей, куды трэба рухацца. Калі ж, стомленыя, мы прыйшлі да месца, дзеці першым чынам паставілі палатку для настаўнікаў і пакінулі нас адпачываць, а самі тым часам налавілі рыбы, зварылі юшку – прачынайцеся, кажуць, вячэра гатова. Уяўляеце, якія раней самастойныя вучні былі!”

Шмат добрых слоў пачулі мы ў гэты дзень у адрас педагогаў. Калегі прасілі прыгадаць нястомных завучаў Таісу Ігараўну Церашкавец, Галіну Васільеўну Казлову, Алену Сцяпанаўну Герцык, Аліну Мікалаеўну Зянюк, Наталлю Міхайлаўну Уліцкую, сціплую і вельмі адказную настаўніцу Зінаіду Ягораўну Корабаву, былых педагогаў Еўдакію Васільеўну Мядзведзеву, Тамару Ігнацьеўну Жарнасек, Святлану Сямёнаўну Маскаленку, Кацярыну Іванаўну Хадунову, Лідзію Сцяпанаўну Талочка, Надзею Кірылаўну Лемешаву, Лізавету Фёдараўну Яско… Не змагла пабываць на юбілеі Марыя Сяргееўна Каплеўская, таму глыбачанцы перадавалі ёй прывітанне праз газету. Увогуле хацелася б прыгадаць усіх людзей, што пакінулі свой след у гэтай слаўнай векавой гісторыі, хто годна працягвае яе зараз, але паласы для гэтага не хопіць. Затое павіншаваць з нашых старонак мы можам кожнага, хто лічыць гэта свята сваім, хто з гонарам кажа: “Я вучыўся ў Глыбачцы!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *