Пісаць вершы Валодзя Андрыковіч спрабаваў яшчэ у школе – рыфмаваў юнацкія пачуцці і хваляванні… Якімі ж нязначнымі і наіўнымі паказаліся яны хлопцу, калі летам 1981-га ён трапіў у афганскае пекла. Два гады, якія давялося служыць у дэсантна-штурмавой брыгадзе, аздобілі сціплы жыццёвы вопыт вясковага юнака зусім іншымі думкамі і ўражаннямі – іх ён таксама раз-пораз спрабаваў укласці ў радкі. Бязлітасныя ўспаміны не адпускалі і пасля вяртання на радзіму: праз некалькі год Уладзімір вырашыў захаваць перажытае і ўбачанае на паперы. Так і нарадзілася аповесць “Ім ніколі не споўніцца 20”, якая шмат год заставалася рукапісам.
Абнародаваць свой твор лідар раённай суполкі воінаў-афганцаў рашыўся толькі гэтым летам – прачытаў сябрам на штогадовым турыстычным злёце абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Хлопцы абурыліся – маўляў, чаму ўтойваеш свае таленты?! – і прапанавалі выдаць кнігу. Савет арганізацыі ініцыятыву падтрымаў і дапамог увасобіць яе ў жыццё.
“Гісторыя, перададзеная ў творы, выкладзена вельмі даступна і кранальна, яна падкупляе сваёй рэалістычнасцю. Нашы ветэраны, прачытаўшы аповесць, узгадалі апаленую вайной маладосць, баявых сяброў, якія назаўжды засталіся ў цьмяных афганскіх цяснінах”, – падзяліўся з намі актывіст абласной арганізацыі гвардыі падпалкоўнік медыцынскай службы ў адстаўцы Аляксандр Халатран, які ўзяў на сябе афармленне і вёрстку кнігі.
Адзін з экзэмпляраў зборніка аўтар падарыў рэдакцыі. Калі ж пачала чытаць аповесць, асобныя моманты сюжэту і нават прозвішчы падаліся знаёмымі – сустракала іх у артыкуле пра самога Уладзіміра, які некалькі год таму выйшаў у “Патрыёце”. Так, твор у многім аўтабіяграфічны, хіба што ваенны лёс яго аўтара аказаўся больш шчаслівым…
Аповесць прачытала на адным дыханні – быццам сама пабывала ў беларускай вёсачцы Даль (ці не наша гэта Дубраўка?), дзе кожны юнак у канцы 70-х марыў пра матацыкл, пагуляла на заліхвацкіх праводзінах, дзе сабралася ўсё сяло. І зусім не здзівілася, калі галоўныя героі адхілілі прапанову ваенкама, які быў сябрам іх бацькоў і хацеў выкрасліць хлопцаў са спісу тых, хто пойдзе ў Афган: “Калі не мы, то іншыя, калі не нашы бацькі, то другія будуць чакаць і ліць слёзы. Выпаў выбар на нас – значыць, лёс”… У той час большасць хлопцаў думала менавіта так. Не буду пераказваць далейшы змест, скажу толькі, што ваенныя рэаліі аўтар выкладае з жорсткай прамалінейнасцю сведкі апісаных падзей. І становіцца зразумелым, чаму доўгія гады пасля вяртання Валодзя па начах шукаў аўтамат і “хадзіў у атаку”… І перагарнуўшы апошнюю старонку аповесці, пагадзілася з ветэранамі-афганцамі, якія папракалі яго за тое, што столькі год гэтая гісторыя “ляжала пад сукном”…
Дарэчы, гэта ўжо трэцяя кніжка ветэранаў-афганцаў Віцебшчыны, выдадзеная сёлета з дапамогай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання. “Людзі, якія прайшлі Афганістан, цэняць мір па той простай прычыне, што яны бачылі беды, гора, гібель сяброў. Мы не хочам вайны. І гэты год наш Прэзідэнт нездарма аб’явіў Годам міру і стварэння – усе бачаць абстаноўку, што склалася вакол Беларусі. Мы праводзім мерапрыемствы, ажыццяўляем праекты, якія нясуць у жыццё ідэі міру”, – падкрэслівае старшыня арганізацыі Валяр’ян Мацкевіч.
Прэзентацыя зборніка, у які ўвайшлі таксама вершы У.Андрыковіча, адбылася ў Віцебску на пасяджэнні Савета абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання. Адзін з экзэмпляраў аўтар перадаў у раённую бібліятэку. Лёс падрыхтаваў Уладзіміру Якаўлевічу шмат складаных выпрабаванняў, але гэты чалавек не губляе мужнасці і ва ўсім шукае пазітыў. Шчыра віншуем яго з выхадам дэбютнай кнігі і зычым толькі светлых палос у жыцці.
Наталля БАГДАНОВІЧ.