Скоро в школу! Что предлагает покупателям Ушачское райпо?

Выясняем ситуацию

Пачаўся апошні летні месяц, а гэта значыць, што хутка стартуе новы навучальны год. Бацькі, заклапочаныя падрыхтоўкай сваіх дзяцей да школы, спяшаюцца ў магазіны, на рынкі. А што ж сёння з такой нагоды прапануе Ушацкае райспажыўтаварыства?

Больш за тысячу найменняў тавараў чакае вас у аддзеле школьна-пісьмовых і канцылярскіх прылад ва ўнівермагу. Прадстаўлены разнастайныя мадэлі ранцаў, рукзакоў са святлоадбіваючымі элементамі. Усе яны маюць сучаснае афармленне і даволі зручныя – са шматлікімі кішэнямі, розных памераў. На паліцах усё, што душа жадае.
Ужо зараз ва ўнівермагу вопратка амаль на любы густ і кашалёк. Ёсць тавар мінулагодні, а таму яго кошт ніжэйшы за той, які ўстаноўлены на адпаведнае адзенне новага завозу. У шырокім асартыменце прадстаўлены касцюмы, жакеты, блузкі для дзяўчынак, ёсць некаторыя мадэлі касцюмаў для хлопчыкаў. Іх кошт можа прыемна здзівіць пакупнікоў. Напрыклад, штаны для хлопчыкаў і для дзяўчынак можна набыць яшчэ дзесьці за 25 тысяч рублёў. Кошт хлапчуковых кашуляў вар’іруецца ад 4 да 30 і больш тысяч, а жакетаў для дзяўчынак – ад 13 да 117. Можна набыць адразу гатовы касцюм-двойку як для хлопчыка, так і для дзяўчынкі – яго кошт складае каля 100-120 тысяч рублёў. Ёсць і больш дарагія мадэлі.
– Сёлета ў нас асноўнымі пастаўшчыкамі школьнага асартыменту з’яўляюцца ЗАТ “Калінка”, ААТ “Славянка”, Баранавіцкая і Навагрудская швейныя фабрыкі, – расказвае таваравед ІІ катэгорыі Наталля Уладзіміраўна Клопава. – Адметна, што ў гэтым годзе значна пашырыўся мадэльны рад адзення для школы, адпаведна павялічыўся і асартымент. 
Дарэчы, што датычыцца тканін. Безумоўна, найлепш выбіраць натуральныя. Аднак падобных вырабаў няшмат. Большасць касцюмаў мае маркіроўку “святочны”. Іншымі словамі, па вызначэнні медыкаў, у такім адзенні дзіця можа знаходзіцца толькі некалькі гадзін, а не цэлымі днямі на працягу вучэбнага тыдня. Але ж больш прывабная на выгляд усё ж вопратка, пашытая са штучных тканін. Тым больш, яна валодае якасцямі, якія поўнасцю задавольваюць патрабаванні пакупніка: не мнецца, добра мыецца. Варта дадаць, што ўсе тавары, незалежна ад віду тканіны, адпавядаюць санітарным патрабаванням.
Як і ў мінулыя гады, праблемным застаецца выбар мадэляў для дзяцей, як кажуць, нестандартных памераў, асабліва ў дачыненні да касцюмаў. Часам выйсці са становішча дапамагае раскамплектацыя касцюмаў, калі, напрыклад, штаны ці спадніца падышлі аднаго памеру, а пінжак другога.
– Толькі вітаем папярэднія заказы з указаннем канкрэтных памераў, нашы прадаўцы на вёсцы працуюць выключна па такой схеме, – гаворыць дырэктар універмага Ірына Васільеўна Ткачонак. – Хацелася б таксама адзначыць, што калі сямейны бюджэт не дазваляе затраціць за адзін раз патрэбную суму, выйсце ёсць. Ва ўнівермагу пры пакупцы школьных тавараў на суму ад 300 тысяч рублёў можна скарыстацца крэдытам на тры месяцы з першапачатковым узносам 30 працэнтаў ад агульнай сумы. Магчыма, гэтыя ўмовы ў хуткім часе будуць перагледжаны на карысць пакупнікоў.
Сёння ў гандлёвых кропках, дзе прадаецца адзенне для дзяцей, жадаючых набыць што-небудзь пакуль не вельмі многа. Некаторыя адкладваюць “школьны шопінг” да апошніх дзён лета. І дарэмна. Выбраць і зараз ужо ёсць з чаго. Як заўважылі прадаўцы ўнівермага, завозы адзення бываюць пастаянна. Праўда, далёка не ўсіх мадэляў.
Абутак для дзяцей, а яго асартымент таксама даволі разнастайны, райспажыўтаварыства атрымлівае з абутковых прадпрыемстваў Магілёва, Гродна, Ліды, СП “Марка”, ЗАТ “Сівельга” і інш. Асартымент пастаянна абнаўляецца. А таму кожны вучань знойдзе ў “Гандлёвых радах” патрэбную “пару” па сваім гусце. Кошт тавару разнастайны, залежыць у першую чаргу ад мадэлі.
У хуткім часе будуць арганізаваны выставы-продажы з пашыраным асартыментам ва ўнівермагу, а 18-19, 25-26 жніўня пройдуць традыцыйныя школьныя базары, на якія са сваім таварам прыедуць прадстаўнікі гандлёвых прадпрыемстваў з суседніх раёнаў.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *