Молодой специалист Ушачского дома ремёсел Кристина Дерябина знает, как заинтересовать детей на занятиях кружка по художественной резьбе

Образование и молодежь

“Для сваёй першай работы я абрала выяву каня, таму што лічу гэту жывёлу вельмі прыгожай”, – дзялілася з намі мастацкімі прыхільнасцямі Жэня Майсяёнак. Яе сяброўка Насця Серадзенка расказвала, як спадабаўся маме выразаны ёю коцік. Віка Пятніца працавала над фігуркай гнома. А Арсеній Багданаў і Ілья Азаронак ахвотна тлумачылі, як правільна трымаць у руках разцы, пілку, стамеску і для чаго патрэбны клюкарэзы. Усе гэтыя дзеці з захапленнем навучаюцца старажытнаму беларускаму рамяству на занятках гуртка па мастацкім разьбярстве, вядзе якія малады спецыяліст Крысціна Дзярабіна.

Да калектыву Ушацкага Дома рамёстваў выпускніца Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа далучылася толькі некалькі месяцаў таму, але ўжо паспела тут адаптавацца, а захопленасць юных гурткоўцаў сведчыць пра тое, што старт яе працоўнай дзейнасці атрымліваецца ўдалым. Ва Ушачах годныя разьбярскія традыцыі, закладалі якія Сяргей Роўба, Міхаіл і Андрэй Казіцкія, працягваюць Юрый Пашковіч і Вячаслаў Мурашоў. Як бачна, праяўлялі сябе ў гэтым напрамку выключна мужчыны – але Крысціна нечакана парушыла гэту гегемонію. Існуе стэрэатып, што для работы з дрэвам патрэбна фізічная моц, дзяўчыну ж пры ўсім жаданні атлетычнай не назавеш. Дык чаму разьбярства, а не, скажам, больш уласцівае слабаму полу шыццё?

– Думаю, што ў любым творчым занятку рукі павінны быць найперш не дужымі, а ўмелымі, – з усмешкай кажа майстрыха. – Да слова, вышываць я таксама спрабавала – на ўроках працы, але не надта спадабалася. А вось калі прыязджала да дзеда на дачу, магла гадзінамі назіраць, як ён у майстэрні чаруе над дрэвам. Ён паказаў мне асноўныя прыёмы, а пазней падтрымаў у рашэнні паступаць у каледж. Не скажу, што мама была ў захапленні ад гэтай прафесіі, але ў нашай сям’і заўсёды віталіся самастойнасць і свабода выбару. Не ўсё адразу пачало атрымлівацца, але дзядуля заўсёды быў маім надзейным дарадчыкам. Увогуле вучыцца было цікава, і дыпломную работу – разную насценную рамку для гадзінніка – я выканала на “дзясятку”.
Атрымаўшы дыплом, дзяўчына магла застацца ў родным Віцебску, прапаноўвалі работу і ў адной са сталічных устаноў, але яна абрала Ушачы. Кажа, што заўсёды хацела пажыць у маленькім гарадку, пабыць бліжэй да прыроды. Калектыў Дома рамёстваў сустрэў яе вельмі добразычліва, вырашылася і жыллёвае пытанне. Усе славутасці нашага раёна Крысціна яшчэ не ацаніла, але прызнаецца, што яе ўразіў музей народнай славы, у прыватнасці партызанская карцінная галерэя. Дарэчы, маляванне – яшчэ адно яе творчае захапленне, так што ў вольны час удасканальваецца і ў гэтым. Які след пакіне ў яе жыцці і кар’еры ўшацкі край – пакажа час, але пакуль дзяўчына пра свой выбар не шкадуе.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *