Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимир Андрейченко посетил Ушачский район с рабочим визитом

Общество

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, наш дэпутат У.П.Андрэйчанка нярэдка наведвае Ушацкі раён, заўсёды цікавіцца жыццём рэгіёну і праблемнымі пытаннямі яго жыхароў. Насычанай аказалася рабочая паездка Уладзіміра Паўлавіча на мінулым тыдні: спікер ніжняй палаты парламента прыняў удзел у пасяджэнні райвыканкама, правёў прыём грамадзян, пабываў на фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”.

Візіт У.П.Андрэйчанкі ў наш раён шырока асвятляўся рэспубліканскімі мас-медыя. У сваім інтэрв’ю для прадстаўнікоў СМІ Уладзімір Паўлавіч адзначыў, што на Ушаччыне вядзецца значная работа па ўвекавечанні памяці аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, годна клапоцяцца пра стан помнікаў і пахаванняў, вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Берагчы краіну,захоўваць памяць

На адкрытым пасяджэнні райвыканкама разглядалася выкананне Дзяржаўнай праграмы “Увекавечанне памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны” на 2021-2025 гады. На тэрыторыі Ушацкага раёна размешчана 41 пахаванне воінаў і мірных ахвяр фашызму, 9 аб’ектаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. З 5262 пахаваных вядома толькі 2465 прозвішчаў. Музеем народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка ў 2020-2021 гадах устаноўлена 190 імёнаў загінуўшых у гады вайны, яны ўвекавечаны на плітах на воінскім пахаванні ў аграгарадку Глыбачка. Сёлета ў выніку архіўна-даследчай працы сталі вядомымі яшчэ 178 імёнаў.
Усе памятныя месцы замацаваны за арганізацыямі раёна для добраўпарадкавання і навядзення парадку. Штогод з раённага бюджэту выдзяляюцца сродкі на бягучы рамонт воінскіх пахаванняў, спонсарскую дапамогу аказвае раённая арганізацыя Беларускага фонду міру.

Распрацавана перадпраектная дакументацыя па стварэнні невялікага мемарыяльнага комплексу на месцы былога партызанскага аэрадрома на возеры Вечалле для ўвекавечання подзвігу савецкіх лётчыкаў Аляксандра Мамкіна і Дзмітрыя Кузняцова, якія прымалі ўдзел у аперацыі “Зорачка” па выратаванні выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома. У цяперашні час шукаюцца крыніцы фінансавання для стварэння мемарыяла.

– Каб зберагчы сваю краіну, нам важна захаваць памяць аб тых, хто заваяваў Перамогу, расказваць гістарычную праўду і працаваць на развіццё Беларусі, – адзначыў У.П.Андрэйчанка.

З просьбамі і ўдзячнасцю

У гэты раз на прыём грамадзян ва Ушачах да спікера ніжняй палаты парламента прыйшло 5 чалавек. Юрый Сурмін звярнуўся з просьбай грамадскай – дапамагчы вырашыць праблему з электразабеспячэннем гаражоў па вуліцы Савецкай у раёне ПМК-66. Больш двух соцень індывідуальных гаражоў і лінія электраперадач былі калісьці пабудаваны гаспадарчым спосабам, кааператыў уладальнікамі не ствараўся. Падключаны яны былі да падстанцыі філіяла “Полацкводаканал”, які адключыў электраэнергію па прычыне няўплаты. Вярнуць святло ў гаражы дапамагла б устаноўка асобнай трансфарматарнай падстанцыі і заключэнне дагавораў з кожным уласнікам. Уладзімір Паўлавіч паабяцаў дапамагчы з першай часткай такога плана, другой зоймуцца на раённым узроўні.

Жыхарка Старынкі скардзілася на газавікоў, якія адмаўляюць ёй у дастаўцы звадкаванага газу ў балонах. Аднак высветлілася, што жанчына не з’яўляецца ўласнікам дома і ў ім ніхто не зарэгістраваны. У такім выпадку магчыма разлічваць на ўстаноўку 27-літровага балона, які можна набыць ў раёне газазабеспячэння і запраўляць пры неабходнасці з дапамогай арганізацыі.

Зварот грамадзянкі з Сорзава датычыўся адсутнасці вады ў грамадскім калодзежы. Магчымыя варыянты вырашэння праблемы будуць шукаць раённыя ўлады, у тым ліку з выездам на месца.

Жыхарка Полацка, якая спецыяльна прыехала на прыём ва Ушачы, не згодна, што суседзі ў прыватным сектары ўстанаўліваюць камеры відэаназірання, у зону бачання якіх трапляе не толькі іх участак, а і суседскія. Таму прасіла, каб пры разглядзе адпаведных законаў былі ўнесены пэўныя папраўкі. Грамадзянцы растлумачана, што па законе ў поле зроку такіх камер павінна знаходзіцца выключна тэрыторыя прыватнага домаўладання, а кантроль выканання гэтага патрабавання ўскладзены на праваахоўныя органы.

Не абышоўся прыём і без прыемнага моманту. Словы падзякі ад сябе і аднавяскоўцаў з Матырына прыехала перадаць Наталля Варварына. Летась жыхары гэтай вёскі прыходзілі на прыём да Уладзіміра Андрэйчанкі з просьбай дапамагчы заасфальтаваць некалькі кіламетраў участка аўтадарогі Ушачы-Бабынічы на пад’ездзе да населенага пункта: “Мы вельмі рады, што зварот быў пачуты і ўсё зроблена. Вялікі дзякуй!”

Спарткомплекс развіваецца

У.П.Андрэйчанка наведаў таксама фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”. Гэты знакавы аб’ект з’явіўся ў гарпасёлку пры садзейнічанні нашага дэпутата, і ён заўсёды цікавіцца справамі на ім.

Уладзімір Паўлавіч паглядзеў памяшканне, якое абсталявана пад гарадскую лазню. Як мы паведамлялі раней, новая не будзе ўзводзіцца з-за надта высокіх выдаткаў на праектаванне і будаўніцтва, а зэканомленыя сродкі пойдуць на іншыя патрэбныя мэты. У выхадныя лазня ўжо прыняла першых наведвальнікаў, рэжым работы яшчэ будзе карэкціравацца з улікам колькасці людзей і іх пажаданняў.

Таксама У.П.Андрэйчанка азнаёміўся з ходам будаўніцтва інтэрната для спартсменаў, якое ідзе паскоранымі тэмпамі. Штодня тут шчыруюць каля 60 чалавек, больш 10 адзінак тэхнікі, паралельна з кладкай праводзяцца іншыя спецработы па ўстаноўцы вокнаў, сістэмы ацяплення. Плануецца, што аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю ўжо ў пачатку мая.

Начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнак расказаў і пра далейшую канцэпцыю развіцця спарткомплексу, згодна якой у наваколлі “Юнацтва-Ушачы” з’явяцца лыжаролерная траса, бегавыя дарожкі, тэнісныя корты, хакейная “каробка”, паласа перашкод для пяціборцаў, скейтпарк. Усё гэта дазволіць не толькі вывесці аб’ект на поўную самаакупляльнасць, але і зарабляць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *