Торжественные мероприятия, посвященные Дню работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности, прошли на Ушаччине

Общество

Прафесійнае свята аграрыяў Ушаччына, якая лічыцца сельскагаспадарчым рэгіёнам, традыцыйна адзначае з асаблівай урачыстасцю: у гэты дзень падводзім вынікі сезона, ушаноўваем перадавікоў і выказваем шчырую падзяку ўсім людзям, якія звязалі свой лёс з такой цяжкай і пачэснай справай. Нашы землякі добра ведаюць, як няпроста працаваць на зямлі. Таму ў пятніцу ў раённым цэнтры культуры было мнагалюдна – на ўрачыстасць сабраліся не толькі самі аграрыі, а і іх родныя, знаёмыя, прадстаўнікі іншых працоўных калектываў.

У атмасферы свята ўдзельнікі мерапрыемства аказваліся, толькі пераступіўшы парог фае раённага цэнтра культуры. На выставе музея старадаўні акт на вечнае карыстанне зямлёй знаёміў з назвамі даваенных калгасаў, Белаграпрамбанк і “Юнацтва-Ушачы” рэкламавалі свае паслугі, бібліятэкары аформілі фотазону, райкам БРСМ прапаноўваў віктарыну, а мы – невялікі тэматычны красворд. Хаця не пуставала пляцоўка “Патрыёта” па іншай прычыне: здалёк прывабліваў стэнд з архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі, на якім кожная дэлегацыя знаходзіла сваіх калег. “Так, гэта нашы на абласных і нават рэспубліканскіх “Дажынках”. А які малады Андрэй Лапо”, – хоць значна абнавіўся склад “Сафійскіх дароў”, але работнікі прадпрыемства з лёгкасцю называлі імёны сваіх перадавікоў. Многія з іх ужо не працуюць у аграрнай сферы, але людская памяць доўгая. Ды і аграрыі з розных гаспадарак ведаюць адзін аднаго, сябруюць, хоць і вельмі рэдка сустракаюцца. Таму не маглі нагаварыцца Анатоль Спірыдзёнак з “Ільюшынскага” і Васіль Алексяёнак з “Вялікадолецкага”. З нядаўняга часу працуе ў “Сафійскіх дарах” Віктар Хадасевіч, таму сваім лічыць таксама і калектыў “Дземенца”, з якім аб’яднаўся яго селішчанскі. Імпрэза з нагоды прафесійнага свята – традыцыйнае месца збору дружнай кагорты ветэранаў упраўлення райсельгасхарча. А вось былая даярка “Глыбачан” Алена Уладзіміраўна Быкава даўно не выходзіла “ў людзі”, хоць як старэйшына вёскі Краснае з’яўляецца асобай публічнай. 22 гады яна была аператарам машыннага даення і мела, як у сёлетніх пераможцаў спаборніцтва, больш чым трохтысячныя надоі на карову. Усім ветэранам галіны пад дружныя апладысменты былі ўручаны кветкі.

У Віцебскай вобласці сёлета сабрана 810 тысяч тон збожжа з улікам зерневых, крыжакветных, крупяных культур і кукурузы.

Знаходзіліся ў зале і людзі, якія не атрымлівалі дыпломаў, не ўваходзілі ў склад дэлегацый, але аграрнае свята таксама лічаць сваім. Аляксей Коршун з Матырына, напрыклад, прыйшоў парадавацца за лепшага раённага аператара на дарошчванні цялят, сваю маці Наталлю Мікалаеўну, дадаўшы шчымлівае: “Матуля – гэта святое”. Людміла Андрэеўна Ражноўская фатаграфавалася ў фае з двума сваімі сынамі. І ўсім траім было што ўзяць у рукі дзякуючы старэйшаму Міхаілу, які тройчы падымаўся на сцэну. Перадавік дзвюх намінацый атрымаў ад Беларускага прафсаюза работнікаў АПК яшчэ і пуцёўку ў санаторый “Лясныя азёры”. “Дырэктар гаспадаркі Гурамі Гівіевіч Буркенадзэ абяцаў мне аздараўленне, ведае пра праблемы са спіной, бо ў бальніцу аднойчы забіралі прама з трактара. Не толькі я, усе хлопцы працуюць на знос, і ў здраўніцах мала хто з нас адпачываў”, – дзякаваў Міхаіл Міхайлавіч.

Так, кожную аграрную кампанію, а сёлета і ўвесь асабліва складаны год літаральна ўсе механізатары працавалі без выхадных ці з такімі адзінкавымі, як прафесійнае свята. Але і падчас яго ў думках былі за штурвалам. Ні дня не было перадыху ў Аляксея Атрашкевіча з “Сафійскіх дароў”, занятага на перавозцы рулонаў. Спрытна ўкладзены ў тры рады адзінаццаціметровы лафет нагадваў фуру, а характарыстыкі механізатар атрымліваў самыя пахвальныя. “Я была замацавана за гаспадаркай, часта прысутнічала на ранішніх планёрках і ні разу не заставала там Аляксея. Ён пачынаў працоўны дзень яшчэ раней, не чакаючы заданняў. Яму наогул не трэба гаварыць, што рабіць. Самастойна адшукае самае прыдатнае месца, калі рулоны застаюцца на ўскрайку поля, укладзе па-гаспадарску”, – пералічала заслугі маладога работніка загадчык сектара райсельгасхарча Таццяна Яўгенаўна Іванюта.

“З гадзінку пабуду, і на работу – Саша Гусёнак насенне канюшыны ўбірае, трэба адвезці. Бункер напаўняецца няхутка, таму і атрымалася трапіць на канцэрт”, – дзяліўся вадзіцель гэтай жа гаспадаркі Уладзімір Зелянік. Ну а многія аграрыі і ў святочны дзень вымушаны былі застацца на рабочым месцы і не ўбачылі талентаў сваіх калег. Так, сёлетні канцэрт меў разынку, акрамя работнікаў культуры нумары рыхтавала кожная гаспадарка. І сярод аграрыяў-спевакоў, якія, дарэчы, і да гэтага дня мелі сцэнічны вопыт, адметна вылучалася камічная мініяцюра ААТ “Дземенец”, артыстамі ў якой аказаліся кадравік Вольга Дайлідзёнак, жывёлавод Людміла Радзюш і эканаміст Аляксей Машчонак.

Ніколі не застаюцца ўбаку ад ушанавання аграрыяў прафсаюзы. Віцебскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў падрыхтавала грашовы сертыфікат на 300 рублёў для камбайнера ААТ “Ільюшынскі” Васіля Калітухі. Ганаровай граматай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК адзначаны механізатар КУСГП “Вялікадолецкае” Сяргей Філімонаў, а Падзяка ўручана жывёлаводу ААТ “Дземенец” Іосіфу Бельскаму. Раённы камітэт прафсаюза АПК заахвоціў Васіля Алексяёнка, Васіля Зеленіка, Вольгу Яловік, Наталлю Салавей.

Перажываў, што два дні прастойвае камбайн, а не ўбрана насенная канюшына, і Аляксандр Малахаў з “Глыбачан”. Механізатар трапіў у склад дэлегацыі раёна і на абласныя “Дажынкі”, якія завяршалі ўшанаванне перадавікоў сельскагаспадарчай галіны, распачатае 27 верасня ў Шаркаўшчыне. Дарэчы, Аляксандр Аляксандравіч на мерапрыемствах такога ўзроўню – фігура штатная – бездакорнага работніка штогод заахвочваюць такім чынам, таму і пабываў ужо ў палове раённых цэнтраў, як і Анатоль Спірыдзёнак. Хоць і не было сёлета ў ліку лаўрэатаў ушачан, вельмі ўважліва прыслухоўваліся камбайнеры да кожнай агучанай старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Субоціным лічбы. І крыху засмуціліся, пачуўшы пра абласны рэкорд. “Больш чатырох тысяч на экіпаж! Няхай і на “Нью-Холандзе, але ж якая ўраджайнасць! Дожджык аршанцаў, відаць, не абмінаў, ды і землі ў іх намнога лепшыя. Я летась намалаціў 1600 тон разам з рапсам, а сёлета ніводнага тысячніка”, – дзяліўся думкамі Анатоль Дзмітрыевіч. А вось даглядчыцы цялят Наталля Салавей з “Вялікадолецкага” і Таццяна Багданава з “Сафійскіх дароў”, даярка Ніна Чарнавусава, Міхаіл Ражноўскі з гэтай жа гаспадаркі, маладыя спецыялісты Павел і Анастасія Салаўёвы з “Ільюшынскага” сярод лепшых прадстаўнікоў вобласці аказаліся ўпершыню. Праходзяць жа абласныя “Дажынкі” грандыёзна. Перапрацоўшчыкі – літаральна ўсе заводы і камбінаты Віцебшчыны – запрашалі паспытаць сыры, каўбасы, малако і ражанку, а паколькі не мог гэтага зрабіць Полацкі КХП, то прама на месцы пёк блінцы са сваёй мукі. Наколькі “лёгка” яе здабыць, мог даведацца кожны жадаючы, пакруціўшы сапраўдныя жорны. Выставы караваяў і снапоў ад кожнага раёна, мноства шчырых віншаванняў са святам, распачынаў якія старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка. Кожныя “Дажынкі” Уладзімір Паўлавіч абавязкова прыязджае на ўрачыстасць, каб выказаць удзячнасць аграрыям-землякам. І, канечне, выдатны канцэрт ад лепшых калектываў вобласці. Настрой ва ўсіх удзельнікаў быў цудоўны. А каб аказаўся яшчэ лепшым, не хапала толькі лаўрэатаў. “Дэлегацыя ад Ушаччыны вялікая, на роўні з іншымі раёнамі. Мяркую, будзе яна яшчэ больш прадстаўнічай, калі вырасцім сваіх перадавікоў. Складана нам канкурыраваць з прызнанымі жытніцамі, але людзі працуюць не горш, і ўпэўнены, што зноў будуць сярод пераможцаў абласных “Дажынак” ушачане”, – рэзюмаваў кіраўнік раёна і дэлегацыі Сяргей Сяргеевіч Садоўскі.

Вольга Камаркова,
Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *