Што самае галоўнае ў жыцці дзіцяці? Сям’я, любоў і клопат бацькоў. Вось толькі, на жаль, не ва ўсіх такое шчасце ёсць. У нашай краіне існуе магчымасць выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак у прыёмных і апякунскіх сем’ях, дамах сямейнага тыпу.
Каб стаць прыёмнымі маці ці татам, не трэба мець педагагічную адукацыю – важна шчыра хацець дапамагчы малому, пазбаўленаму бацькоўскага цяпла, і мець рэсурсы для пераадолення магчымых цяжкасцяў. Кандыдаты на такую адказную пасаду на бясплатнай аснове праходзяць навучанне ў раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры.
Прыёмнымі бацькамі могуць стаць дзеяздольныя асобы любога полу, за выключэннем хворых на хранічны алкагалізм, некаторыя іншыя паталогіі; судзімых, а таксама пазбаўленых бацькоўскіх правоў, магчымасці займацца педагагічнай дзейнасцю; былых усынавіцеляў, якія не справіліся з такімі абавязкамі; грамадзян, дзеці якіх прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Не дапускаецца таксама заключэнне працоўнага дагавору з блізкімі сваякамі непаўналетніх (брат, сястра, дзед, бабка звычайна становяцца апекунамі).
Вельмі важным з’яўляецца пытанне матэрыяльнага забеспячэння дзяцей, прынятых на выхаванне ў прыёмную сям’ю. На ўтрыманне кожнага штомесяц выплачваюцца грашовыя сродкі на харчаванне, набыццё адзення, абутку, інвентару – памер устанаўліваецца Урадам Рэспублікі Беларусь. Калі гаворка ідзе пра дзіця з інваліднасцю ці таго, бацькі якога памерлі, прыёмныя маці ці тата атрымліваюць адначасова права на атрыманне дапамог на малога. Заработная ж плата іх саміх залежыць ад колькасці ўзятых на выхаванне дзяцей, іх узросту, наяўнасці асаблівасцяў псіхафізічнага развіцця.
Калі вы хочаце стаць прыёмнымі бацькамі, прыходзьце да нас у СПЦ па адрасе: г.п.Ушачы, вул. Ленінская, д. 12 (будынак райвыканкама), каб. 76 ці тэлефануйце па нумары 8 (02158) 5-24-56.
На сённяшні дзень на Ушаччыне 50 дзяцей-сірот і тых, што засталіся без апекі бацькоў, з іх 17 выхоўваюцца ў 13 апякунскіх сем’ях, 28 – у 10 прыёмных, 5 – у дзіцячым доме сямейнага тыпу.
Наталля МЯЛЕШКА,
дырэктар СПЦ Ушацкага раёна.