У гэту суботу на нашым спарткомплексе было шумна і мнагалюдна: на чарговы адкрыты турнір “Узыходзячыя зоркі” прыехала 180 юных плыўцоў з розных гарадоў Беларусі.
На блакітных дарожках спаборнічалі дзеці 2012 года нараджэння і маладзей, а пераадольвалі яны, у залежнасці ад узросту, дыстанцыю 50 або 25 метраў на спіне.
Трэба сказаць, што якраз гэты стыль з’яўляецца каронным для лідара каманды Ушацкай СДЮШАР Аляксея Салодкіна – і ён не падвёў балельшчыкаў, заваяваўшы
“золата”!
А вось “бронза” сямігадовага Дзяміда Аўтушкі стала прыемным сюрпрызам. Сям’я хлопчыка жыве ў Лепелі, яго тата займаецца трыятлонам і прыязджаў на наш комплекс на трэніроўкі, а калі ўбачыў, як займаюцца юныя ўшацкія плыўцы, вырашыў запісаць сына ў нашу спартшколу. У іх горадзе пакуль няма басейна, і каб развіваць талент Дзяміда ў гэтым прэстыжным відзе спорту, бацькі па некалькі разоў на тыдні прывозяць яго ва Ушачы. Дарэчы, у хлопчыка ўжо з’явіліся паслядоўнікі: спіс навучэнцаў аддзялення нядаўна папоўніла і лепяльчанка Аліса Папова. Дзяўчынка мае добрыя здольнасці і ўжо праз некалькі заняткаў адабралася на свае першыя буйныя спаборніцтвы. Акрамя прыгаданых спартсменаў гонар нашага аддзялення адстойвалі на турніры Мацвей Пугач, Арцём Казак і Паліна Марковіч – і хоць да п’едэстала не дацягнуліся, але парадавалі трэнера Вікторыю Лукашэвіч дастойнымі вынікамі. І, канечне, усе дзеці атрымалі моцны стымул для яшчэ больш упартых трэніровак.
Наталля БАГДАНОВІЧ.