У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Ушацкага раёна настрой ужо снежаньскі: работнікі і наведвальнікі актыўна рыхтуюцца да навагодніх святаў.
– Месяц таму пачалі выраб святочных сувеніраў, – расказвае загадчыца аддзялення Наталля Мікалаеўна Глінская. – Традыцыйна наладзілі выставу ў Градзянцы, астатняе ж перададзім на рэалізацыю ва ўнівермаг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”, музей народнай славы імя У.Е.Лабанка. Пачалі практыкаваць і выязны гандаль у арганізацыях раёна. Так, нядаўна наведалі райбальніцу, дзе ўсяго за дзве гадзіны рэалізавалі прадукцыі, у тым ліку пасцельнай бялізны, на суму каля 500
рублёў. Зручна і пакупнікам, якім прапануецца двухмесячная растэрміноўка плацяжу, а грошы ўтрымліваюцца з заработнай платы.
Зробленае ў аддзяленні, сапраўды, уражвае. Прайсці міма абаяльных гномікаў з мешкавіны, папяровых снегавічкоў, насценных драўляных ключніц, куфэркаў з тканіны, атласных стужак, саломкі, не зачапіўшыся за іх поглядам, проста немагчыма. У ліку навінак – вырабы з гіпсу, у тым ліку адразу аформленыя ў падарункавыя наборы: можна падабраць, напрыклад, дзве арыгінальныя вазачкі ці такі ж элемент са свечкай і падносам. Варта нагадаць, што вырабіць для вас сувенір людзі з інваліднасцю могуць і па індывідуальным заказе – прыходзьце па адрасе: в. Градзянец, вул. Цэнтральная, 3а ці тэлефануйце па нумары 5-99-73.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.