Пакуль іншыя дзяржавы развязваюць ваенныя канфлікты, у нашай краіне ідуць баталіі на палях, заводах, у культурнай, інфармацыйнай сферах, школах і ўніверсітэтах – пра перспектывы развіцця, права быць суверэннымі і незалежнымі. Усё гэта будзе, калі мець моцную эканоміку – базу для ўсяго. Пра эканамічную бяспеку ішла гаворка падчас Адзінага дня інфармавання, які прайшоў у працоўных калектывах Ушаччыны. Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім сустрэлася з работнікамі спартыўнай сферы раёна.
Нягледзячы на ўведзеныя Захадам санкцыі, па тэмпах росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі ўдалося не толькі перавысіць прагнозны паказчык за 9 месяцаў (103,1%), але і апярэдзіць шэраг краін.
У 2023 годзе лакаматывам росту ў рэгіёнах выступіла прамысловасць – адзначаецца павелічэнне вытворчасці прадукцыі. Напрыклад, за 8 месяцаў выпушчана больш за 42,7 тысячы легкавых аўтамабіляў (рост у 3,6 раза да аналагічнага перыяду 2022 года). Істотна нарасцілі вытворчасць тэлевізараў – у 2,3 раза, аптычных прыбораў і апаратаў – 2,2. Максімальныя аб’ёмы за апошнія 5 гадоў у вытворчасці камбайнаў, грузавых аўтамабіляў, мікрахвалевых печаў і шэрагу іншых таварных пазіцый. Чысты прыбытак у арганізацыях прамысловасці перавысіў 5 млрд рублёў. Рэальная зарплата павялічылася ва ўсіх рэгіёнах краіны: ад 104,4% у Мінску да 112,3% у Брэсцкай вобласці.
У студзені-жніўні 2023-га знешнегандлёвы абарот Віцебскай вобласці склаў 6,7 млрд. долараў (рост у 1,4 раза), экспарт – 4,1 млрд. (1,8). Вобласць супрацоўнічае са 106 краінамі свету, экспартуюцца тавары ў 70 дзяржаў.
Беларусь цалкам адмовілася ад імпарту электраэнэргіі. З моманту пуску энергаблока № 1 БелАЭС у 2020 годзе яе выпрацоўка склала 19,6 млрд кВтг, што дазволіла замясціць каля 5,2 млрд куб.м імпартаванага з Расіі прыроднага газу.
Летась з праблемай голаду сутыкнуліся каля 735 мільёнаў чалавек. Асноўнай прычынай недахопу харчавання ў многіх дзяржавах з’яўляюцца ваенныя канфлікты. У Беларусі тым часам у разліку на аднаго чалавека ў год вырошчваецца 417 кг бульбы, 134– мяса, 850 кг – малака, 374 штук яек. Узровень самазабеспячэння па асноўных відах сельскагаспадарчай прадукцыі ў нашай краіне штогод перавышае 100%.
Выконваецца і большасць паказчыкаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушацкага раёна на 2021-2025 гады – пра гэта таксама ішла гаворка. Па традыцыі ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні кіраўніцтву раёна. Былі абмеркаваны тэмы будаўніцтва інтэрната для спартсменаў, развіцця турыстычнай галіны ва Ушацкім раёне.
Вольга КАМАРКОВА.