Легко ли в Ушачах заниматься бизнесом?


Сяргея Канстанцінавіча Мільчаніна можна назваць ветэранам бізнесу. Стартаваў, як і многія, у час перабудовы. Калі рухнуў Саюз, а ўслед за ім наладжаныя вытворчасці, інстытуты, знаходзіць уласную справу, каб мець крыніцу даходу, было элементарнай мерай выжывання. І адкрываліся ў пачатку 90-х не толькі гандлёвыя фірмы, але і вытворчыя. Толькі хутка знікалі, бо не прыносілі прыбыткаў, дастатковых для вяртання ўкладзеных сродкаў і развіцця. Былі рэальныя планы пра выпуск тавараў і ў Сяргея Канстанцінавіча… Але ажыццявіліся толькі зараз. Калі ў Беларусі ўсталявалася па-сапраўднаму спрыяльнае “надвор’е” для развіцця вытворчасці. 
Незанятыя нішы разумны чалавек адшукае лёгка. Бо іх насамрэч многа. Дастаткова бывае паглядзець на асартымент тавараў, што стракаціць немудрагелістымі “іншаземцамі”. С.К.Мільчанін не з’яўляецца вынаходнікам у выпуску бетонных вырабаў. Проста, калі выходзіў на ўласны двор, не адзін раз думаў: трэба зрабіць усё па-сучаснаму. Проста трымаў нос па ветры, адштурхоўваўся ад рэальнай запатрабаванасці ўшачан у сучасны момант. Займаюцца ж добраўпарадкаваннем тэрыторый: кладуць плітку і ставяць новыя агароджы сёння як прадпрыемствы, так і прыватнікі. Ды і стартавы капітал (першааснова любога бізнесу!) быў патрэбны не занадта вялікі.
Ён абышоўся без крэдытаў, канечне, дзякуючы таму, што ўжо была свая справа. На тысячу еўра закупіў толькі першы вібрастанок і адну форму. Паступова іх колькасць павялічвалася разам з попытам заказчыкаў і ростам асартыменту выпускаемай прадукцыі. Бясспрэчна, хуткаму старту паспрыяла Праграма развіцця малых гарадоў, адкрыцця вытворчасці ў сельскай мясцовасці. Калі выбар занятку быў зроблены, прадпрымальнік завітаў у райвыканкам. І старшыня А.А.Кавалёнак, і намеснік В.В.Дзямешка падтрымалі ініцыятыву, прапанавалі на выбар некалькі пустуючых памяшканняў. Так прадпрымальніку дасталася былая лазня ў вёсцы Сарочына, прычым дарма. Давялося толькі аформіць на сябе памяшканне, зрабіць перапланіроўку, падрамантаваць. Зараз, калі справа наладжана, ён у месяц плаціць адзіны падатак з сімвалічнай сумай у дзве базавыя велічыні. Проста і рэальна нават для пачынаючага прадпрымальніка. А Сяргей Канстанцінавіч развіваецца і мяркуе пашыраць вытворчасць.
Агароджы і слупы, падстаўкі і адлівы, дзесяткі відаў пліткі. Прычым, прыехаць і набыць на месцы тавар у вас не атрымаецца. Тут працуюць выключна пад заказ, густы ж ва ўшачан розныя. Рынак збыту разлічаны на небагаты ўшацкі кантынгент, а ад таго, што кошт ніжэй, чым у канкурэнтаў, завітваюць да прадпрымальніка заказчыкі з розных іншых рэгіёнаў. Канечне, пры выбары тавару звяртаецца ўвага і на якасць. Хоць у бетон не зазірнеш, можна па-рознаму зрабіць сумесь, зменшыць затраты, тут жа ўсё па нормах. У заборах абавязковыя металічныя стрыжні, у плітцы – цэмент патрэбнага нумару, пясок, шчэбень і розныя дабаўкі для надання пластычнасці, грунтоўнасці і колеру. Якасць гарантавана ўжо той акалічнасцю, што Мільчанін прадае тавар сваім жа ўшачанам. Пры выпуску браку не пратрымаўся б і некалькіх месяцаў, а пайшоў ужо чацвёрты год…
Пакуль што індывідуальны прадпрымальнік працуе сам на сябе. У яго няма наёмных работнікаў, дапамагаюць толькі сыны, аднак у перспектыве мяркуе стварыць прыватнае прадпрыемства, мадэрнізаваць вытворчасць, павялічыць прадукцыйнасць. І плошчаў былой лазні становіцца яўна мала. Як і часу. Вось і добраўпарадкаванне ўласнага двара так і застаецца пакуль што толькі ў планах.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *