Рассказываем, что интересует белорусских ихтиологов на Ушаччине

Калейдоскоп

Героямі нашых артыкулаў ужо станавіліся археолагі, батанікі, этнографы, іншыя навукоўцы, што прыязджалі на Ушаччыну ў складзе экспедыцый ці з асветніцкай місіяй. Сёння ж мы раскажам пра работу іхтыёлагаў – прынамсі, нават дзіўна, што прадстаўнікі навукі аб рыбах дагэтуль не траплялі ў поле зроку журналістаў аднаго з самых багатых на вадаёмы раёнаў краіны.

Каб вугор не ўплыў з Беларусі

“На Віцебшчыне бываем нярэдка, ды і ў вас таксама неўпершыню”, – зазначаюць кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі іхтыялогіі “НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах” Алена Гайдучэнка і малодшы навуковы супрацоўнік Юлія Ахрэменка (на здымку), якія пагадзіліся прыадчыніць нам таямніцы сваёй цікавай прафесіі.

На жаль, дзейнасць чалавека нярэдка прыводзіць да скарачэння колькасці, а то і поўнага знікнення асобных відаў фаўны, у тым ліку і насельнікаў вадаёмаў. Да прыкладу, негатыўны ўплыў людзей адчуў апошнім часам усім нам вядомы вугор еўрапейскі – менавіта гэтая рыба некалькі год таму прывяла ў наш раён Алену Сяргееўну і яе калег. Іхтыёлагі працавалi разам з арандатарамi, бралі на ўшацкіх азёрах матэрыял для генетычнай экспертызы – адшчыпвалі кавалачкі плаўнікоў (гэтая працэдура, да слова, рыбам не шкодзіць).

Вугры жывуць і растуць у нас да 20-25 год, калі ж дасягаюць пакатнага стану, плывуць для нерасту ў Саргасава мора, пераадольваючы амаль 8 тысяч кіламетраў! А іх лічынкі спачатку Гальфстрымам, а потым па рэках вяртаюцца назад.

Як патлумачыла А.Гайдучэнка, апошнім часам на гэтым шляху пабудавалі некалькі ГЭС, і вугры гінуць на плацінах, не могуць узняцца па рэках і лічынкі. Папуляцыю штучна падтрымлівалі малькамі, якіх перавозілі ў рэкі і азёры, аднак з 2008 года Еўракамісія забараніла іх пастаўку ў краіны, што не належаць да ЕС. Зрабілі гэта пасля расследавання, у ходзе якога была ўстаноўлена нелегальная скупка шклападобнага вугра азіяцкімі краінамі. Беларусь жа аказалася заложніцай сітуацыі, і іхтыёлагі шукаюць шляхі выратавання папуляцыі, вядуць маніторынгі. Паспрыяць рашэнню праблемы магло б абсталяванне ГЭС рыбапрапускнікамі. Адным словам, захаваць вугра ў нашых вадаёмах можна толькі аб’яднанымі намаганнямі дыпламатаў, эколагаў і навукоўцаў.

 

Чаму лячшу няёмка ў Езярышчы?

Адна з галоўных задач вучоных – падказаць людзям, як больш беражліва і рупліва гаспадарыць на зямлі. Менавіта на гэта скіравана Дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў, прысвечаная асноўным прамысловым відам рыбы ў Беларусі. “У яе рамках супрацоўнікі нашай лабараторыі на працягу трох апошніх год вывучаюць ляшча і плотку, устанаўліваюць роднасныя сувязі паміж асобінамі і мікрапапуляцыямі, асаблівасці іх развіцця ў розных месцах. А яны адчувальныя: напрыклад, у гарадоцкім возеры Езярышча лешч расце вельмі марудна: калі ў іншых вадаёмах за пяць год ён дасягае больш за 25 см, то там – толькі 18, і мы высвятляем прычыну гэтага”, – расказвае Алена Сяргееўна.

Цікава, што ўзрост рыбы, як і дрэва, можна ўстанавіць па гадзічных кольцах, якія адлюстроўваюцца на лускавінках.

У сваёй рабоце вучоныя цесна супрацоўнічаюць з арандатарамі вадаёмаў. У нашым раёне, напрыклад, іх партнёрам з’яўляецца Рашыд Асланаў, і іхтыёлагі пастаянна выкарыстоўваюць для даследаванняў рыбу з азёр Павульскае і Усвея. “Лічым, што гэта адзін з лепшых арандатараў у краіне, які стараецца годна абсталёўваць месцы для рыбалкі, а яшчэ і добра разбіраецца ў біялогіі рыб”, – характарызуюць яго нашы суразмоўцы. Дарэчы, менавіта іх лабараторыя робіць біёлага-эканамічныя абгрунтаванні для арандатараў, дае ім кансультацыі, разлічвае верагодную рэнтабельнасць.

 

Карась з замашкамі… баршчэўніка

У дзень нашай сустрэчы навукоўцы прыехалі менавіта да Р.Асланава, арандаваныя азёры якога зарыблены ў тым лiку i срэбраным карасём, што стаў аб’ектам асобнага даследчага праекта. Справа ў тым, што гэты від, які быў завезены ў Беларусь у пасляваенныя гады, мае як звычайную, так і гінагенетычную форму – апошняя прадстаўлена толькі самкамі, якія размнажаюцца нестандартна: іх ікру “актывуюць” самцы карпа, ляшча, і іншых рыб, пасля чаго ў іх не застаецца матэрыялу для апладатварэння сваіх відаў. Нараджаюцца ад такога кантакту толькі самкі карася срэбранага, цыкл паўтараецца, што ў выніку прыводзіць да ўсплёску колькасці віду ў вадаёме. З часам, пры засяленні возера гінагенетычнай формай карася срэбранага скарачаецца колькасць і відавая разнастайнасць абарыгенных відаў рыб, што з’яўляецца сур’ёзнай экалагічнай праблемай. (Тут прыходзіць на памяць добра вядомы ўсім ушачанам баршчэўнік, які таксама адваёўвае сабе плошчы за кошт іншых раслін). Вучоныя імкнуцца прадухіліць негатыўную з’яву. У ідэале, варта правяраць форму карася перад зарыбленнем – хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе так і будзе.

Існуюць і іншыя “захопнікі вадаёмаў” – напрыклад, амерыканскі сомік, якому, дарэчы, будзе прысвечана кандыдацкая дысертацыя Ю.Ахрэменкі. “Гэтага іншаземца, якога калісьці завезлі для зарыблення ў дэкаратыўных мэтах у некалькі азёр Брэсцкай вобласці, ужо называюць чумой нашых вадаёмаў, бо ён адбірае корм у іншых рыб, ласуецца іх ікрой і такім чынам знішчае спрадвечныя віды. Многія азёры паўднёвага рэгіёну ўжо церпяць ад яго нашэсця, да Віцебшчыны монстр з ласкавай назвай пакуль не дабраўся, але калі раптам надумаеце запусціць у свой вадаём незнаёмую рыбу, упэўніцеся, што гэта не сомік”, – зазначае Юлія.

“Мы заўсёды цесна супрацоўнічаем з Мінпрыроды, бо маем супольную задачу – захаваць для нашчадкаў біяразнастайнасць, выхоўваць у людзей экалагічнасць мыслення. У складзе навуковых экспедыцый вандруем па розных месцах (былі нават за Палярным кругам) і можам сцвярджаць, што Беларусь – адна з самых чыстых краін. Вось і тут, на вашым пляжы, няма смецця – гэта вельмі прыемна!” – на пазітыўнай ноце скончылі навукоўцы нашу бяседу, якая адбывалася на беразе маляўнічага Вечалля, дзе яны набіралі чыстую ваду для ёмістацяў, у якіх паедзе ў сталічную лабараторыю ўшацкі срэбраны карась.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *