На пытанне: “Як жывецца на пенсіі?” С.П.Клопаў адказаў жэстам. Падняты ўверх вялікі палец сведчыў аб задаволенасці ў цэлым і аб добрым настроі ў гэты лістападаўскі дзень у прыватнасці. Толькі што вярнуўшыся з непрацяглай рыбалкі, Сяргей Пятровіч радаваўся двум ладнымі шчупакам і не надта расстроіўся, што перарваў любімы адпачынак з-за незапланаванага візіту журналістаў: “У колькі вам трэба, у столькі і буду”. Гэтыя лаканічныя словы, дарэчы, выдатна характарызавалі старэйшыну аграгарадка Вялікія Дольцы. Канкрэтны і абавязковы – ён гэтак жа адкажа на любую просьбу старшыні сельвыканкама, членам якога, дарэчы, таксама з’яўляецца.
Абралі ў яго склад тады яшчэ ляснічага Вялікадолецкага лясніцтва не толькі таму, што з’яўляўся кіраўніком службы, якая так часта прыходзіць на выручку. Граматны ўмелы мужчына, які сваімі рукамі перабудаваў і падвёў усе выгоды ў набыты спалены дом, заўсёды знойдзе рацыянальнае рашэнне, падкажа лепшы варыянт. А абмяркоўваюць на пасяджэннях самыя розныя надзённыя пытанні. На адным з іх, улічваючы дзелавыя вартасці і юны пенсійны ўзрост, адзінагалосна ўсклалі на С.Клопава і гэта грамадскае даручэнне. “За 40 год працы і жыцця ў аграгарадку людзей я ведаю выдатна і не лічу цяжарам зрабіць перапіс хатняй жывёлы ў пачатку года ці сабраць сродкі самаабкладання. Многіх нумары тэлефонаў ведаю, а калі няма, то і прайсціся не толькі не цяжка, але і карысна”, – тлумачыць мужчына.
Вось і да старадаўняй крынічкі, рэканструкцыю якой праводзілі нядаўна, прапанаваў прагуляцца пешшу, па шляху расказваючы пра гісторыю населенага пункта. “Мой дом стаіць на месцы панскага спіртзавода, вада да якога падавалася з недалёкай крынічкі. Яна вельмі чыстая, доўга стаіць у слоіках, няма і ніякай іржы. Набраць можна як і раней з трубы ці з калодзежа, які зрабілі падчас суботнікаў. Крынічная вада з гары цячэ ў вадаём побач з помнікам у цэнтры аграгарадка, так што там і купацца карысна, тым больш што іншага месца няма. Мясцовыя дзеці гэта і робяць, нягледзячы на адсутнасць абсталяванага пляжа. Ну а рыбакі любяць сажалку за наяўнасць і шчупака, і карася, і ляшча з акунямі. Так што плануем пачысціць, выразаць кустоўе, прыбраць, падвезці пяску, а мабыць і пасадзіць дрэвы абапал”, – агучыў старэйшына пастаўленую перад сабой задачу на наступны год.
І калі характар і аб’ёмы работ яшчэ абавязкова будуць агаворвацца са старшынёй сельвыканкама і эколагамі, то выканаўцаў Сяргей Пятровіч ужо адшукаў, прычым дапамагло ў гэтым любімае хобі. З бензапіламі і трымерамі прыедуць не толькі мясцовыя рыбакі, але з Полацка і Наваполацка.
Яшчэ адной, сапраўды, агульнай праблемай абраннік вёскі лічыць зноў жа ваду, толькі ўжо з напорнай вежы. У дамы вялікадальчан паступае супрацьлегласць крынічнай, з вялікім утрыманнем жалеза. Гэта бачна і без лабараторнага даследавання, якое зрабіць аднак мяркуюць. Засмучае і стан дарог. Летась С.Клопаў выходзіў на раённыя ўлады, каб адрамантавалі ўчастак шашы ў напрамку Царкавішча. Зрабілі, праўда, зараз палатно зноў не ва ўзорным стане.
Вельмі многае можна зрабіць разам, тым больш у населеным пункце з такой колькасцю жыхароў. Разбіваюцца клумбы ў цэнтры аграгарадка, упрыгожваецца сквер, могілкі, на якіх устаноўлена і пафарбавана новая агароджа. “Засмучае толькі рэакцыя некаторых маіх землякоў. Чытаю пра Гарадзец, Жары ці Гуту і зайздрошчу. Самі выходзяць з ініцыятывай, самі складаюцца і прыводзяць ў парадак намечаныя аб’екты. У нас людзі не такія лёгкія на пад’ём”, – адзначыў Сяргей Пятровіч.
За чатыры гады, што знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ветэран працы актыўна заняўся пашырэннем саду, у тым ліку і за кошт уласных прышчэпак. Працягвае і добраўпарадкаванне з элементамі будоўлі на сядзібе, якое заўсёды робіць сам. Любяць з жонкай павандраваць на аўтамабілі, у жніўні пабывалі ў родных ажно ў Башкірыі. І канечне, не забываецца пра лес, які добра ведае і з якога сёлета нарыхтаваў шмат грыбоў усіх відаў. Вольны час праводзіць з карысцю для сябе і людзей.
Вольга Караленка