Вось і наступіла доўгачаканая пара з багаццем грыбоў, ягад і лекавых траў. Узброіўшыся кошыкамі, «ціхія паляўнічыя» з раніцы да вечара блукаюць па лясах. Аднак часта людзі забываюць пра элементарныя меры ўласнай бяспекі і губляюцца. Каб такое з вамі не здарылася, выконвайце простыя правілы. Галоўнае, не хадзіце ў лес па адным: гэта вельмі небяспечна. Паведаміце сваім родным (знаёмым) пра свой маршрут і аб часе вяртання.
Збіраючыся ў лес, абавязкова вазьміце з сабой самае неабходнае, а іменна компас, нож, запалкі, соль, невялікую харчовую пайку. Пажадана апрануць яркае адзенне: у выпадку пошукаў вас лягчэй будзе заўважыць.
Перш чым увайсці ў лес, высветліце, дзе знаходзяцца асноўныя арыенціры: дарогі, рэкі, ручаі, населеныя пункты, гэта дазволіць схематычна прадставіць межы мясцовасці, па якой будзеце хадзіць. Вызначце па компасе бок свету, каб ведаць, у якім накірунку трэба будзе вяртацца. Калі ў вас не аказалася компаса, то запомніце, з якога боку свеціць сонца, пры вяртанні яно павінна свяціць з іншага боку.
Калі вы заблудзілі, не паддавайцеся паніцы. Супакойцеся, зрабіце некалькі глыбокіх удыхаў, адпачніце некалькі хвілін. Пакуль адпачываеце, успомніце, дзе і як вы хадзілі, прыслухайцеся, ці не даносяцца якія-небудзь гукі. Ведайце, што ў цішыні (асабліва ў вячэрні час) чутнасць гукаў такая: рух аўтамашыны па шашы – 1-2 км.; рух аўтамашыны па грунтавой дарозе – 1 км.; стрэл – 2-4 км.; гутарка – 250 м.; гучны крык – 1-1,5 км. Але не спяшайцеся ісці на гук. Неабходна некалькі разоў праверыць яго накірунак. Гук лепш чутны на пагорках, калі сцішыцца вецер.
Калі вы выйшлі да ручая ці невялікай рэчкі – ідзіце ўніз па плыні, вада прывядзе вас да людзей. Знаходзячыся ў лесе, не бярыце ў рот незнаёмыя ягады і грыбы, яны могуць быць ядавітыя.
Запомніце! Вас будуць шукаць, але выратаванне шмат у чым залежыць ад вашых правільных паводзін у лесе.
А.АНДРОСАЎ,
першы намеснік начальніка РАУС.