У рэдакцыю звярнуўся наш чытач Ігар Ключонак, які расказаў пра праблему, што хвалюе жыхароў вёсак Салонец-1 і Салонец-2. Датычыцца яна якасці вады, якая паступае ў калонкі са свідравіны, размешчанай у другім прыгаданым населеным пункце. У ёй маюцца значныя адхіленні па мутнасці і ўтрыманні жалеза.
Вяскоўцам паведамілі, што будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Салонцы-2 не плануецца з-за малой колькасці жыхароў. Вядома ж, яны гэтым засмучаны, што і выказалі
нядаўна ў калектыўным звароце ў органы мясцовай улады, які падпісалі 23 чалавекі. “Нашай віны, што тут пражывае малая колькасць людзей, няма. Мы такія ж грамадзяне,
як і астатнія. Але чамусьці нас пазбаўляюць магчымасці на чыстую ваду”, – зазначаюць яны і просяць уключыць іх населены пункт у дзяржпраграму па будаўніцтве аб’ектаў водазабеспячэння.
Трэба зазначыць, што пад падобным зваротам могуць падпісацца вельмі многія вяскоўцы, бо перавышэнне ўтрымання жалеза ў вадзе – праблема пераважнай большасці населеных пунктаў раёна. І мы неаднаразова тлумачылі, што няма дастатковых сродкаў, каб паўсюдна ўзвесці адпаведныя збудаванні. Але расказвалі і пра перспектыўны вопыт будаўніцтва міні-станцый абезжалезвання, якія ўжо працуюць, у прыватнасці, у Лутаве Сяльцы і Мосары. Таму жыхары Салонца цікавяцца, ці могуць і яны ў будучым разлічваць на падобнае?
Ёсць у іх і яшчэ адно пытанне да кіраўніцтва водаканала. Як вядома, у 2019-м годзе пастановай Саўміна замацавана больш жорсткая адказнасць за якасць жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва. У прыватнасці, пры аплаце за ваду, якая не адпавядае санітарным нормам, карыстальнікі могуць зрабіць пераразлік на суму да 20 працэнтаў ад яе кошту. Але для гэтага спажыўцам штораз патрэбна звяртацца ў мясцовы ўчастак ці Полацкі філіял, выклікаць спецыялістаў лабараторыі, каб тыя ўзялі пробы вады. “Натуральна, што старэнькім вясковым бабулькам рабіць гэта праблематычна. І хіба можа кардынальна змяніцца сітуацыя, калі водаканальшчыкі ў нашым населеным пункце нічога на гэты конт не прадпрымаюць? Да таго ж, спецыялісты самі рэгулярна бяруць у нас кантрольныя замеры. Дык навошта прымушаць людзей штораз даказваць тое, што ў арганізацыі і без таго ведаюць, калі можна было б проста аўтаматычна накіроўваць звесткі ў разліковы цэнтр і налічаць усім жыхарам зніжаную аплату?”, – пытаецца І.Ключонак.
Даведачна: памер пераразліку за няякасную ваду будзе паэтапна павялічвацца: у 2024-м ён складзе 25 працэнтаў, а з 2025-га – 30. Зроблена такая градацыя, каб даць водаканалам час на мадэрнізацыю вытворчасці.
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.