Первенство по пулевой стрельбе на призы районного объединения профсоюзов прошло в тире Ушачской школы

Cпорт

Раённыя спаборніцтвы па кулявой стральбе прайшлі сёлета ў цікавай і напружанай барацьбе.

П.Варатынскі ўзнагароджвае Л.Больц

Дастаткова сказаць, што ўсе тры прызёры асабістага заліку сярод мужчын набралі па 46 ачкоў, і месцы размеркаваліся па колькасці выбітых “дзясятак”: бронза – у прадстаўніка райвыканкама Дзмітрыя Цімафеева, “срэбра” – у снайпера з Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Аляксея Грыневіча, а перамогу святкаваў лясгасавец Аляксандр Балабоўка. “У стральбе напрактыкаваўся падчас службы ў паветрана-дэсантных войсках. Увогуле лічу, што армія дае мужчынам шмат карысных навыкаў”, – падзяліўся з намі малады вадзіцель лесавоза. А вось прадстаўніца каманды РФСК Лізавета Больц, якая ўзяла “золата” ў жаночым заліку, страляць вучылася ў школе. Дзяўчына з гумарам прыгадала, як аднойчы тата павёў яе ў цір і быў вельмі здзіўлены, калі дачка выбіла ачкоў больш, чым ён сам. Ну а другое і трэцяе месцы заваявалі прызнаныя стралкі Анжаліка Хахлова з УП ЖКГ і Таццяна Ханяк з райвыканкама – зборная гэтай установы ў выніку і стала лепшай у камандным заліку, срэбра і бронза – у РФСК і лясгаса. Прызы для лепшых снайпераў падрыхтавала раённае аб’яднанне прафсаюзаў, а пераможцы атрымалі таксама падарунак ад “Белай Русі”.

“Упэўнены, ніхто з тых, хто прыйшоў сёння ў цір, пра гэта не пашкадаваў. Засмучае толькі слабая актыўнасць ушачан. Дарэчы, быў час, калі на падобныя турніры заяўлялася аж 35 каманд, у гэты ж раз іх аказалася толькі 6, яшчэ 3 арганізацыі выставілі ўдзельнікаў у асабістым заліку”, – зазначыў галоўны суддзя спаборніцтваў Пётр Варатынскі. Што ж, пачакаем адкрыцця новага сучаснага ціра, што размесціцца ў інтэрнаце для спартсменаў, – думаецца, аб’ект надасць новы імпульс развіццю гэтага віду спорту.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *