Животноводческий семинар по содержанию молодняка и соблюдению на фермах ветеринарно-санитарных норм прошел на базе КУСХП «Глыбочаны»

Сельское хозяйство

Утрыманне маладняку, прафілактыка захворванняў і ў тым ліку захаванне ветэрынарна-санітарных нормаў – такія пытанні разглядаліся на жывёлагадоўчым семінары, які прайшоў тыдзень таму на базе КУСГП “Глыбачаны”.

Пачаўся агляд з аб’екта, які не прамінаецца ні на адным падобным мерапрыемстве – прафілакторыя. У прыгаданай гаспадарцы ён не такі ўзорны, як на комплексах у Селішчы ці Ільюшыне – адзін рад клетак, прыбудаваны да сцяны кароўніка, аднак пакойчыкі для нованароджаных цялят нядаўна сталі больш прасторнымі. Такім чынам выканалі рэкамендацыі, узяўшы на ўзбраенне вопыт калег – убачыўшы на свае вочы падчас семінара ў “Ільюшынскім”. Канкрэтны прыклад карысці падобных практыкумаў. Дырэктар гаспадаркі Міхаіл Сяргеевіч Калбасаў заверыў, што па такім жа прынцыпе будуць ствараць дадатковыя месцы для малых, а таксама паказаў памяшканне, куды іх пераводзяць пасля. Бяспрывязнае ўтрыманне мае шэраг пераваг. І ладныя гадаванцы, падзеленыя на чатыры групы па ўзросце, пацвярджалі гэта: паважна ляжалі на свежым подсціле, выбіралі лепшае месца ля кармушкі ці гулялі па прасторным хляве, у дадатак да якога маецца і загон пад адкрытым небам.

Цяляты не баяцца нізкіх тэмператур, а вось ад скразнякоў і прастуды не застрахаваны. Таму літаральна на кожнай ферме, і не адзін раз, хутка пабываюць аэразольныя пушкі. Уласныя сярод гаспадарак маюць толькі “Сафійскія дары”, таму апарат для рассейвання супрацьвірусных прэпаратаў дастаўляецца з райветстанцыі, спецыялісты якой і расказвалі пра правілы ветэрынарна-санітарных нормаў і прафілактыку захворванняў. Прычым, як заўсёды, з рэаліямі гаспадарак.

– Сёлета з-за нізкага сцебластою складана нават з саламяным подсцілам, таму яго можна замяніць пілаваннем, якое без абмежаванняў бясплатна рэалізуе лясгас, з выдаткаў – толькі дастаўка, – падказаў адно з выйсцяў галоўны ветэрынарны ўрач раёна Мікалай Юр’евіч Вішнеўскі. – Магчыма самім зрабіць з яго выкарыстаннем і дэздыванкі на ўваходах, галоўнае, праводзіць шчыльную апрацоўку пры перыядычнай замене як іх, так і подсцілу.

Зэканоміць жывёлаводам цалкам верагодна і на выкананні зусім простых правілаў, як адсутнасць на фермах катоў і сабак, якія перадаюць шэраг хвароб, у тым ліку такіх цяжкіх у вылечванні, як лішай. Даказана, што хоць і патрабуе затрат працэдура адзінамомантнага запуску кароў, аднак яна ў 4-5 разоў танней лячэння мастытаў. Галоўнае – не сарваць працэс, выпадкова падаіўшы такую буронку. Таму, канечне, пажадана ставіць кароў у запуску асобна, як і хворых, якіх апаратамі дояць у бітоны.

Нагадалі ўдзельнікам семінара (кіраўнікам, галоўным заатэхнікам і ветурачам гаспадарак), як правільна правяраць якасць сянажных ям, пра шчыльную апрацоўку малочнага абсталявання, што ўплывае і на якасць прадукцыі, а адпаведна і прыбытак, а таксама аб аднаўленні санітарных дзён. Начальнік жа райсельгасхарча Юлія Міхайлаўна Ладнова пры падвядзенні вынікаў дала яшчэ адну карысную параду – менавіта ў гэты перыяд назапасіцца малодзівам. Яно самае якаснае ад кароў, якія толькі што вярнуліся з пашавага ўтрымання.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *