Тэрыторыя вакол Вялікадолецкай АСШ падобна на музей народнай творчасці на вольным паветры: у захапленні пераходзіш ад аднаго “экспанату” да другога і дзіву даешся: гэта колькі ж трэба фантазіі, каб стварыць такія чароўныя кампазіцыі літаральна з нічога. Аказваецца, старыя боты, калі іх пафарбаваць, ператвараюцца ў арыгінальныя вазоны для кветак, шэрыя камяні – у божых каровак, рэшткі гумавых пакрышак – у лебедзяў, а са старой міскі і кавалкаў арматуры можна змайстраваць сімпатычнага ката-кветкавода.
Характэрна, што такое добраўпарадкаванне амаль не патрабуе сродкаў, бо матэрыял для кампазіцый – палены дроў, рэчы, знойдзеныя школьнікамі падчас збору металалому, непатрэбны посуд і старое адзенне з камор і адрын.
Ідэі для чарговых вырабаў шукаюць, як кажуць, усёй грамадой: нешта ўзялі з часопісаў, мужычка-беларуса і яго памочніка-каня, што “аруць зямлю” на школьным агародзе, адна з настаўніц “падгледзела” падчас вандроўкі па вобласці, фігуру Гулівера, якая ўсталявана на ўваходзе, загадчык школьнай гаспадаркі Аляксандр Міхайлавіч Кісель перамаляваў з фотаздымка сваёй армейскай маладосці. Ён, дарэчы, а таксама рабочыя па абслугоўванні будынка У.А.Зімніцкі і М.Ф.Данілёнак і ёсць тыя чараўнікі, што ператвараюць звычайны школьны двор у царства казачных мініяцюр. Аляксандр Міхайлавіч мае навыкі зваршчыка, таму ўсе металічныя канструкцыі – справа яго ўмелых рук, Уладзімір Анатольевіч “адказвае” за драўляныя вырабы, бо раней працаваў лесніком. Прыклалі руку да стварэння кампазіцый настаўнікі М.У.Аніскевіч, А.В.Рудкоўскі, В.М.Шышоў, увесь педагагічны калектыў на чале з дырэктарам Рымай Леанідаўнай Аніскевіч, якая, як сцвярджаюць калегі, і з’яўляецца галоўным натхняльнікам гэтай справы.
Ну і, вядома, тыя, для каго усё гэта робіцца – дзеці – таксама не стаяць у баку. На ўроках працы, падчас лагернай змены і нават у вольны час яны прыбіраюць свой утульны школьны двор, расфарбоўваюць канструкцыі, даглядаюць за кветкамі. Дарэчы, аб тым, як вучні шчыра “хварэюць” за гэтую справу, сведчыць кур’ёзны эпізод, аб якім расказала настаўніца Тамара Сямёнаўна Тухто:
– Днямі прыбеглі да мяне хлапчукі, такія ўзрушаныя, абураныя – там, кажуць, сабака паваліў нашага рыбака! Ёсць на школьным двары маленькая сажалка, ля якой сядзіць драўляны рыбачок. Відаць, мясцовы сабака прыняў яго за сапраўднага, бо рашыў завесці з ім знаёмства і, абураны раўнадушшам “дзядзькі з вудай”, доўга на яго брахаў, а потым палез у бойку. Вучні хутка навялі парадак у гэтым куточку двара. Ведаеце, вельмі прыемна, што нікога не трэба прымушаць – кожны разумее, што чысціня і парадак ствараюць добры настрой, а месца, дзе вучышся і працуеш, павінна быць утульным.
Н.БАГДАНОВІЧ.