Ніна Спірыдовіч прывівае любоў да беларускай мовы

Общество

Гутарку з Н.К.Спірыдовіч нечакана для сябе пачала па-беларуску. Не толькі таму, што мая суразмоўца, педагог з 36-гадовым стажам, выкладае ў Вялікадолецкай школе родную мову, літаратуру, – натхнілі і партрэты пісьменнікаў-землякоў, развешаныя па класе, і мілагучнае “Заходзьце, калі ласка” з вуснаў Ніны Канстанцінаўны.

Пра настаўніцтва ўраджэнка пасёлка Мірны марыла з дзяцінства. Бывала, рассаджвала брата-блізнюка, яго сяброў за імправізаваныя парты і штосьці з захапленнем чытала, расказвала. Калі ж сама вучылася ў Маладолецкай школе, асабліва любіла беларускую і нямецкую мовы. Падчас жа выбару прафесіі аддала перавагу першай. Дарэчы, пасадзейнічала гэтаму і дырэктар Валянціна Філіпаўна Ціханёнак, якая запісала дзяўчыну ў “Школу будучага настаўніка”, што працавала ў той час на базе Віцебскага педінстытута, і на ўласным аўто вазіла на заняткі. Падрыхтоўка дала плён – наша гераіня стала адзінай з дзяўчат-аднакласніц, каму адразу пакарылася ВНУ.

Праўда, заканчвала яе Ніна Канстанцінаўна ўжо завочна: пасля першага курса выйшла замуж, перабралася ў Казімірова, дзе маладой сям’і далі дом, не прымусіў сябе чакаць і дэкрэтны адпачынак. Але ўжо праз год, заручыўшыся падтрымкай маці, якая заставалася з унучкай, выйшла на працу ў родную школу. Выкладала не толькі беларускую, але і рускую мову, літаратуру, іншыя прадметы. Як зараз успамінае, давялося нават геаграфію, з якой былі “нацягнутыя” адносіны, асвоіць: па начах штудзіравала падручнік, а днём вучыла дзяцей. Апрабавала сябе і ў якасці рэжысёра: па творах беларускіх аўтараў ставілі са школьнікамі міні-пастаноўкі, развучвалі народныя танцы. Прычым, нават хлопцаў, якія звычайна адмаўляюцца, далучыць атрымоўвалася. Як і зацікавіць усіх краязнаўчай работай.

Маючы на руках вышыванкі свекрыві Марыі Антонаўны і іншыя рэчы землякоў, Н.К.Спірыдовіч марыла пра стварэнне ў школе “Беларускай хаткі”. Пасля ўрокаў з дзецьмі хадзіла па вёсках – і людзі з радасцю дзяліліся рэчамі продкаў: ручнікамі, прасамі, дзежамі… Пасля ж закрыцця Маладолецкай школы такі скарб Ніна Канстанцінаўна перавезла ў Вялікадолецкую, дзе ў 2008-м узяла на сябе ўсю музейную работу.

Сапраўды, у калектыве педагогаў-аднадумцаў многае за гэты час дапоўнена, удасканалена – упэўнена: нават самы незацікаўлены гісторыяй наведвальнік выйсці адсюль такім ужо не зможа. Тут і фотаздымкі школы ў розныя часы, і рарытэтныя альбомы выпускнікоў 60-х гадоў з іх дзіцячымі малюнкамі, сачыненнямі, пажаданнямі. Многае зроблена ў зале беларускіх творцаў: за спонсарскія сродкі набыты якасныя стэнды, паліцы. Пастаянна “прырастаюць” пляцоўкі па тэме Вялікай Айчыннай вайны, генацыду. Дарэчы, дапамагае ў гэтым актыўны ўдзел Ніны Канстанцінаўны, яе вучняў у даследчых конкурсах, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Так, напрыклад, для збору інфармацыі пра Героя Савецкага Саюза А.Ф.Данукалава доўга перапісваліся з яго нашчадкамі. Пры вывучэнні пуцілкавіцкага краю, тутэйшых курганоў праглядалі не толькі інтэрнэт-рэсурсы, літаратуру раённай бібліятэкі, але і польскае выданне, якое падказаў брат Н.К.Спірыдовіч, акадэмік Генадзь Пятровіч Броўка. Атрымалася раздабыць і метрычную кнігу зямель пана Грабоўскага, іншыя ўнікальныя матэрыялы.

Сапраўдны гонар педагога, ды і ўсёй школы – прыгаданая вышэй “Беларуская хатка”, пад якую цяпер адведзена дзве пляцоўкі: імправізаваныя сенцы і непасрэдна жытло нашых продкаў. Аздобіць іх дапамагалі жыхары Вялікадалеччыны. Ведаючы зацікаўленасць Ніны Канстанцінаўны, пры атрыманні старых дамоў у спадчыну ці зносе трухлявых прапаноўвалі ёй кросны, пралкі ці нават звычайнае карыта. Высока ацаніў экспазіцыю і наш дэпутат, старшыня Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка. Наведваючы Вялікадолецкую СШ, Уладзімір Паўлавіч паказаў клас у распазнаванні побытавых рэчаў даўніны, расказаў, што падобны калаўрот быў і ў яго родных.

Прыемна здзіўляе і аўдыторыя на другім паверсе, у якой “гаспадарыць” Н.К.Спірыдовіч. Акрамя камп’ютараў з нядаўняга часу разнастаіць урокі беларускай мовы і літаратуры дапамагае вялізная тэлеўстаноўка, набытая за спонсарскія сродкі. Цэлая сцяна адведзена пад дэманстрацыю дасягненняў школьнікаў, праўда, умяшчае яна толькі малую іх частку. “У 2016 годзе максімальныя сто балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па маім прадмеце заняла Надзея Салавей, – з гонарам расказвае педагог. – Сапраўднай зорачкай была Ларыса Правада, якая штогод перамагала ў алімпіядах. Цяпер у ліку такіх – Аляксандр Раманоўскі і Дамініка Лапіцкая, паспяхова ўдзельнічае ў конкурсах Лізавета Клачок. Упэўнена: калі адказна рыхтавацца, з кожнага будзе толк. На ЦТ па беларускай мове, напрыклад, усе мае выхаванцы набіралі ў сярэднім па 70-80 працэнтаў”.

Зацікавіць дзяцей беларускай культурай дапамагаюць і шматлікія экскурсійныя паездкі, якія наладжвае Н.К.Спірыдовіч. Аб’ехалі, напэўна, усе музеі Віцебшчыны, бывалі ў Міры, Нясвіжы, Мінску. Зноў жа з дапамогай спонсара – КУСГП “Вялікадолецкае” – наведалі радзіму Янкі Купалы Вязынку. “Аднойчы, калі мая малодшая дачка Паліна трапіла ў лагер “Зубраня”, ёй прапанавалі паўдзельнічаць у нейкай паездцы. Дык яна адмовілася, маўляў, усюды ўжо пабывала”, – з усмешкай прыгадвае жанчына.

Родная мова гучыць не толькі на ўроках Ніны Канстанцінаўны – яе наша гераіня выкарыстоўвае і ў зносінах з блізкімі. Калі ў госці з Наваполацка прыязджае старэйшы ўнук Федзя (яго маці Таццяна, дарэчы, пайшла па слядах Н.К.Спірыдовіч і таксама працуе настаўнікам), наладжваюць спаборніцтва – хто даўжэй пратрымаецца без рускай. Прыгожым беларускім словам просіць навучыць бабулю малодшы Мацвей. Ну а муж Генадзь, які любіць пачытаць, ахвотна бярэцца за айчынных аўтараў.

Сваім вучням вопытны педагог не навязвае вывучэнне роднай мовы – імкнецца прывіць цікавасць да яе. Зрэшты, гэта ў яе атрымліваецца. Нездарма ў 2017-м Ніна Канстанцінаўна адзначана ў адной з намінацый конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, а па выніках мінулага яе прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *